Павольнае падзенне ў прорву

Вонкавыя назіральнікі ў роспачы: беларусы за жнівень вынеслі з банкаў больш за мільярд долараў. Але Нацбанк і камерцыйныя банкі, нібыта, і не чухаюцца. Банкаўскія крэдыты «овернайт» (то-бок, кароткатэрміновая гатоўка для банкаў) дасягаюць 20%? Асаблівага трывожнага звону таксама не бачна...

efb_qcvwoaaufdz.jpg


«Новы Час» вырашыў разабрацца ва ўсёй супярэчлівай інфармацыі з эканамістам Львом Марголіным, каб вырашыць, што цяпер больш надзейна: дэпазіты або «скарбонка пад коўдрай», і ці варта закупляцца доларамі, калі курс знізіўся.

— Леў Фёдаравіч, з аднаго боку, адток дэпазітаў з банкаў за жнівень склаў 624 мільёны долараў і 972 мільёны рублёў. Сума значная, але ж у нас і раней летам людзі забіралі грошы, каб выдаткаваць іх на адпачынак?

— Перш за ўсё, трэба сказаць, што гэтыя грошы нікуды не сышлі: іх проста пераклалі з адной кішэні ў іншую. Таму такі адток моцна не паўплывае на эканоміку. Іншая справа, што калі ў далейшым гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца, то ў банкаў будуць скарачацца абаротныя сродкі, і яны не змогуць выдаваць крэдыты прадпрыемствам. Тут пытанне — ці змогуць прадпрыемствы абысціся без крэдытаў або не. Калі не змогуць, то давядзецца нешта рабіць. Альбо абмяжоўваць зняцце дэпазітаў, альбо ўключыць друкавальны станок і дадрукоўваць грашовую масу.

Хутчэй за ўсё, будуць уключаць друкавальны станок, таму што тыя грошы, якія людзі здымаюць з дэпазітаў, вялікага ўплыву на інфляцыю не аказваюць. Яны і так, хоць на дэпазітах, хоць у кішэнях, прызначаліся не для бягучага попыту, а для зберажэнняў, і таму на рынак іх выкідваць не будуць. Я думаю, дзяржава досыць спакойна заменіць гэтую грашовую масу надрукаванымі сродкамі. Калі яна гэта будзе рабіць досыць акуратна і ўмерана, то вялікага ўплыву на сітуацыю на рынку гэта не акажа.

Я б наогул прымірыў гэтыя дзве пазіцыі — і алармісцкую, і аптымістычную — тым, што сітуацыя ў нас сапраўды не добрая, і нават пра стагнацыю мы будзем марыць. Будзе рэцэсія — гэта значыць, змяншэнне аб’ёмаў вытворчасці. Але гэта будзе, хутчэй за ўсё, адбывацца досыць павольна. А калі Лукашэнку ўдасца ў Расіі чаго-небудзь выканькаць — акрамя таго мільярда, які сыдзе на рэфінансаванне доўгу, і які Масква перакладзе з адной сваёй кішэні ў сваю ж іншую, — то да канца гэтага года, і, можа быць, нават першы квартал наступнага года нам удасца пражыць без асаблівых узрушэнняў.

— Спыненне крэдытавання стратных прадпрыемстваў — ці не пра гэта ўсе вушы прагулі незалежныя эканамісты? Цяпер, вы кажаце, гэта будзе адбывацца натуральным шляхам…

— Эканамісты пра гэта, вядома, гаварылі, але пра гэта не марыў Лукашэнка. Калі назапашваюцца самазвалы на складах БелАЗа, калі не прадаюцца трактары МТЗ і аўтобусы МАЗа, — ім жа за нешта трэба купляць матэрыялы і сыравіну, плаціць за электраэнергію... Без крэдытаў яны ніяк не абыдуцца, інакш рабочыя дакладна выйдуць на вуліцы, і тады іх ужо не спыніш.

Акрамя таго, у крэдытах маюць патрэбу не толькі стратныя прадпрыемствы, крэдытаваць трэба і прыбытковыя. Таму што ніводнае даволі буйное прадпрыемства не ў стане трымаць столькі абаротных сродкаў, каб яму зусім не трэба было звяртацца да крэдытавання.

119168975_10223944524111431_2453999508689659321_o.jpg


— Стаўка на міжбанку, крэдыты «овернайт», калі банкам была патрэбная гатоўка, дасягалі 20–25% гадавых. Гэта таксама выклікала паніку і трывогу — маўляў, грошы заканчваюцца…

— З чаго гэта адбылося — падрабязнасцяў мы не ведаем, але тое, што было на рынку пару тыдняў таму — гэта быў, па-мойму, ажыятажны попыт. І Нацбанк слушна рабіў, што не даваў рублёвыя рэсурсы, і прымушаў банкі купляць іх па завоблачных цэнах. Бо рэгулятар небеспадстаўна падазраваў, што камерцыйныя банкі выкарыстоўваюць гэтыя рэсурсы для куплі валюты. Гэта значыць: «Я зараз вазьму 10 мільёнаў рублёў, куплю 4 мільёны долараў, а праз два тыдні прадам долары па вышэйшым курсе і зараблю».

Калі гэта сапраўды быў ажыятажны попыт, міжбанкаўскія крэдыты прыйдуць у норму. А калі акажацца, што гаворка ўсё ж ідзе пра недахоп рублёвых рэсурсаў у эканоміцы, у прыватнасці таму, што народ свае дэпазіты здымае — тады Нацбанку адмаўчацца не атрымаецца. Нешта давядзецца вырашаць, і я думаю, што такім рашэннем будзе ўключэнне друкарскага станка.

— Па-мойму, пра тое, што ў банкаў сапраўды не хапае грошай, сведчыць спыненне камерцыйнымі банкамі крэдытавання насельніцтва на спажывецкія патрэбы, і кароткатэрміновыя дэпазіты на месяц пад 20% гадавых, што з’явіліся цяпер…

— Гэта сапраўды кажа пра тое, што рублёвая ліквіднасць у банкаў паменшылася. Ім, у прынцыпе, усё роўна, браць гэтую ліквіднасць у Нацбанка або іншых камерцыйных банкаў пад 20–25% гадавых, або купляць іх у насельніцтва. Бо што такое, па вялікім рахунку, дэпазіт, тым больш на кароткі тэрмін? Гэта тая ж самая купля рублёвай наяўнасці ў насельніцтва. Яны і купляюць пад 20% гадавых на месяц ці на 35 дзён, а там паглядзяць: можа, прапанаваць нешта і на большы тэрмін. А там, можа быць, атрымаецца перакрэдытавацца пад меншы працэнт…

Банкі імкнуцца праводзіць гнуткую палітыку і шукаць грошы ўсюды, дзе яны ёсць. Яны ведаюць, што ў насельніцтва гэтыя грошы ёсць, бо насельніцтва вынесла з банкаў дэпазітаў амаль на мільярд рублёў. Яны разумеюць, што пад 12–13% гадавых ніхто ў банк грошы не панясе, але спадзяюцца, што ажыятаж спадзе, і потым, можа быць, можна будзе ўгаварыць пакінуць грошы на тры месяцы пад 18%, ну і гэтак далей.

— Нядаўнія скачкі курсаў долара і еўра — наколькі яны небяспечныя для эканомікі? Асабліва ўлічваючы тое, што праект бюджэту на 2020 год прадугледжваў долар па 2.24, а цяпер ён ужо за 2.50, і гэта яшчэ не канец года?

— Гэта, вядома, небяспечна для эканомікі. І я б не сказаў, што гэтыя скачкі — нейкія спекулятыўныя дзеянні банкаў, пра якія ішла гаворка вышэй. Гэта цалкам абгрунтаваная рэч — паступленне валюты ў краіну скарачаецца, а патрэба ў гэтай валюце скарачаецца больш павольна. Трэба купляць сыравіну, рэсурсы, неабходна абслугоўваць валютныя крэдыты, аддаваць па іх працэнты і часткі асноўнага доўгу. І, мяркуючы па тым, што ніякіх пазітыўных зменаў у эканоміцы не праглядаецца, я думаю, што рубель працягне сваё падзенне. Ён будзе падаць прыкладна такім жа чынам: падзенне — потым карэкціроўка, некаторы час трымацца, потым зноў падае, зноў карэкціроўка…

Зразумела, пра тыя кантрольныя лічбы, якія вызначыў Мінфін, казаць не даводзіцца. Я думаю, рубель страціць да канца года яшчэ капеек дваццаць як мінімум.

1449039941178810016.jpg


— Чаго нам чакаць, у далейшым? Краіну трасе, сітуацыя, падаецца, непрадказальная…

— Сённяшняя сітуацыя якраз лепш за ўсё паддаецца прагнозу! У нас ёсць толькі негатыўныя сігналы эканомікі, ніякіх пазітыўных сігналаў няма, і яны нават не праглядаюцца. Негатыўныя сігналы — гэта, па-першае, сусветная стагнацыя, выкліканая пандэміяй каронавіруса. Па-другое, падзенне коштаў на сыравінныя рэсурсы: не толькі на нафту і нафтапрадукты, але і на калійныя ўгнаенні, азотныя ўгнаенні, якія мы вырабляем, скарачэнне попыту на інвестыцыйныя тавары — трактары, вялікагрузныя і грузавыя аўтамабілі. Па-трэцяе, нестабільная палітычная сітуацыя.

Калі нават не зважаць на нюансы, да краіны, якая ўзбураная знутры, вельмі насцярожана ставяцца любыя інвестары. І не толькі стратэгічныя інвестары, але і так званыя «партфельныя» — напрыклад, заходнія банкі, якія досыць лёгка крэдытавалі беларускія банкі, таму што ў нас да гэтага часу не было дэфолтаў. Але, калі ў краіне адбываюцца такія пературбацыі, то, натуральна, магчымасці для пазыкаў на рынках памяншаюцца. Інвестары сюды не прыйдуць. А без інвестыцый эканоміка падае.

Пытанне толькі, якімі тэмпамі яна будзе падаць. Вось гэта — тэмпы падзення, — ужо спрагназаваць складана, бо нашая ўлада мае звычку ў самы непадыходзячы момант, як кажуць, «страляць сабе ў нагу» — прымаць рашэнні, якія ніяк лагічна не вытлумачальныя. І часам такія рашэнні досыць моцна ўплываюць на эканоміку ў негатыўны бок.

Такім чынам: падзенне будзе, падзенне будзе дастаткова значным, хаця канкрэтны яго памер прадказаць досыць складана. І гэта не будзе падзенне разавае — яно будзе паступовым. У верасні паказчыкі дзевяці месяцаў 2020 года будуць горшыя за дзевяць месяцаў 2019-га, у кастрычніку — яшчэ горшыя, у лістападзе — яшчэ горшыя, і так далей.