Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асуджае ціск на Алеся Буракова

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH (Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), распаўсюдзіла тэрміновы зварот з нагоды пераследу сябра ПЦ «Вясна» Алеся Буракова.

abservatoria.jpg

Супраць Буракова 8 кастрычніка была распачатая праверка паводле арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса («удзел у дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання»).
Паводле інфармацыі, атрыманай Абсерваторыяй, супрацоўнік Кастрычніцкага РУУС г. Магілёва пагражаў Алесю Буракову, які з’яўляецца рэдактарам праваабарончага партала “Правы чалавека ў Магілёве”, адказнасцю ў выпадку, калі той будзе працягваць займацца праваабарончай журналістыкай.
Абсерваторыя нагадвае, што гэта другая спроба ўладаў аказаць ціск на праваабаронцу. У верасні 2018 года органы МУС праводзілі праверку ў дачыненні да Буракова, якая была звязаная з яго супрацай з сайтам mspring.online. Праверка была распачатая па скарзе ўладальнікаў завода “Омск Карбон Груп”, якія былі незадаволеныя крытычным артыкулам аб дзейнасці прадпрыемства, апублікаваным на рэгіянальным сайце ПЦ “Вясна”.
Абсерваторыя “асуджае пераслед Алеся Буракова, адзінай мэтай якога з’яўляецца пакаранне за яго законную дзейнасць у галіне правоў чалавека” і заклікае ўлады Беларусі “пакласці канец усім актам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць яго і ўсіх праваабаронцаў краіны”.
Міжнародныя праваабаронцы таксама нагадваюць пра незаконнасць рашэння аб пазбаўленні ПЦ “Вясна” рэгістрацыі, а таксама пра неканстытуцыйны характар артыкула 193.1 і яго неадпаведнасць міжнародным нормам ў галіне правоў чалавека.
Абсерваторыя заклікае ўсіх неабыякавых людзей накіроўваць лісты ўладам Беларусі з патрабаваннем “забяспечыць пры любых абставінах павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю, у прыватнасці Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах”.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (Абсерваторыя) была створана ў 1997 годзе FIDH і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT). Мэта праграмы — умяшальніцтва з мэтай прадухілення або ліквідацыі сітуацый рэпрэсій супраць праваабаронцаў. FIDH і OMCT з'яўляюцца сябрамі ProtectDefenders.eu, механізму па абароне праваабаронцаў Еўрапейскага саюза, які ажыццяўляецца міжнароднай грамадзянскай супольнасцю.
Паводле ПЦ "Вясна"