Аб’яднанне «Звяно» прайграла Мінюсту судовы працэс, звязаны з магчымай ліквідацыяй установы

Крытыкаваць Мінздароўя не мелі права, — вырашыў Вярхоўны суд Беларусі, які пагадзіўся з папярэджаннем Міністэрства юстыцыі да арганізацыі «Звяно».

Таццяна Гацура-Яворская


14 верасня Вярхоўны суд Беларусі адхіліў апеляцыйную скаргу «Звяна» на пастанову Мінскага гарадскога суду, які месяц таму пагадзіўся з папярэджаннямі, якія вынесла «Звяну» Міністэрства юстыцыі. Для арганізацыі гэта азначае магчымую ліквідацыю праз рашэнне суду, які ўжо пачаўся і быў часова прыпынены, піша Радыё Свабода.

«Рашэнне для нас цяжкае, але іншага ў сённяшніх умовах чакаць не выпадае», — сказала пасля працэсу ў Вярхоўным судзе кіраўніца арганізацыі Таццяна Гацура-Яворская.

У чэрвені Мінюст Беларусі вынес папярэджанне арганізацыі «Звяно». Сярод выказаных 4 прэтэнзій было тое, што паводле статуту грамадская арганізацыя нібыта не мела права на маніторынг сістэмы аховы здароўя, у прыватнасці, працы па барацьбе з COVID-19. У выніку перамоваў адну з прэтэнзій знялі, але гэтая засталася і фігуравала на разглядзе скаргі «Звяна» Вярхоўным судом.

«Больш за ўсё пытанняў было па маніторынгу працы сістэмы аховы здароўя падчас COVID-19, які мы пачалі ажыццяўляць вясной 2020 году. Паводле прадстаўніцы Мінюсту, а цяпер і суддзяў Вярхоўнага суду, згодна з заканадаўствам Беларусі мы не мелі права гэтым займацца. Маўляў, кантрольныя функцыі за працай па ахове здароўя належаць Мінздароўя, а мы не толькі не маем права ацэньваць эфектыўнасць тых ці іншых захадаў, але сваімі публікацыямі, аказваецца, займаемся дыскрэдытацыяй.

Іншыя дзве прэтэнзіі таксама, паводле Вярхоўнага суду, законныя. У тым ліку тая, што мы нібыта не падалі поўнай справаздачы аб дзейнасці і фінансаванні. Хоць калі мы падавалі гэтую справаздачу, як трэба, да 1 сакавіка, ніякіх заўваг не было», — кажа Тацяна Гацура-Яворская.

Кіраўніца «Звяна» мяркуе, што ўжо ў верасні ў Мінскім гарадскім судзе адновіцца працэс аб ліквідацыі арганізацыі, які пачаўся ў жніўні і быў прыпынены на час разгляду апеляцыйнай скаргі. У выніку працэсу Таццяна не сумняецца.

«Якім бы ні было рашэнне па ліквідацыі, мы ў любым выпадку маем намер звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН, бо мяркуем, што наша права на свабоду аб’яднання парушана. Заклікаем усіх людзей не складаць рукі і працягваць змагацца за свае правы ўсімі законнымі сродкамі», — сказала ў камэнтары для Свабоды Таццяна Гацура-Яворская.

Летась «Звяно» правяло маніторынг працы сістэмы аховы здароўя ва ўмовах пандэміі каронавірусу. Не ўсе высновы, якія вынікалі з даследавання праваабаронцаў, спадабаліся чыноўнікам. Але асабліва гучным быў лёс фотавыставы, прысвечанай беларускім медыкам, якія змагаліся з COVID-19.

Выстава пад назвай «Машына дыхае, а я — не» адкрылася 30 сакавіка ў Мінску ў прасторы «Месца», але ўжо праз 2 дні яе закрылі нібыта з прычыны санітарных парушэнняў. Арганізатары выставы мяркуюць, што чыноўнікам не спадабаліся прадстаўленыя на выставе фотадакументы пра тое, з чым медыкі сутыкнуліся ў жніўні мінулага году, — пра гвалт сілавікоў супраць пратэстоўцаў.

Пяцёх арганізатараў выставы, у тым ліку Таццяну Гацуру-Яворскую, затрымалі. Таццяна правяла за кратамі больш за 10 дзён і выйшла з СІЗА на Валадарскага як падазраваная ў крымінальнай справе. У гэтым статусе яна застаецца і цяпер.

Паводле Таццяны Гацуры-Яворскай, крымінальная справа, у якой яна фігуруе, не закрытая, прычым ёй невядома, ці вядуцца па гэтай справе следчыя дзеянні. Жанчыне забаронены выезд за мяжу, і гэтага абмежавання з яе не здымаюць нават у выпадку, калі ёсць законныя падставы.

«Даведалася, што адхілена маё хадайніцтва аб выездзе за мяжу на лячэнне. Узнікла такая патрэба, ведаю выпадкі, калі следчыя ў падобных сітуацыях ідуць насустрач, але мне ў гэтым чамусьці адмоўлена», — кажа Таццяна Гацура-Яворская.

Згодна з часткай 1 артыкула 34 Канстытуцыі Беларусі, «Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: