Першы блок БелАЭС уключаны ў энергасістэму краіны. Літва спыніла пастаўкі з Беларусі

Першы энергаблок БелАЭС уключаны ў аб’яднаную энергасістэму краіны, паведаміў афіцыйны телеграм-канал Мінэнерга. Літва адразу заявіла аб спыненні паставак электраэнергіі з Беларусі.

1_20_13573112020.jpg


«У 12.03 турбагенератар першага энергаблока Беларускай АЭС уключаны ў аб’яднаную энергасістэму краіны», — удакладнілі ў Мінэнерга. Здача ў прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай АЭС запланавана па графіку на канец лютага 2021 года, паведамляе TUT.BY.

Delfi паведаміла, што пасля таго як на беларускай АЭС пачалася выпрацоўка электраэнергіі, і гэтая электраэнергія стала паступаць у агульную сістэму, Літва спыніла закупку электраэнергіі

Кампанія Litgrid, у рамках «антыастравецкага» закона з аўторка ўстанавіла нулявую праходнасць для камерцыйнай плыні электраэнэргіі з Беларусі. «У Цэнтры кіравання сістэмамі кампаніі Litgrid 3 лістапада, у 11:06 былі зафіксаваныя звесткі, якія паказалі, што БелАЭС выпрацоўвае электраэнэргію, таму з 11:38 была ўстаноўленая нулявая праходнасць для камерцыйнай плыні электраэнэргіі з Беларусі» — сказана ў прэс-рэлізе кампаніі.

Яшчэ ў пачатку верасня краіны Балтыі дамовіліся, што пасля запуску АЭС у Астраўцы спыняць куплю электраэнэргіі ў Беларусі.

Беларусь пабудавала АЭС побач з Астраўцом у Гродзенскай вобласці за кошт расійскага дзяржкрэдыту па расійскаму праекту ВВЭР-1200. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў агульнай магутнасцю 2,4 тыс. МВт. АЭС зможа вырабляць 18 млрд кВт/г электраэнергіі.

7 жніўня на першым энергаблоку Беларускай АЭС пачалася загрузка ядзернага паліва. 11 кастрычніка запушчана ланцуговая рэакцыя: рэактар стаў функцыянаваць. У найбліжэйшы час на станцыі правядуць комплекс даследаванняў, якія дазволяць пацвердзіць надзейнасць усёй сістэмы ядзерна-фізічнага кантролю і ядзернай бяспекі рэактарнай устаноўкі.