Лесу шмат, але чаму драўніны не хапае?

Прыватныя дрэваапрацоўшчыкі скардзяцца на дэфіцыт сыравіны. І гэта пры тым, што высечка лесу па краіне павялічваецца, а апошнім часам на фоне барацьбы з караедам увогуле стала рэкорднай.

Высечка лесу на месцы будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне. Фота Радыё Свабода

Высечка лесу на месцы будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне. Фота Радыё Свабода

Беларусь — адна з самых багатых лесам краін Еўропы. Ім пакрыта 40 працэнтаў тэрыторыі, у той час як агульны запас драўніны на корані ацэньваецца ў 1,8 мільярда кубічных метраў, ці прыблізна па 190 кубаметраў лесу на кожнага беларуса. Гэты рэсурс не горшы за нафту. Дакладней, ён нашмат лепшы, бо аднаўляльны. І, у адрозненне ад нафты, яму не пагражае так званы энергетычны пераход. Нават калі ўвіць, што чалавецтва калі-небудзь цалкам пяройдзе на безвугляродную энергетыку, драўніна, якую сёння спальваюць у катлах, можа быць скарыстаная для вырабу будаўнічых матэрыялаў, папяровых вырабаў ці мэблі. Попыт на лес быў, ёсць і будзе.

Сапраўдная праблема ў іншым — у няроўным доступе да сыравіны для суб’ектаў гаспадарання розных форм уласнасці і ведамаснага падпарадкавання. У Беларусі лес у прыярытэтным парадку атрымліваюць дзяржаўныя прадпрыемствы, а таксама некаторыя буйныя прыватныя перапрацоўшчыкі з ліку спажыўцоў так званых балансаў і тэхналагічнай сыравіны. Напрыклад, летась толькі гэтая катэгорыя суб’ектаў гаспадарання была дапушчаная на гадавыя біржавыя таргі, на якіх прадпрыемствы звычайна набываюць да 40 працэнтаў ад гадавой патрэбы драўніны.

Акрамя таго, апошнія гады ў Беларусі некаторыя віды драўніны (балансы, піловачнік, фанерную і тэхналагічную сыравіну) пачалі размяркоўваць паміж пакупнікамі ў залежнасці ад іх вытворчага профілю. Так, у прыярытэце аказаліся буйныя вытворцы плітнай прадукцыі і цэлюлозы, а продаж сартыментаў па мэтавым прызначэнні ператварыўся ў інструмент пераразмеркавання сыравіны для «сваіх» вытворцаў, з маніпуляцыяй цэнамі і аб’ёмамі

Падобная практыка рэгулярна стварае штучны дэфіцыт сыравіны для малых і сярэдніх перапрацоўшчыкаў, пераважна прыватнай формы ўласнасці. У гэтай сувязі старшыня Рэспубліканскай лесапрамысловай асацыяцыі (РЛПА) Валерый Александровіч нагадвае, што ў лесе растуць не балансы, фанерная або тэхналагічная сыравіна, а дрэвы, з якіх можна атрымаць драўніну розных гатункаў. Напрыклад, тэхналагічная сыравіна прыдатная для вырабу не толькі ДСП, ДВП ці шчапы, але і палетнай дошкі, якая запатрабаваная на знешніх рынках. У шэрагу выпадкаў альтэрнатыўная перапрацоўка сартыментаў дазваляе сфарміраваць істотна большы дададзены кошт, а значыць, дасягнуць большай эканамічнай эфектыўнасці.

Летась і сёлета на фоне барацьбы з караедам аб’ёмы высечкі лесу істотна павялічыліся. Напрыклад, у 2018 годзе ў сістэме Мінлясгасу з усіх відаў высечкі нарыхтавана 19,5 мільёна кубаметраў драўніны пры плане 15,9 мільёна кубаметраў. Дадатковыя аб’ёмы аслабілі дэфіцыт сыравіны. У пачатку года галіновае міністэрства паведаміла ўраду пра складскія запасы драўніны ў памеры каля 3 мільёнаў кубоў. У тым ліку амаль 20% лішкаў прыпала на найбольш запатрабаваныя віды сыравіны: піловачнае і фанернае бервяно, а таксама балансавую драўніну хвойных і лісцевых парод.

Ці сапраўды дэфіцыт сыравіны адышоў у мінулае? Прадстаўнікі прыватнага бізнесу ў гэтым сумняваюцца, бо адначасова Мінлясгас пачаў лабіраваць ідэю першачарговага забеспячэння драўнінай дзяржаўных прадпрыемстваў, па прамых дагаворах, якія дазваляюць абмінуць біржавыя таргі, ды яшчэ па заніжаных цэнах.


Хто чым займаецца

Адной з палемічных тэмаў стаў падзел абавязкаў у лесапрамысловай галіне. У РЛПА выступаюць за дакладнае размежаванне функцый, каб леснікі расцілі лес, а яго нарыхтоўкай і перапрацоўкай займаліся спецыялізаваныя арганізацыі.

Пакуль жа беларускія лясгасы не толькі росцяць лес, але і вядуць нарыхтоўку ды спрабуюць пашырыць перапрацоўку драўніны. Пры гэтым ім складана забяспечыць эканамічную эфектыўнасць такога гаспадарання. Напрыклад, у лесанарыхтоўцы шмат сезонных работ. Імкненне ахапіць усё ўласнымі сіламі прыводзіць да раздзьмування штату і дадатковых выдаткаў на персанал. Дастаткова сказаць, што ў беларускіх лясгасах у сярэднім працаўладкавана па 300–400 чалавек, а ў Еўропе ў аналагічных установах, як правіла, — не больш за 15–20 супрацоўнікаў.

Не ўсё проста і ў дасягненні эканамічнай эфектыўнасці на этапе дрэваапрацоўкі, якую актыўна спрабуюць развіваць лясгасы. З аднаго боку, набыццё дарагога абсталявання не гарантуе якасці прадукцыі (затое гарантавана павялічвае выдаткі). З другога боку, у лясгасаў з’яўляецца спакуса скарыстацца найлепшай драўнінай там, дзе можна абысціся больш нізкімі гатункамі. А гэта ўжо замінае эфектыўнаму выкарыстанню сыравіны.

У выніку раздзьмутыя траты перманентна падштурхоўваюць лясгасы да таго, каб павялічыць кошт драўніны і вырабаў з яе, а заадно і папрасіць больш субсідый з бюджэту. Летась, напрыклад, Мінлясгас выйшаў на Каардынацыйны савет па біржавым гандлі (дзейнічае пры ўрадзе) з прапановай адмяніць таргі драўнінай на паніжэнне і пачаць фарміраваць стартавыя цэны не ніжэй за калькуляцыю лясгасаў з улікам 20-працэнтнай рэнтабельнасці. На той момант гэта азначала б рост кошту сыравіны на 17–19%.

Выдаткі сістэмы Мінлясгасу на фоне збыткоўных складскіх запасаў драўніны становяцца адным з аргументаў у просьбе дазволіць экспартаваць лес-кругляк. Ад 2016 года экспарт неапрацаванай драўніны ў Беларусі афіцыйна забаронены, аднак дэ-факта пастаўкі працягваліся па просьбе галіновага міністэрства і з дазволу кіраўніка Беларусі. У траўні гэтага года кіраўнік дзяржавы падпісаў чарговы дазвол на пастаўку рэшткаў кругляка. Аляксандр Лукашэнка толькі пакпіў з кіраўніцтва галіны, што яго даручэнне аб перапрацоўцы ўсёй драўніны ўнутры краіны не выканана, аднак не стаў супраціўляцца ініцыятыве чыноўнікаў.

Эфектыўнасць лесаперапрацоўкі можна істотна павялічыць, перакананыя ў РЛПА. Для гэтага большасць работ па доглядзе за лесам і яго нарыхтоўцы варта перадаць на аўтсорсінг прыватным структурам. Што да дрэваапрацоўкі, то яна амаль цалкам павінна перайсці да прыватных кампаній. Пра тое актыўна гаворыцца яшчэ з нулявых гадоў, але ўлада дагэтуль не набралася смеласці правесці больш-менш грунтоўную рэформу лясной галіны.

5c957b672a5d4255107a803d_2x.jpg


Ці варварская высечка?

Не так даўно грамадскія актывісты звярнулі ўвагу на варварскую, па іх меркаванні, высечку лесу, якая пачалася ў Беларусі ў 2018–2019 гадах пад лозунгам барацьбы з караедам. Грамадскасць устрывожылася істотным павелічэннем плошчаў суцэльных высечак (калі на пэўнай дзялянцы лес цалкам прыбіраецца), у тым ліку ў лясах, якія не дасягнулі спелага ўзросту.

У афіцыйным адказе Мінлясгас заявіў пра недастатковую інфармаванасць аўтараў петыцыі. Маўляў, статыстыка апошніх гадоў сведчыць пра паляпшэнне і колькасці, і якасці ляснога фонду краіны. Што да суцэльных санітарных высечак, то яны неабходныя для ліквідацыі ачагоў масавага ўсыхання хваёвых насаджэнняў.

Сапраўды, як сведчыць галіновая статыстыка, з года на год высечка лесу ў нас істотна адстае ад яго прыросту, таму Беларусь — адна з нешматлікіх краінаў, дзе захоўваецца ўстойлівы прырост запасаў драўніны. Больш за тое, амаль усе тутэйшыя лясгасы перайшлі на прынцыпы ўстойлівага лесакарыстання. Па стане на пачатак 2019 года, 98,5% ляснога фонду Мінлясгаса сертыфікавана на адпаведнасць патрабаванням Савета па кіраванні лесам (FSC — Forest Stewardship Council) — міжнароднай некамерцыйнай арганізацыі, якая на глабальным узроўні змагаецца за экалагічна адказнае лесагаспадаранне.

Напэўна, ёсць рэзон у высечцы пашкоджаных караедам лясоў, каб прадухіліць масавае ўсыханне, страту драўніны і пагаршэнне пажарнай абстаноўкі. Але чаму на фоне росту санітарнай высечкі Мінлясгас не скарачае аб’ёмы планавай у спелых лясах, якія не пашкоджаныя караедам? Такі просты ход дазволіў бы пазбегнуць збыткоўных аб’ёмаў драўніны на ўнутраным рынку, не трэба было б прадаваць за мяжу кругляк за капейкі. На гэтае пытанне прадстаўнікі галіновага міністэрства адказваць не спяшаюцца.