Алег Трусаў зноў абраны старшынём ТБМ

Так амаль аднагалосна вырашылі дэлегаты ХІІ з'езду Таварыства беларускай мовы, які праходзіць у Мінску.



get_img62.jpg

Новым старшынёй Таварыства беларускай мовы зноў абраны Алег Трусаў, які кіруе арганізацыяй з 1999 года. Як заявіў спадар Трусаў, гэта будзе яго апошні тэрмін. 

У сталічным канферэнцыйным цэнтры Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру Ёханэса Раў сёння праходзіць ХІІ з'езд Таварыства беларускай мовы. Сярод галоўных поспехаў у дзейнасці на карысць разьвіцця беларускай мовы былі названыя праца «Белсату», правядзенне Агульнанацыянальнай дыктоўкі і моўныx курсаў. 

Як адзначыў спадар Трусаў, ужо некалькі гадоў працуе інтэрнэт-партал ТБМ. Сярод іншых ініцыятываў — стварэнне беларускай версіі правілаў дарожнага руху ды праца над беларусізацыяй справаводства.

Заяву, што адзінай дзяржаўнай мовай павінна быць толькі беларуская, зала сустрэла апладысментамі. З гэткай ініцыятывай падчас з'езду ТБМ выступіў грамадскі актывіст і сябар Таварыства беларускай мовы з Кобрына Аляксандр Мех. Паводле спадара Меха, у краіне цяпер няма ніводнай моцнай палітычнай сілы, якая магла б супрацьстаяць русіфікацыі і стварыць план развіцця і распаўсюджвання беларускай мовы.

www.radyjo.net