Якое там беспрацоўе?

Улады гатовыя адмаўляцца нават ад бачнасці рынкавага сацыялізму. Прэм’ер Міхаіл Мясніковіч у інтэрв’ю праграме «Малюнак свету» на тэлеканале «РТР-Беларусь» заявіў, што Беларусі патрэбна беспрацоўе.



ea0d24ba6f72cac9e0398adf2f2c149d.jpg

Беспрацоўе па Мясніковічу

Разважаючы над пытаннем пра адказнасць кадраў, кіраўнік беларускага ўрада адзначыў: «Мы шмат гаворым аб адказнасці дырэктара, галоўнага канструктара — гэта ўсё зразумела. Але калі сотнямі з прадпрыемства звальняюцца за парушэнне працоўнай і вытворчай дысцыпліны і потым пераходзяць на другі бок вуліцы і ўладкоўваюцца на новае прадпрыемства — так быць не можа. Павінен быць рынак працы. Калі той жа рабочы не будзе адчуваць дыхання ў патыліцу — ён абавязкова будзе працаваць дрэнна. Або не заўсёды якасна».

Адказваючы на пытанне вядучага праграмы Юрыя Казіяткі, ці патрэбна беспрацоўе, Мясніковіч заявіў: «Патрэбна». 3–4%, па яго словах, гэта нармальна. «Калі мы гаворым аб рынкавых адносінах, то павінен быць рынак працы. І наймальнік на рынку працы мае права выбіраць лепшых», — канстатаваў прэм’ер-міністр.

Ён мае рацыю

У прынцыпе, беларускі прэм’ер мае рацыю, проста выказаўся ён не так. Ён павінен быў сказаць не тое, што Беларусі «патрэбна беспрацоўе» на ўзроўні 3–4%, а тое, што ў нармальных умовах беспрацоўе складае 3–4% ад эканамічна занятага насельніцтва.

Узровень беспрацоўя характарызуе бягучы стан эканомікі краіны. Паводле сучасных уяўленняў эканамістаў, узровень беспрацоўя ў 4–5% лічыцца нормай. Нізкае беспрацоўе (2–4%) сведчыць аб перыядзе ўздыму, высокае (7% і вышэй) кажа аб спадзе.

Сапраўды, узровень беспрацоўя на ўзроўні 4–5% дазваляе забяспечыць канкурэнцыю на рынку працы. Да таго ж, гэта своеасаблівы люфт для развіцця новых інавацыйных прадпрыемстваў — з гэтай колькасці беспрацоўных заўсёды можна навучыць людзей новай спецыяльнасці і новай працы. Ну і, канешне, такі ўзровень беспрацоўя дазваляе замяніць натуральную страту працоўнай сілы, калі людзі выходзяць на пенсію.

Такое, якое ёсць

Паводле афіцыйных дадзеных, беларускае беспрацоўе — адно з самых нізкіх у свеце. Можа, за выключэннем Паўночнай Карэі, дзе афіцыйна працуе 101% насельніцтва. Нашае беспрацоўе складае 0,5% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Але афіцыйныя падлікі — гэта прапаганда. 0,5% — гэта тыя людзі, якія стаяць на ўліку ў цэнтрах занятасці. Былы міністр працы Беларусі Аляксандр Сасноў нездарма называе гэты паказчык паказчыкам не беспрацоўя, а яўкі беспрацоўных на ўчасткі для рэгістрацыі.

Сама сістэма дапамогі па беспрацоўі ў Беларусі пабудавана такім чынам, каб паказчык тых, хто з’явіўся на рэгістрацыю, быў мінімальным. Я нават здзіўляюся, што такія ўвогуле ёсць, а не «прызначаюцца афіцыйна беспрацоўнымі зверху», каб даць працу Мінпрацы і сацыяльнай абароны. Выгодаў ад рэгістрацыі беспрацоўным значна менш, чым гэта павінна быць.

Усё, што можна атрымаць, зарэгістраваўшыся беспрацоўным, — гэта дапамогу па перакваліфікацыі. Якасць гэтай перакваліфікацыі, канешне, залежыць ад самога кваліфікуемага. А перашкодаў рэгістрацыі значна больш.

Найперш, дапамога па беспрацоўі ў Беларусі складае 13–14 долараў на месяц. Сярэдні памер штомесячнай дапамогі па беспрацоўі ў Польшчы — прыблізна 170 долараў. Літоўскі беспрацоўны атрымлівае 135 долараў. Украінская дапамога па беспрацоўі дыферэнцаваная: першыя 9 месяцаў беспрацоўны атрымлівае каля 140 долараў у месяц, пасля чаго памер дапамогі пачынае скарачацца, але застаецца не ніжэй за 70% ад агульнай сумы. Максімальная дапамога ў Расіі таксама складае каля 140 долараў у месяц.

Да таго ж, нідзе ў суседзяў няма сістэмы «адпрацоўкі беспрацоўя». У нас жа органы беспрацоўя могуць не прызначыць дапамогу, і для яе атрымання чалавек павінен пэўную колькасць дзён адпрацаваць на грамадскіх працах.

Усё гэта дазваляе трымаць беспрацоўных як мага далей ад афіцыйных пунктаў занятасці.

Вітаем у рэальнасці

Што тычыцца рэальнага памеру беспрацоўя ў Беларусі, то гэтая лічба, па падліках экспертаў, складае ад 20 да 25% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Па дадзеных таго ж Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2013 годзе ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь было занята 4 мільёны 517,8 тысяч чалавек, і налічвалася толькі 20,9 тысяч беспрацоўных. Але…

Па падліках незалежных эканамістаў, ад 600 тысяч да мільёна беларусаў стала альбо сезонна працуюць за мяжой, пераважна — у Расіі. Гэтаму спрыяюць значна большыя расійскія заробкі, адзіная працоўная прастора, бязмытны ўезд і адсутнасць моўнай праблемы. Як правіла, тыя, хто ездзіць туды на сезон (напрыклад, будаўнікі), на працу ў Беларусі не ўладкоўваюцца, чакаючы новага выкліку ад вярбоўшчыкаў.

Па тых жа падліках, 200–300 тысяч чалавек працуюць у шэрай зоне эканомікі, афіцыйна не ўладкоўваючыся на працу. Сам Міхаіл Мясніковіч улетку 2013 года прыводзіў яшчэ большую лічбу, налічыўшы ў Беларусі 400 тысяч чалавек, якія нідзе не вучацца і не працуюць, — тады, калі прапаноўваў браць падатак з гультаёў.

Такім чынам, па самых песімістычных падліках, фактычнае беспрацоўе можа сягаць паўтара мільёна чалавек, альбо 30% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Падмена паняццяў

Насамрэч, беларускае беспрацоўе — гэта такая ж падмена паняццяў, як «энергетычны крызіс» перыяду нафтагазавых войнаў з Расіяй. Ужо тады некаторыя эканамісты прасілі не блытаць паняцці, бо ў Беларусі не было праблемаў з газам ці нафтай — была праблема з плацяжамі за гэты газ і нафту. А гэта ўжо — праблема іншага парадку.

Тое ж самае і з беспрацоўем. Як такой праблемы з ім у нас не існуе. У нас ёсць праблема справядлівага заробку за зробленую працу. Каб у нас заробак будаўнікоў, кіроўцаў аўтобусаў альбо медыкаў быў на ўзроўні хаця б расійскага — ніхто б і не падумаў з’язджаць працаваць у суседнюю краіну. Але для гэтага трэба, каб эканоміка працавала не ў ручным рэжыме.

Для таго, каб людзі сышлі з шэрай зоны эканомікі, павінны быць простыя падатковыя і кантрольныя правілы, павінна быць разняволеная прыватная ініцыятыва. Гэтага мы за 20 гадоў не дамагліся, нягледзячы на ўсе праграмы па развіцці прадпрымальніцтва.

Карацей, праблема беспрацоўя палягае не ў самім беспрацоўі як такім. Яна палягае ў параўнальна нізкіх заробках і немагчымасці рэалізавацца ў Беларусі. А гэта ўжо — структурныя праблемы беларускай эканомікі, якія сённяшнім урадам не вырашаюцца.