Як дзяржава «адціскала» бізнес у інвестараў

Пасля ператрусаў і крымінальнай справы «Белгазпрамбанк» працягвае працаваць у Беларусі. Але яго ўзначаліў чалавек Лукашэнкі — Надзея Ермакова. 

spartak_1.jpg

«Св*абода» прыгадала гісторыі, калі інвестары сталі не даспадобы, а бізнес перайшоў да дзяржавы.

Што цяпер з «Белгазпрамбанкам»

Справа былога кіраўніка банку і былога кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі хутка паступіць у суд. Абарона віны не прызнае. Банк працягвае працаваць, юрыдычна ягоным акцыянерам застаецца расійскі «Газпром». Але фактычна банк узначаліла блізкая да Лукашэнкі чыноўніца Надзея Ермакова. І гэта не адзіная падобная гісторыя ў сучаснай Беларусі.

Як «Керамін» стаў дзяржаўным

Прадпрыемства «Керамін» звязваюць з бізнесоўцам Анатолем Цюцюнавым. Завод пачаў развівацца яшчэ ў 1994 годзе пасля ільготнай прыватызацыі. Большасць акцый тады атрымалі дырэктарат і працаўнікі заводу.
Пад кіраўніцтвам Анатоля Цюцюнава «Керамін» стаў буйным вытворцам кафлі ў СНД, прайшоў мадэрнізацыю, прыцягнуў інвестыцыі і новыя тэхналогіі.
Праблемы пачаліся ў 2011 годзе, калі дзяржава рэзка вырашыла павялічыць сваю долю акцый у прадпрыемстве — з 3% да 57%. Анатоль Цюцюнаў у 2011 годзе пакінуў пост кіраўніка прадпрыемства, гэтую падзею ён не надта каментаваў. А перад ягоным сыходам на прадпрыемства прыйшлі адразу некалькі праверак, якія выявілі «шэраг парушэнняў». Ужо ў сярэдзіне 2014 году Лукашэнка загадаў «узяць „Керамін“ пад кантроль дзяржавы і павялічыць долю акцый да 80%».

«Млын моды» Сашы Варламава

Сумесны праект БДУ і мадэльнага агенцтва Сашы Варламава пачаў рэалізоўвацца з 2001 году. Праект, па словах самога Сашы Варламава, не быў фінансава паспяховы, але быў статусны, да ўдзелу ў ім імкнуліся многія мадэлі і дызайнеры.
Паказы беларускіх дызайнераў праходзілі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. У 2011 годзе Сашу Варламава арыштавалі і абвінавацілі ў нясплаце падаткаў, перавышэнні службовых паўнамоцтваў, прысваенні грошай. Да 2013 году мадэльер знаходзіўся за кратамі, яму прысудзілі 5 гадоў зняволення без накіравання ў папраўчую ўстанову. «Млын моды» пачаў праходзіць пад эгідай Міністэрства адукацыі.

Дзве шакаладныя фабрыкі

Бізнесовец Марат Новікаў прыйшоў на «Спартак» у 1993 годзе, з 1994 году дзяржава прапанавала набываць акцыі прадпрыемства. Пазней Марат Новікаў стаў акцыянерам «Камунаркі». Да 2012 году «Камунарка» атрымала шэраг узнагародаў і была прызнаная ў Беларусі кандытарскай фабрыкай нумар адзін. 34% акцый на «Камунарцы» і 54% на «Спартаку» да 2012 году меў амерыканскі інвестар Марат Новікаў.
У 2012 годзе Лукашэнка абвінаваціў інвестараў у незаконнай прыватызацыі фабрыкі, назваў Марата Новікава «жулікам» і загадаў узяць фабрыкі пад дзяржаўны кантроль. Улады разагналі назіральную раду і прызначылі сваіх кіраўнікоў. Фабрыкі нацыяналізавалі, а інвестар Марат Новікаў вымушаны быў зьехаць у Нью-Ёрк.

Забралі калгас за «даўгі і малыя надоі»

У 2009 годзе расійскі інвестар Міхаіл Канін вырашыў укласціся ў беларускую сельскую гаспадарку. Ён выкупіў аграфірму «Петкавічы» на мяжы раёнаў каля Берасьцейскай трасы. 2,5 тысячы гектараў зямлі, выраб малака — гэта падавалася някепскім укладаннем. З 2010 году пачаліся праблемы з мясцовымі ўладамі, тыя патрабавалі пагасіць даўгі, якія гаспадарка мела яшчэ да прыходу інвестара.
Частку даўгоў пагасілі, але некаторыя не маглі аддаць, бо тых фірмаў, каму фірма завінавацілася, ужо не існавала. Пасля ўлады дачапіліся да паказчыкаў: захавалі не ўсе працоўныя месцы, не растуць надоі, не выканалі паказчык прыросту валавой прадукцыі (было толькі 107%, а трэба 115%). У выніку па рашэнні суду калгас у інвестараў забралі ў 2012 годзе.