Кітайцы баяцца абвалу беларускай эканомікі?

У 2020 годзе Кітай у 4 разы скараціў прамыя інвестыцыі ў Беларусь. Да мінулага года яны і так былі невялікія, а цяпер сталі проста мізэрнымі.

defolt_obligacii.png


На 2020 год улады ставілі планку — прыцягнуць не менш 1,7 млрд долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове — гэта ўкладанні без уліку пазыковых інструментаў і за вылікам адтоку інвестыцый з краіны, пішуць banki24.by.

Задача па зборы 1,7 млрд USD у 2020 годзе правалілася. Нават разам з продажам аб’ектаў нерухомасці і падаткамі ад інвестараў ўдалося сабраць толькі 1,415 млрд долараў. Асноўная частка гэтых інвестыцый была забяспечана рэінвеставаннем — гэта значыць тым, што замежнікі проста пакінулі грошы ўнутры Беларусі ў 1 квартале. У 2 і 3 кварталах інвестыцыі сыходзілі з краіны, а затым у 4 квартале адзначаўся невялікі прыток.

У геаграфічным разрэзе прамыя замежныя інвестыцыі маюць наступную структуру. За 2020 год 307,3 млн долараў дала Расія. Астатняе СНД можна нават не разглядаць: доля РФ у суме па СНД склала 93,5%. Можна сказаць, што ва ўсіх былых сяброў па СССР (акрамя расійцаў) вялікая цікавасць да беларускіх актываў адсутнічае.

Беларускія ўлады любяць хваліцца стратэгічным партнёрствам з Кітаем. Праўда, самі кітайцы разумеюць гэтае партнёрства спецыфічна — на сваю карысць.

За 2020 год КНР выйшла на другое месца пасля Расіі па памеры адмоўнага сальда знешняга гандлю. Калі ў гандлі з РФ негатыўнае таварнае сальда склала 3,3 млрд долараў, то з Кітаем — 3 млрд долараў. Пры гэтым экспартныя і імпартныя патокі з кітайцамі значна больш перакошаныя, чым з расійцамі. За 2020-ы беларускі экспарт РФ пакрыў імпарт з гэтай краіны на 80,1%, а экспарт у КНР — толькі на 20%.

Кітайцы не вельмі жадаюць сур’ёзна ўкладвацца ў Беларусь, аддаючы перавагу развітым краінам Еўропы. Кітайскія грошы ў асноўным прадстаўлены звязанымі крэдытамі і бязвыплатнай (тэхнічнай) дапамогай. Такі падыход КНР рэалізуе і ў краінах Афрыкі.

Прамыя інвестыцыі з Кітая на чыстай аснове за 2020 год склалі ўсяго 23,2% ад укладанняў за 2019-ты — 23,7 супраць 101,6 млн долараў. Інвестыцыі з КНР у 2020-м апусціліся на шматгадовы мінімум. За мінулы год значна праселі ўкладанні замежнікаў у Смалявіцкі раён Мінскай вобласці, дзе размешчаны індустрыяльны парк «Вялікі камень».

У 2020 годзе беларуская эканоміка ўступіла ў чарговую крызісную паласу свайго існавання. Яшчэ да гэтага суверэнны рэйтынг дэфолту Беларусі па шкалах Fitch і S&P дасягаў толькі адзнакі «В» (на ўзроўні з Украінай, дзе ідзе вайна). У большасці суседзяў Беларусі па рэгіёне і кантыненце суверэнныя рэйтынгі значна вышэйшыя.

У крызіс любыя інвестыцыі (не толькі кітайскія) шукаюць ціхія гавані. Мабыць, па суб'ектыўнай ацэнцы кітайскіх і іншых інвестараў Беларусь да такіх гаваняў не адносіцца.