Навучылі на сваю галаву

Беларусь — вынаходніца розных хітрыкаў і «супрацьхітрыкаў»: то інтэграцыю замуціць, то разбаўляльна-растваральны бізнэс. Але раней наш досвед не пераймалі. Зараз жа карысць ад нашай «хітразробленасці» атрымала Расія.



fury1.jpg

Ні для каго не сакрэт, што ў нас за кантрабанду блока цыгарэт можна пазбавіцца аўтамабіля, на якім гэтыя цыгаркі перамяшчаліся праз мяжу. Расіяне гэты карысны досвед заўважылі. Адно шкада — абернецца ён супраць нас жа.

Рассельгаснагляд ва ўмовах уведзенага Расіяй харчовага эмбарга прапануе зрабіць істотна больш жорсткім кантроль за перавозчыкамі сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання. Гаворка ідзе аб магчымым увядзенні забароны на іх уезд ці нават канфіскацыі транспартных сродкаў у выпадку спробаў кантрабанды, паведаміў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт.

Паводле яго слоў, існуючая ў цяперашні час практыка не дазваляе цалкам кантраляваць перамяшчэнне прадукцыі, асабліва той, што падлягае фітасанітарнаму кантролю. «Існуе парадак: калі прадукцыя адпраўляецца з Беларусі праз Расію ў Казахстан, то беларускі бок павінен праінфармаваць казахстанскі, што груз пайшоў, — паведаміў ён. — Але зваротнай сувязі, то бок паведамлення пра тое, што ён атрыманы, не прадугледжана».

«Як паказвае практыка, гэта з’яўляецца абыходам тых забаронаў, якія ўвяла Расія ў дачыненні да шэрагу краін, — сказаў ён. — Ідзе масавая пастаўка растаможанай у Беларусі прадукцыі, якая адрасавана Казахстану, але да яго не даязджае. Шчыліна выкарыстоўваецца для таго, каб прадукцыя заставалася ў Расіі».

Вось яшчэ адно «вынаходніцтва Мытнага саюза». Сапраўды, чаму мы павінны даваць справаздачу Расіі пра груз, які ідзе праз яе транзітам? Ну, а тое, што гэты груз знікае недзе ў Падмаскоўі, — хай з гэтым расійскія праваабарончыя органы разбіраюцца.

Як лічыць Данкверт, у гэтых умовах неабходна павысіць кантроль за перавозчыкамі аж да накладання сур’ёзных спагнанняў або канфіскацыі транспарту. «Інакш гэта не спыніш, — сказаў ён. — Апошні выпадак кантрабанды свініны з Казахстана паказаў, што машына, якая па дакументах везла груз у Літву, а разгрузілася ў Падмаскоўі, была з літоўскай рэгістрацыяй, прычэп — з калінінградскай, а кіроўца — беларус».

А што вы хацелі, спадар Данкверт? Забылі, у які час жывяце? Гэта і называецца — «глабалізацыя»!

На перамовы па гэтым пытанні ў Маскву з'ездзіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц. Але мы не разлічваем на тое, што «харчовы Кландайк» з расійскім эмбарга будзе цягнуцца да бясконцасці.

На тыдні Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада «акуратнага падыходу» да стварэння дадатковых магутнасцяў па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. Бо, па ягоным меркаванні, у выпадку адмены Расіяй забароны на імпарт прадуктаў харчавання з шэрагу краін яны могуць стаць незапатрабаванымі. Значыць, беларускі кіраўнік ведае нешта наконт магчымай адмены «харчовага эмбарга» ў Расіі.

Што тычыцца аўтамабіляў, то, як і абяцаў «Белнафтахім», паліва, прывязанае да долара, падаражэла. Але падаражэла яно неяк дзіўна. З 1 кастрычніка кошт бензіну Аі-92-К5-Еўра ўстаноўлены ў памеры, эквівалентным 1 долару ЗША за 1 літр. Але ў «Белнафтахіма», аказваецца, свой курс долара. Тады, як афіцыйна «зялёны» каштуе 10.590 рублёў, гэтая кантора ўстанавіла кошт літра эталоннага бензіна ў 10.600 рублёў. Дробязь, 10 рублёў, але непрыемна. Хто ж дасць гарантыю, што потым «белнафтахімаўскі долар» не адарвецца ад афіцыйнага курсу на сто, дзвесце, тысячу рублёў? Калі ў іх ужо зараз такія апетыты?

Так што трэба перасаджвацца на ровары. Тым больш, што для гэтага зараз ствараецца ўсё больш і больш умоваў. У Мінску ДАІ на рэгуляваных скрыжаваннях будзе выкарыстоўваць новую разметку зялёнага колеру для інфармавання кіроўцаў аб перасячэнні з веласіпедным пераездам.

«Разметка будзе прыцягваць увагу кіроўцаў, інфармаваць веласіпедыстаў і пешаходаў аб паасобных зонах перасячэння праезнай часткі. Такое новаўвядзенне актыўна выкарыстоўваецца ў многіх краінах свету, аднак колер разметкі у кожнай краіны свой», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ДАІ. Пілотны праект будзе рэалізаваны на праспекце Пераможцаў. Зялёная разметка таксама будзе наносіцца пры будаўніцтве новых светлафораў.

Цікава, што зялёная разметка ўводзяцца зараз, а не вясной. У сувязі з гэтым не менш цікава, колькі грошай на гэты «пілотны праект» выдзяляецца з бюджэту? Таму што ўсім вядома — зараз восень, настаюць дажджы і халады. Потым пойдзе снег, і пра ровары трэба будзе забыцца. А ўвесну, разам са снегам, з дарог сыдзе не толькі «пілотная», але і звычайная разметка. І будзем мы, не дачакаўшыся вынікаў эксперыменту, па другім разе фарбаваць асфальт у зялёны колер.

А «лішніх» грошай на гэта ў нас няма. Міністэрства фінансаў краіны агучыла невясёлую статыстыку — дзяржаўны доўг Беларусі расце. На 1 верасня 2014 года ён склаў 178,8 трыльёна рублёў і павялічыўся з пачатка года на 24,8 трыльёна рублёў, або на 16,1%.

Такім чынам, нам трэба зараз берагчы кожную капейчыну. Гэта разумее кіраўніцтва дзяржавы. У прыватнасці, на гэтым жа тыдні Аляксандр Рыгоравіч папярэдзіў: неабгрунтаванага росту заробкаў не будзе.

«Я, як і вы, вельмі зацікаўлены ў тым, каб падтрымліваць насельніцтва. Але я публічна і часам у жорсткай форме звяртаю ўвагу на тое, што дзяржава не ствараецца для таго, каб карміць каго-небудзь, хто не вельмі хоча на сябе працаваць», — заявіў Лукашэнка на сустрэчы з дэпутатамі.

«Трэба мець на ўвазе, што мы зараз перажываем не лепшыя часы ў сувязі з зацяжным эканамічным крызісам. Гэта нават не крызіс — асобныя дзяржавы нахіляюць увесь свет, каб вырашыць некаторыя праблемы. Вядома, нам цяжка супраціўляцца. Нам трэба прыстасавацца і выжыць у гэтай сітуацыі. Таму весці сёння размовы аб масіраваным павелічэнні заработнай платы не прыходзіцца. Гэты перыяд трэба спакойна перажыць», — рэзюмаваў Лукашэнка.

Падобна, што сацыяльнай скіраванасці асобна ўзятай дзяржавы ў цэнтры Еўропы прыходзіць павольны, але ўпэўнены канец.