Сусветны банк палепшыў прагноз росту эканомікі Беларусі ў 2021 годзе і пагоршыў — у 2022-м

Сусветны банк перагледзеў у бок значнага паляпшэння прагноз росту эканомікі Беларусі, вынікае з восеньскага агляду СБ краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

bank_3.jpg


Згодна з аглядам, СБ прадказвае эканоміцы РБ рост па выніках бягучага года ў 1,2%, што на 3,4% вышэй вясновага прагнозу, у якім СБ прадказаў беларускай эканоміцы падзенне на 2,2%, перадае АФН.

У сваю чаргу, банк яшчэ больш радыкальна, але ў адваротны бок, перагледзеў перспектывы эканомікі Беларусі ў 2022 годзе. Калі вясной СБ прадказаў Беларусі ў наступным годзе рост ВУП на 1,9%, то восенню банк сцвярджае, што эканоміка Сінявокай у 2022-м упадзе на 2,8%.

Прагноз па росце ВУП на 2023 павышаны да 2,3%.

Паводле ацэнак аналітыкаў банка, Беларусь скончыць год з інфляцыяй 10,5%, у 2022 годзе інфляцыя замарудзіцца да 7,1%, а ў 2023-м — да 5,7%.

Таксама СБ прадказвае рост знешняга доўгу Беларусі ў 2021 годзе да 45,8% да ВУП, у 2022 годзе — да 48,8% да ВУП, у 2023 — да 49,9% да ВУП.