Усё дрэнна? У Нацбанку расказалі пра цэны і фінансавую стабільнасць

Цэны ў Беларусі працягваюць расці, а гадавая інфляцыя набліжаецца да 10%. Што адбываецца і ў якім стане беларуская эканоміка? На мінулым тыдні гэта абмяркоўвалі на пашыраным пасяджэнні Нацбанка, пасля чаго рэгулятар апублікаваў аб'ёмныя даклады па тэме. «Еўрарадыё» вывучыла іх і прыводзіць галоўнае.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Рэальная інфляцыя нават вышэйшая

Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Дзмітрый Мурын у сваім дакладзе канстатуе, што негатыўныя чаканні і сярод насельніцтва, і сярод прадпрыемстваў працягваюць расці.
Рэгулятар праводзіў апытанні і вызначыў, што адчувальная інфляцыя (гэта значыць, не «сухая лічба статыстыкі», а тое, як на самой справе ўспрымаецца рост цэн) вырасла да 14,6% у чэрвені.
«Паводле звестак маніторынгу прадпрыемстваў, росту спажывецкіх цэн у найбліжэйшыя месяцы чакаюць звыш 90% апытаных кіраўнікоў арганізацый. З іх 47,5% лічаць, што інтэнсіўнасць росту спажывецкіх цэн захаваецца на бягучым узроўні, а 33% — што рост цэн паскорыцца», — адзначае Мурын.
Што ж спрыяе гэтым, як кажа Мурын, «праінфляцыйным імпульсам»? Сярод негатыўных фактараў ён пералічвае «недастатковы ўзровень развіцця канкурэнцыі ў краіне» і «невысокую эфектыўнасць працы шмат якіх айчынных прадпрыемстваў». Уплываюць і высокія інфляцыйныя чаканні, а таксама насцярожанасць на валютным і дэпазітным рынках.
Прызнае Мурын і ўплыў санкцый на сітуацыю ў эканоміцы ў цэлым.
Праўда, выключна ўнутранымі праблемамі рост цэн і насцярожанасць насельніцтва і вытворцаў не тлумачацца. Паводле звестак Нацбанка, інфляцыя разганяецца ва ўсім свеце, у тым ліку і сярод асноўных партнёраў Беларусі. Запаволення інфляцыі чакаюць няхутка.
«Ва ўмовах, якія склаліся, чакаецца, што па выніках III квартала 2021 года гадавая інфляцыя захаваецца паблізу ўзроўню, які склаўся ў чэрвені. Такая дынаміка шмат у чым абумоўлена яе паскарэннем, што ўжо адбылося. У далейшым інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў замарудзіцца: па выніках 2021 года прырост спажывецкіх цэн ацэньваецца каля 9%. Чакаецца, што да канца 2022 года інфляцыя ў гадавым выражэнні наблізіцца да 6%», — прагназуе Мурын.

Стрэсы і зноў стрэсы

«Фінансавы сектар Рэспублікі Беларусь ужо больш за пяць кварталаў функцыянуе ў стрэсавых умовах», — канстатуе ў сваім дакладзе начальнік упраўлення фінансавай стабільнасці Ігар Магілевіч.
Асноўнымі пагрозамі ён называе «нарастаючы санкцыйны ціск» і «няўстойлівасць рэсурснай базы банкаў». Праўда, следам ён кажа, што банкі пакуль паспяхова спраўляюцца з выклікамі.
У чым яшчэ праблемы для фінансавай стабільнасці? Магілевіч паказвае на адток дэпазітаў з банкаў. Сітуацыя ў цэлым не радасная.
«Найбольшую ўразлівасць да дзеяння негатыўных фактараў дэманстравалі тэрміновыя дэпазіты насельніцтва ў замежнай валюце. Іх велічыня за паўгоддзе знізілася на 13,4%. Дынаміка тэрміновых рублёвых дэпазітаў насельніцтва таксама насіла няўстойлівы характар, але па выніках паўгоддзя зафіксаваны іх рост на 1,6%», — адзначае ён.
Не выклікае аптымізму ў Нацбанка і тое, што расце доля неабслугоўваемых крэдытаў — у першую чаргу гэта датычыцца прадпрыемстваў. У некаторых банкаў доля такіх крэдытаў у партфелі дасягае 10%.
Што будзе далей, Магілевіч загадваць не бярэцца: прызнае, што «новыя шокі» прадказаць немагчыма. Але кропля аптымізму ў яго дакладзе ёсць: прынамсі, пакуль што фінансавая сістэма сяк-так спраўляецца з выклікамі. Адпаведна, атрымліваецца сяк-так утрымаць і іншыя паказчыкі, у тым ліку інфляцыю.