Праваабаронцы: Заходнія карпарацыі фінансуюць прапаганду Лукашэнкі

Два з трох рэкламных ролікаў, якія транслююцца на дзяржаўным беларускім тэлебачанні, зробленыя ў інтарэсах буйных карпарацый з Еўропы і ЗША.

3_399.jpg


Пра гэта сведчыць даследаванне, праведзенае нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыяй Libereco — Partnership for Human Rights, якая ўжо больш за дзесяць гадоў займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі, перадае АФН са спасылкай на DW.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе праваабаронцаў, распаўсюджаным 4 жніўня, эксперты арганізацыі на працягу тыдня з 12 па 18 ліпеня назіралі і ацэньвалі рэкламныя блокі на трох дзяржаўных тэлеканалах: Беларусь 1, АНТ і СТВ у вячэрні прайм-тайм (з 19 да 22 гадзін).

З 874 паказаных рэкламных ролікаў амаль дзве траціны (63%) прыйшлося на заходнія кампаніі. Беларускім рэкламадаўцам належыць каля 25% рэкламы. Астатнія 12% падзялілі паміж сабой кампаніі з Індыі, Расіі і Турцыі. Рэкламныя ролікі дэманструюцца непасрэдна да, пасля і падчас палітычных праграм і выпускаў навін, якія маюць відавочны прапагандысцкі фармат, адзначаецца ў паведамленні.

Сярод заходніх карпарацый лідзіруюць амерыканскія канцэрны з агульнай доляй 32%. Абсалютным лідарам тут з’яўляецца кампанія Procter&Gamble (ЗША, 100 ролікаў). Далей ідуць Nestlé (Швейцарыя, 79), Mars (ЗША, 44), Henkel (Германія, 43), Colgate-Palmolive (ЗША, 37), Sandoz (Швейцарыя, 35), Coca-Cola (ЗША, 35), PepsiCo (ЗША, 33), Dr. Theiss Naturwaren (Германія, 32) і Mondelez International (29, ЗША).

Таксама былі паказаны 82 рэкламных роліка кампаній Carlsberg (Данія), L'oréal і Sanofi (абедзве — Францыя), Dolorgiet (Германія), GlaxoSmithKline (Вялікабрытанія), Śnieżka (Польшча) і Gedeon Richter (Венгрыя).

«Вось ужо год рэжым Лукашэнкі тэрарызуе ўласнае насельніцтва, нават апошні PR-менеджар павінен быў гэта ведаць. Тое, што сусветныя брэнды, такія як Procter&Gamble, Mars, Henkel, Coca-Cola або PepsiCo, па-ранейшаму і ў значнай ступені рэкламуюцца прапагандысцкімі каналамі дыктатара, — гэта скандал. Кампаніі, відавочна, клапоцяцца толькі пра свой прыбытак, катастрафічнае становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі іх зусім не хвалюе», — упэўнены старшыня нямецкага аддзялення Libereco Марка Фібер.

Ён абвінаваціў заходнія карпарацыі ў «маральным банкруцтве».

Праваабаронцы нагадалі статыстыку дзеянняў уладаў за апошнія 12 месяцаў: больш за 40 тысяч арыштаў, прынамсі 1800 дакументаваных паведамленняў аб катаваннях і больш за 600 палітычных зняволеных.

Libereco заклікала ўсе кампаніі з ЕС, ЗША, Швейцарыі і Вялікабрытаніі неадкладна адмовіцца ад паказу рэкламных ролікаў на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах, і такім чынам спыніць фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі.