Камунальнікі Мінска гатовыя даць цяпло. Калі ўключаць ацяпленне?

Сёлета камунальныя службы ў Мінску былі гатовыя да ацяпляльнага сезона ўжо да 1 верасня, а не да 1 кастрычніка, як у папярэднія гады.

original_3_.jpg


«Такое рашэнне было прынята зыходзячы з практыкі апошніх гадоў, калі ацяпляльны сезон у сталіцы стартаваў рана, часам нават у верасні. Цяпер пашпарты гатоўнасці атрыманыя, усе падрыхтоўчыя работы выкананыя, сістэмы ацяплення запоўненыя сеткавай вадой, распрацаваны графікі падачы цяпла ў аб’екты. Яны складзеныя з улікам таго, што падключыць усіх спажыўцоў неабходна, як і летась, у трохдзённы тэрмін, а не ў пяцідзённы, як гэта было ў папярэднія гады», — цытуе REFORM.by намесніка старшыні Мінгарвыканкама Аляксандра Дараховіча.

Ацяпленне ўключаць у адпаведнасці з усталяванымі правіламі: у школах, дзіцячых садках, санаторыях, бальніцах і г. д. пры сярэднясутачнай тэмпературы на працягу пяці сутак плюс 10 градусаў Цэльсія і ніжэй.

У жылыя дамы, інтэрнаты, установы адукацыі (за выключэннем садкоў і школ), тэатры, лазні цяпло пачынаюць падаваць пры сярэднясутачнай тэмпературы напрацягу пяці сутак плюс 8 градусаў Цэльсія і ніжэй.

У грамадскіх і адміністрацыйных будынках, прамысловых і іншых арганізацыях батарэі цяплеюць пазней за ўсё, дата запуску ацяплення там вызначаецца па ўзгадненні з энергазабеспячальнай арганізацыяй пасля падачы цяпла ў жылыя дамы.