19 кастрычніка — юбілей БНФ

19 кастрычніка спаўняецца 25 гадоў ад моманту стварэння Беларускага народнага фронту «Адраджэння» — арганізацыі, якой, бяcспрэчна, належыць гістарычная роля ў першай спробе дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі і сцвярджэнні дзяржаўнага суверэнітэту наша краіны.



tass_243956_pic4_452x302_90572.jpg

З нагоды юбілейнай даты сябры Арганізацыйнага камітэта БНФ, утворанага на прапанову Зянона Пазьняка і Васіля Быкава 19 кастрычніка 1988 года на пасяджэнні ў будынку касцёла св. Сымона і Алены (тагачаснага Дома кіно), звярнуліся да грамадзян Беларусі са зваротам.

«Ужо ў першай сваёй заяве, — нагадваюць яго стваральнікі, — Аргкамітэт выступіў за «перабудову грамадства на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму», за «суверэнітэт Беларусі», за «падпарадкаванне эканомікі інтарэсам чалавека», за «сацыяльную справядлівасць», за «прававую дзяржаву», за «экалагічна чыстую Беларусь», за «адраджэнне і дзяржаўнасць беларускай мовы». А ў першай Праграме была абвешчаная галоўная мэта БНФ — «свабодны чалавек у адроджанай незалежнай Беларусі».

На іх меркаванне, з пазіцый сённяшняга дня «дзякуючы актыўнасці жывога беларускага грамадства» і намаганням фронтаўцаў — дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га склікання і мясцовых саветаў, і тых, што ў розных гарадах узначалілі барацьбу народа за будучыню сваёй краіны, беларусам удалося вырашыць галоўную гістарычную задачу — 25 жніўня 1991 года заканадаўча замацаваць незалежнасць Беларусі і дамагчыся яе міжнароднага прызнання».

І хаця, адзначаецца ў Звароце, «далейшае ўнутрыпалітычнае развіццё Рэспублікі Беларусь, неспрыяльная геапалітычная сітуацыя пакуль не дазволілі належным чынам здзейсніцца ўсяму, пра што мы марылі чвэрць стагоддзя таму… мы маем сотні тысяч аднадумцаў, фронтаўцаў паводле сваіх перакананняў».

Аўтары звароту заклікаюць усіх грамадзян Беларусі, усіх беларусаў, якія падзяляюць фронтаўскія каштоўнасці і не збіраюцца мірыцца з таптаннем або дыскрэдытацыяй фронтаўскіх ідэалаў, ушанаваць юбілей заснавання Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», вярнуць духоўнае і інтэлектуальнае лідарства тым колам грамадства, якія адстойваюць незалежнасць, свабоду і нацыянальна-культурнае Адраджэнне як непарыўныя ідэалы».

Зварот падпісалі: Рыгор Барадулін, Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, Пётра Садоўскі, Вінцук Вячорка, Генадзь Тумаш, Алесь Суша, Анатоль Варава, Павел Змітрук.

Далучыўся да Звароту Зянон Пазьняк. З Бабруйскай калоніі ўхвалу даслаў Алесь Бяляцкі. «Лічу, — напісаў ён, — што адзначыць 25-я ўгодкі пасяджэння ў Чырвоным касцёле — гэта вельмі слушная задума. Зварот падтрымліваю».