«Raiffeisen Bank International» праз санкцыі абмежаваў супрацоўніцтва з «Беларусбанкам»

«Raiffeisen Bank International» абмежаваў супрацоўніцтва з «Беларусбанкам» праз санкцыі супраць нашай краіны, піша аўстрыйскае выданне «Die Presse». Яно сцвярджае, што адна з найбуйнейшых аўстрыйскіх банкаўскіх груп больш не будзе ажыццяўляць міжнародныя пераводы для беларускага дзяржбанка, піша Zerkalo.io. Тры банкі — «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк» і «Белінвестбанк» — раней трапілі пад сектаральныя санкцыі ЕС.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg


«Адзіная заходнееўрапейская крэдытная арганізацыя ў Беларусі робіць першыя высновы з палітычнай сітуацыі ў краіне. У будучыні "Raiffeisen Bank International" больш не будзе ажыццяўляць міжнародныя пераводы для Беларусбанка», — піша аўстрыйскае выданне. «Die Presse» сцвярджае, што «Raiffeisen Bank International» абмежаваў супрацоўніцтва з дзяржбанкам праз санкцыі супраць Беларусі.
Пры гэтым банкаўская група «Raiffeisen Bank International» не выступала з заявамі аб магчымым спыненні па ажыццяўленні міжнародных пераводаў для «Беларусбанка». Дзяржбанк таксама не распаўсюджваў заявы на гэтую тэму.
Нагадаем, пад сектаральныя санкцыі ЕС, якія ўвялі ў другой палове чэрвеня, трапілі тры дзяржбанкі — «Беларусбанк», «Белінвестбанк» і «Белаграпрамбанк». Напярэдадні ўвядзення санкцый выданне «Politico» паведамляла, што Аўстрыя спрабуе змякчыць еўрапейскія санкцыі супраць Беларусі, выказаўшы нязгоду з некаторымі мерамі, накіраванымі на перакрыцце доступу беларускага боку да замежнай валюты.
У ліпені рэйтынгавае агенцтва «Standard & Poor's» пацвердзіла рэйтынгі банкаў, якія трапілі пад санкцыі, — «Белаграпрамбанка», «Беларусбанка», таксама банка «БелВЭБ» на узроўні «В» з негатыўным прагнозам.
Раней у апублікаваным 1 ліпеня аглядзе «Raiffeisen Research» па эканоміцы Беларусі адзначалася, што ўплыў санкцый на яе стане відавочным да канца 2021 года. Эксперты зрабілі прагноз з высокімі фактарамі нявызначанасці. «Аднаўленне беларускай эканомікі наўрад ці магчымае ў 2021 годзе, у першую чаргу праз высокую нявызначанасць, звязаную з нявызначанасцю практычнага прымянення санкцый. Санкцыйны ціск можа прывесці да значнага пагаршэння сітуацыі ў прамысловым сектары, — адзначалася ў аглядзе. — Сукупнае ўздзеянне разгледжаных фактараў можа стварыць умовы для запаволення эканамічнага росту».