Міжнародныя расследавальнікі расказалі пра літоўскія кампаніі набліжаных да Лукашэнкі бізнесоўцаў

Набліжаныя да беларускай улады бізнесоўцы Аляксей Алексін і Аляксандр Зайцаў зарэгістравалі некалькі кампаній у Літве, якія «дэманструюць відавочныя прыкметы адмывання грошай».

«Офіс» фірмы Алексіна па адрасе Giedraiciu g., 2, кв. 7.

«Офіс» фірмы Алексіна па адрасе Giedraiciu g., 2, кв. 7.


Пра гэта паведамляецца ў сумесным расследаванні Цэнтра па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці («Organised Crime and Corruption Reporting Project» (OCCRP)), партала Siena.lt і тэлеканала «Белсат», перадае «Радыё Свабода».

Партал Reform.by зрабіў кароткі пераказ асноўных тэзісаў артыкула, апублікаванага 10 сакавіка на сайце OCCRP. Размова ідзе пра тое, як пачыналі свой бізнес у Літве Алексін і Зайцаў.

Сваю літоўскую UAB «Lexie Ventures» Аляксей Алексін зарэгістраваў восенню 2012 года па адрасе Giedraiciu g., 2, кв. 7. Гэта закінуты будынак у Вільні, дзе зарэгістравана яшчэ каля 50 кампаній. Яе асноўны від дзейнасці — кансалтынг. Затым «Lexie Ventures» набыла кватэру ў Вільні, дзе ў сваю чаргу ў 2013 годзе былі зарэгістраваныя ў адзін і той жа дзень яшчэ дзве кампаніі без прыкметнай дзелавой актыўнасці і без персаналу — «Paralama» і «Corami».

У абедзвюх кампаній аднолькавая незвычайная структура ўласнасці. У кожнай з іх было два саўладальнікі — кіпрская фірма і прыватныя нідэрландскія фонды з сугучнымі назвамі «Stichting Paralama» і «Stichting Corami». Усе яны кіраваліся вядомым літоўскім пастаўшчыком інтэграваных бізнес-паслуг «Lewben». Як адзначаюць расследавальнікі, такія фонды ў Нідэрландах па законе не маюць акцыянераў, толькі менеджараў, і іх можна выкарыстоўваць для ўтойвання ўласнасці і перанакіравання прыбытку, каб пазбегнуць выплаты падаткаў.

У OCCRP сцвярджаюць, што гэтыя два фонды звязаныя з Алексіным праз бізнес-партнёра і былога кіраўніка нідэрландскага філіяла «Lewben» Марыюса Кірзадаса (Marius Girzadas).

lithuania_belarus_graph.jpg


Паводле дакументаў, кампанія «Paralama» была аптовым прадаўцом аўтамабільных запчастак. Без адзінага супрацоўніка за няпоўныя два гады яна змагла дамагчыся абароту ў 42,3 млн. еўра. Крыху менш паспяхова адпрацавала «Corami», якая нібыта гандлявала запчасткамі для аўтамабіляў. Праз яе прайшло 4 млн. еўра. Абедзве кампаніі былі ліквідаваныя ў адзін дзень у 2015 годзе.

Разам гэтыя кампаніі, не ўкамплектаваныя персаналам, перавялі праз свае літоўскія рахункі больш за 46 мільёнаў еўра менш чым за два гады, хоць фінансавыя справаздачы не даюць аніякіх намёкаў на тое, адкуль і куды пайшлі гэтыя грошы, пішуць расследавальнікі.

Прыкладна ў той жа час у 2012 годзе ў Літве рэгіструецца кампанія Аляксандра Зайцава пад назвай UAB «Sohra». Затым бізнесовец прадаў сваю літоўскую фірму ў 2017 годзе. Пакупніком была кіпрская кампанія «Litenburgo Investments», створаная і кіраваная «Lewben», але якая належыць фонду з Нідэрландаў, якім таксама кіраваў «Lewben». А ўжо ў 2018 годзе Зайцаў стаў адзіным уладальнікам «Litenburgo». У наступным годзе «Sohra» зноў пачала гандляваць, зафіксаваўшы гадавы аб’ём продажаў у 224 тыс. еўра.

Даследчыкі адзначаюць, што літоўская кампанія Алексіна «Lexie Ventures» больш не валодае кватэрай, у якой былі зарэгістраваныя «Paralama» і «Corami». Сёння яна працуе ў прэстыжным раёне на поўначы Вільні.