Казкі беларускай эканомікі

«Ох, ужо гэтыя казкі! Ох, ужо гэтыя казачнікі» — казаў герой аднаго прыгожага савецкага пластылінавага мультфільму. Гэтая фраза ўзгадваецца заўсёды, калі з вуснаў нашых чыноўнікаў льецца мёд пра поспехі нашай эканамічнай сістэмы.

На гэтым тыдні славеснымі інтэрвенцыямі займаўся прэм’ер міністр краіны Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў на пасяджэнні Саўміна, «у цэлым вынікі працы за мінулы перыяд сведчаць пра якасны рост эканомікі».
Што ж Галоўчанка лічыць якасным ростам? Напрыклад, тое, што тэмп росту ВУП за паўгода склаў 103,3%. Але пры гэтым Галоўчанка нічога не сказаў ані пра «эфект нізкай базы», ані пра тое, што за ліпень ВУП склаў усё тыя ж 103,3%. То-бок, у ліпені ВУП вырас роўненька на нуль працэнтаў.

Прэм'ер адзначыў рост рэальных наяўных даходаў насельніцтва ў студзені-траўні на 3,5%. Прырост заробкаў склаў 5,6% у рэальным выражэнні. У чэрвені, па яго словах, намінальны налічаны заробак перавысіў 1400 рублёў.

Тут адразу некалькі «але». Па-першае, узровень гадавой інфляцыі ў першым паўгоддзі склаў 9,9%, што аўтаматычна з’ела (і нават перавысіла) узровень павышэння заробкаў. То-бок, насамрэч людзі збяднелі, а не пабагацелі. Па-другое, калі ад намінальнага заробку ў 1400 рублёў адняць мінімальныя 13% падатку, атрымаецца 1218 рублёў. І калі перавесці гэтую суму ў долары з разліку сярэдняга курсу ў 2,5, будзе $487, што не дацягвае да запаветнай планкі «па пяцьсот». І трэцяе, нам абвясцілі, што ў жніўні таксама чакаецца павышэнне заробкаў, але сродкі на гэтае павышэнне (206,53 млн рублёў) выдаткоўваюцца з… рэзервовага фонду прэзідэнта!

Рэзервовы фонд прэзідэнта — гэта той самы фонд, пра які Лукашэнка казаў, што ён будзе выкарыстаны ў асабліва надзвычайнай сітуацыі, калі ўжо будзе «край». Калі Лукашэнка пачаў залазіць у сваю кубышку — вы разумееце, наколькі ўсё кепска.

Але вернемся да Галоўчанкі. Ён сказаў, што «выкананы чатыры з шасці паказчыкаў працы ўрада і Нацбанка». Папляскаем яму ў ладкі, але не прагучала, што гэта за паказчыкі. Калі гэта дэфіцыт бюджэту, які перапісваецца ў бок павелічэння ці не штомесяц — дык гэта сумны паказчык.

Ну, а пра тое, што не дапушчана росту беспрацоўя, што знешнегандлёвае сальда за паўгода засталося станоўчым, і што ў «прагнозных параметрах захаваныя золатавалютныя рэзервы», — дык пра гэта ўсё можна сказаць толькі адно: «Пакуль». «Пакуль» ёсць сальда, «пакуль» ёсць ЗВР, бо першы санкцыйны пакет ЗША пачаў дзейнічаць толькі ў траўні, а сектаральныя санкцыі ЕС — дык і ўвогуле яшчэ не пачыналі, бо абмежаванні не тычацца дзейсных кантрактаў, якія заключаюцца, як правіла, на год. Так што тут трэба глядзець, з чым мы прыйдзем да лістапада-снежня, якія — усяго праз 100 дзён.

І ва ўрадзе нешта такое разумеюць: бо калі з «няпоўнымі» санкцыямі ў нас нулявы рост ВУП, то што будзе далей? І таму ў панядзелак Мытны камітэт закрыў статыстыку па знешнім гандлі, а за ім і Белстат не стаў публікаваць даныя аб экспарце калійных угнаенняў, металаў і нафтапрадуктаў. Каб не было бачна, тое, як «санкцыі не працуюць».

І падаецца мне, што разгром адзінай недзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, што адбыўся на тыдні — з той жа серыі. 18 жніўня ў журналістаў і супрацоўнікаў кампаніі прайшлі ператрусы, былы дырэктар Дзмітрый Наыважылаў, дырэктарка і рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына і бухгалтарка Кацярына Боева змешчаны ў ІЧУ. Следчы камітэт, як заўсёды, кажа пра «масавыя беспарадкі», спалучаныя з нясплатай падаткаў.

Варта зазначыць, што для БелаПАНа гэта ўжо другі ператрус з пачатку года (папярэдні адбыўся 14 студзеня). Таксама сілавікі «трэслі» БелаПАН, абвінавачваючы ў нясплаце падаткаў, у 2018 годзе. Але ўсе папярэднія справы і папярэднія вобшукі не скончыліся судом. А паколькі ўсё, што можна выняць, вынята ўжо папярэднімі следчымі, логіка падзей тут адна — «зачысціць» інфармацыйнае поле ад аднаго з самых уплывовых і аўтарытэтных медыя ў Беларусі. І відавочна, што гэта робіцца, каб людзі не дазналіся пра сапраўднае становішча ў краіне.

Спробай «зачысціць» незалежную інфармацыйную прастору да стану «выпаленай зямлі» ўлады, шчыра кажучы, робяць горш толькі сабе. Па-першае, гэта ўсё роўна не атрымаецца: гэта марны занятак у час інтэрнэту, калі палова кампаній працуе з-за мяжы, а шмат экспертаў і аналітыкаў проста недасяжныя для беларускіх сілавікоў. Той жа эканаміст Сяргей Чалы наўпрост вядзе свае перадачы з Адэсы. Па-другое, ціск на журналісцкую супольнасць, найбольш прафесійна салідарную ва ўсім свеце, выклікае адпаведнае процідзеянне. Напрыклад, не паспелі ўлады крануць БелаПАН, як The Washington Post у рэдакцыйным артыкуле заклікала адміністрацыю Джо Байдэна прыпыніць вылучэнне сродкаў Міжнароднага валютнага фонду для Беларусі. А МВФ плануе даць Сінявокай $1 мільярд. Прычым, бязвыплатна, то-бок задарма.

І марна спадзявацца, што народ не даведаецца пра праблемы нават без БелаПАНу. Вось, напрыклад, «Абсалютбанк», які трапіў пад штатаўскія санкцыі, наўпрост паведаміў кліентам, што не ажыццяўляе пераводы грашовых сродкаў (у тым ліку без адкрыцця рахунку) у замежнай валюце, за выключэннем пераводаў у расійскіх рублях і пераводаў на рахункі ў банках-рэзідэнтах. Акрамя таго, спыненыя выдача і абслугоўванне банкаўскіх плацежных картак міжнароднай плацежнай сістэмы «VISA», і не ажыццяўляюцца адпраўка і выдача пераводаў у міжнароднай сістэме «Western Union».

Няўжо нехта думае, што гэтыя звесткі не разнясуцца потым па «сарафанным радыё»?

Дарэчы, гэта прыклад таго, што здарыцца, калі ў Беларусі раптам адключаць сістэму міжнародных пераводаў SWIFT. Адмыслоўцы называюць такі крок «ядзернай бомбай для эканомікі». І падаецца, нашыя ўлады дамагліся таго, што нават гэтую бомбу гатовыя ўзарваць. Прынамсі, так лічыць прэзідэнт Літоўскай прамысловай канфедэрацыі Відмантас Янулявічус. Па яго меркаванні, пасля ўвядзення санкцый Еўрасаюза прадпрыемствам энергетыкі, прамысловасці, вытворчасці ўгнаенняў, наступным крокам будзе банкаўская сістэма. «І тады будзе ўсё роўна, што і як, калі не зможаш разлічыцца», — дадаў ён.

Так што будзе горш. Моцна горш будзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: