«Не зусім дэвальвацыя»

Эксперты-эканамісты сыходзяцца на тым, што 30%-ны падатак на куплю замежнай валюты прывядзе да звыклага «чорнага рынку валют» і шэрых схемаў канвертацыі валюты. А ўлады паўтараюць памылкі 2011-га года.



devalv1.jpg

Станіслаў Багданкевіч: Гэта не класічная дэвальвацыя

bogdankevich_53444444.jpg

Так, экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч растлумачыў charter97.org, чаму «чорную пятніцу» нельга назваць класічнай дэвальвацыяй і растлумачыў, чаму ўлады ўвялі 30%-ны падатак на куплю замежнай валюты. «Гэта азначае жаданне ўлады не дапусціць скупкі насельніцтвам цвёрдай валюты. Я не разумею гэтых крокаў і лічу ўвядзенне гэтага падатку няправільным, таму што гэта робіцца на шкоду людзям. Бо людзі ўсяго толькі хочуць захаваць грошы ва ўмовах недаверу да беларускага рубля. Таму трэба прымаць іншыя меры, каб супакоіць насельніцтва. Гэта чарговы падатак на добрапрыстойных грамадзян», — лічыць Багданкевіч.

«Курс мог бы расці невялікімі, я маю на ўвазе, не абвальнымі тэмпамі, калі б улады выразна сказалі грамадскасці што яны робяць для стабілізацыі эканамічнай сітуацыі. Але яны ж гэтага не робяць. Я мяркую, што беларускі рубель у нас пераацэнены адсоткаў на 10, таму дэвальвацыя магчымая, але не такая, як у Расіі, дзе іх рубель абясцэніўся ў два разы. У нас рубель абясцэньваецца ўжо шмат разоў — дык чаму мы не зробім высноў з таго, што ў нас было? Трэба зноў дэвальваваць. Я не прыхільнік абвальнай дэвальвацыі, а выступаю за тое, каб была прынята комплексная праграма рэформаў у звязку з невялікай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты», — адзначыў былы кіраўнік Нацбанка.

«Я не думаю, што да Новага года курс абваліцца. Ён будзе ў межах 11 тысяч. Хоць можа, варта было б ужо апусціць курс да 12 тысяч на сённяшні дзень. Так, фактычны курс продажу цяпер складае больш за 14 тысяч за долар, але 30% з іх — гэта падатак, прычым гэты падатак распаўсюджваецца толькі на насельніцтва, толькі на тую яго частку, якая купляе валюту, а бо тая частка людзей, якая мае гэтую валюту у кашальках або ва ўкладах, яна ж не можа яе прадаць па новым курсе. Таму гэта не класічная дэвальвацыя, а ўсё ж такі менавіта падатак», — зазначае Багданкевіч.

Сяргей Чалы: 30% падатак значна горш, чым дэвальвацыя

choallll.jpg

Рашэнне ўвесці 30% падатак на куплю валюты выкліча з'яўленне чорнага рынку і шэрых схем канвертацыі валюты, лічыць эканаміст Сяргей Чалы.

«Улады паўтараюць памылкі сакавіка 2011 года. Гэтым рашэннем яны павялічваюць розніцу паміж набыццём і продажам на 30%. Калі купляць долары яны будуць за 11.000, то прадаваць фактычна за 15.000. Гэтае рашэнне дазваляе зрабіць ім нявінны выраз твару і сказаць, што дэвальвацыі няма, але на самой справе тое, што адбылося значна горш, чым дэвальвацыя. Фактычна яны проста забіваюць рынак. Сапраўды гэтак жа, як яны забівалі яго ў сакавіку 2011 года», — так пракаментаваў «Беларускаму партызану» навіну аб увядзенні 30% падатку на куплю валюты эканаміст Сяргей Чалы.

«Гэта значыць, афіцыйны курс будзе, але здзелкі па ім праводзіцца не будуць. А значыць зноў з’явіцца «чорны рынак», сайт «Пракаповіч», прадпрыемствы не будуць вяртаць валютную выручку і г.д. Мы гэта ўжо праходзілі. Любыя адміністрацыйныя бар’еры абыходзяцца. Але ўлады, падобна, зноў спрабуюць супраціўляцца непазбежнаму. Чым даўжэй яны будуць спрабаваць супраціўляцца непазбежнаму — тым горш будзе для ўсіх», — перакананы Чалы.

Вадзім Іосуб: Неадэкватнае рашэнне, якое стварае праблемы

1373290191_1340722280_iosub_vadim.jpg

«Гэтае рашэнне прывядзе да стварэння ценявога рынку, курс на якім можа адрознівацца ад курсу Нацбанка на 15% на першым часе. Прадаўцам будзе выгадна прадаваць па такім курсе, пакупнікам — купляць», — сказаў «Беларускім навінам» фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Мінску Вадзім Іосуб.

На яго думку, у гэтым рашэнні няма нічога добрага: «Неадэкватныя рашэнне, яно стварае больш дадатковых праблем».

Па сутнасці, дадаў эксперт, «добрымі рукамі рэгулятара ствараецца множнасць курсаў на валютным рынку».

У сувязі з гэтым, лічыць эксперт, можа паўтарыцца сітуацыя, якая была ў Беларусі вясной 2011 года, калі ў краіне таксама паўстала множнасць курсаў.