Украіна і Літва сабралі рэкордныя аб’ёмы збожжа — у адрозненне ад Беларусі

Украіна сабрала рэкордны за ўсю гісторыю краіны ўраджай пшаніцы (32 млн. тон) і ячменю (больш за 10 млн. тон). Рэкорд дасягнуты дзякуючы росту ўраджайнасці, якая павысілася проці мінулага года на 18 працэнтаў. Пра гэта паведаміла Міністэрства эканомікі Украіны.

15735254_303.jpg

Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы ва Украіне склала 46,2 ц/га, ячменю — 41 ц/га, адзначае «Наша Ніва».

Прагназуецца, што разам з кукурузай Украіна збярэ сёлета 80-82 млн. тон збожжа, што таксама стане рэкордам за ўсю гісторыю краіны. Дагэтуль максімальным быў 2019 год, калі ўраджай склаў 75 мільёнаў тон.

Украіна ў апошнія гады стала другім па аб’ёме экспарцёрам збожжа ў свеце пасля ЗША.

Рэкордна высокі ўраджай збожжавых і рапсу сабрала і Літва. Прагназуецца, што ўраджай збожжавых там складзе 6,93 млн. тон і будзе на 0,1% большы, чым летась, а ўраджай рапсу павінен павялічыцца на 7,7% — да 1,04 млн. тон.

У Літве больш за ўсё пасеяна пшаніцы, ураджайнасць якой павінна скласці 56 ц/га. (У мінулым годзе ўраджайнасць была 54 ц/га.) Ураджай рапсу таксама павінен быць вышэйшы дзякуючы ўраджайнасці 37 ц/га (у Беларусі — 21,3 ц/га, ва Украіне — 27,5 ц/га).

У Беларусі, паводле звестак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, намалочана 6,3 мільёна тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 30,5 ц/га (было 37,3 ц/га ў 2020 годзе).

Мінсельгасхарч тлумачыць падзенне ўраджайнасці зацяжной халоднай вясной і рэкордна высокімі тэмпературамі летам.

Цікава параўнаць сярэднюю ўраджайнасць збожжавых у суседніх рэгіёнах.

Брэсцкая вобласць — 34,8 ц/га,

Валынская вобласць Украіны — 48,8 ц/га,

Ровенская вобласць Украіны — 47,9 ц/га,

Гомельская вобласць — 23 ц/га,

Жытомірская вобласць Украіны — 50,2 ц/га,

Кіеўская вобласць Украіны — 48,9 ц/га,

Чарнігаўская вобласць Украіны — 52,1 ц/га,

Гродзенская вобласць — 36,1 ц/га,

Літва — 48,7 ц/га.