Ад пацукоў у каналізацыі да замаху на Гайдукевіча: дзіўныя справы ад беларускіх спецслужбаў

Тратыл і пластыд, прарыў мяжы на джыпе, 900 тысяч долараў за канапай Ціханоўскага. «Свабода» прыгадвае дзіўныя справы ад беларускіх спецслужбаў, многія з якіх падобныя адна да адной.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


2006 год. Дохлыя пацукі і захоп улады21 лютага 2006 года, яшчэ да дня выбараў, арыштавалі лідараў незарэгістраванай ініцыятывы назірання за выбарамі «Партнёрства» Цімафея Дранчука, Мікалая Астрэйку, Аляксандра Шалайку і Эніру Браніцкую. Усіх абвінавацілі ў намеры захапіць уладу.
Тагачасны кіраўнік КДБ Сцяпан Сухарэнка на прэс-канферэнцыі заявіў, што за мяжой перад выбарамі ў Беларусі рыхтавалі баевікоў. Таксама ён прадэманстраваў відэа, на якім невядомы чалавек кажа, што праходзіў навучанне ў Грузіі, каб «масава атруціць людзей». Для гэтага трэба было «злавіць пацука, забіць яго і кінуць у сістэму водазабеспячэння».
Пазней арыштаваных актывістаў судзілі не за намер захапіць уладу і не за пацукоў, а за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб’яднання. Актывісты атрымалі тэрміны зняволення ад некалькіх месяцаў да 2 гадоў. Намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы разагнаў АМАП, а затрыманым там людзям прысудзілі суткі і штрафы.
2010 год. Гранатамёты і аўтаматы для захопнікаў Дома ўраду
У прапагандысцкім фільме «Жалезам па шкле», які паказала дзяржаўная тэлевізія ўжо пасля выбараў, расказвалі, што 17 снежня сілавікі знайшлі ў нейкім мінскім гаражы «аўтаматы Калашнікава, гранатамёты „Муха“, пісталет, патроны і тратылавыя шашкі».
Усё гэта нібыта прызначалася для захопнікаў Дома ўраду. Чый гэта быў арсенал і які яго далейшы лёс, не ўдакладнялася ні на судзе, ні ў матэрыялах крымінальнай справы.
Увечары 19 снежня невядомыя атакавалі калону Уладзіміра Някляева, на той момант яшчэ кандыдата ў прэзідэнты, які рухаўся з паплечнікамі на Кастрычніцкую плошчу.
Спярша яго мікрааўтобус спынілі супрацоўнікі ДАІ, а пасля калону закідалі святлашумавымі гранатамі, а самога кандыдата моцна збілі.
Хто былі тыя нападнікі, незразумела па сёння. Пазней на судзе над Някляевым прагучыць інфармацыя, што ў мікрааўтобусе знайшлі «арматуру і дымавыя шашкі». Паходжання гэтых прадметаў суд не патлумачыў. Актывісты заявілі, што бусік, пра які напісаў у рапарце КДБ і які пасля паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі, — не той, які суправаджаў дэманстрантаў.
2017 год. Прарыў мяжы і баевікі пад Бабруйскам
21 сакавіка, перад запланаванай масавай акцыяй на Дзень Волі, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра трэнавальныя лагеры баевікоў пад Бабруйскам і Асіповічамі, і ўжо праз пару гадзін пачаліся затрыманні ў «справе патрыётаў».
Агулам праз падазрэнне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і ўдзеле ў незаконным узброеным фармаванні затрымалі 35 чалавек. Сярод фігурантаў былі вайскоўцы, гісторыкі, дызайнеры, памежнікі, рамеснікі, актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту».
Усё пачалося нібыта з ліста невядомай грамадзянкі Нямеччыны «фраў А.» на імя Лукашэнкі пра тое, што 25 сакавіка ў Мінску рыхтуюцца правакацыі. Справа нават не дайшла да суда, усіх фігурантаў адпусцілі праз два месяцы пасля затрымання без усялякіх кампенсацыяў і прабачэнняў.
Тады ж паведамлялі аб прарыве беларускай мяжы з боку Украіны джыпам з баевікамі. Гэтага джыпа таксама не знайшлі, а ўкраінскі бок заявіў, што такога інцыдэнту проста не было. 25 сакавіка 2017 года скончылася брутальным разгонам пратэстоўцаў, на вуліцу вывелі вадамёты, АМАП меў зброю з гумовымі кулямі. Затрымалі сотні людзей.
2020 год. 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі
29 ліпеня агенцтва БЕЛТА са спасылкай на праваахоўныя органы паведаміла, што ў Беларусь прыбылі «больш як 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі». У ноч на 28 ліпеня 33 з іх былі затрыманыя ў санаторыі пад Мінскам.
Пазней высветлілася, што ў Беларусі затрымалі ўдзельнікаў расійскага прыватнага вайсковага агенцтва «Вагнэр». Усіх іх вярнулі назад у Расію. А вось дзе яшчэ 167 баевікоў і чаму іх так і не знайшлі, сілавікі не паведамілі па сёння.
2020 год. 900 тысяч долараў за канапай у Ціханоўскага
У траўні мінулага года па ўсёй Беларусі людзі станавіліся ў вялізныя чэргі, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. 29 траўня пікет па зборы подпісаў праходзіў у Горадні, збіралі подпісы за Святлану Ціханоўскую, на пікеце прысутнічаў яе муж і кіраўнік штабу — Сяргей Ціханоўскі.
У Горадні блогера пачалі настойліва распытваць дзве жанчыны (адну з іх пасля ідэнтыфікавалі ў сацыяльных сетках), да Ціханоўскага падышлі міліцыянты, і ў нейкі момант адзін з міліцыянтаў апынуўся на зямлі. На відэа відаць, што сам Ціханоўскі да яго не дакранаўся. Ціханоўскага затрымалі, з таго часу ён у турме.
За 4 гадзіны да гэтага затрымання Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з рабочымі МТЗ апісаў напад на міліцыянта падчас меркаванага пікету Ціханоўскага.
На лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага за канапай нібыта знайшлі 900 тысяч долараў (грошы адшукала толькі трэцяя брыгада следчых, якая прыехала на ператрус). Што гэта за грошы, па сёння не зразумела. Сам Сяргей Ціханоўскі на адным з судоў па адміністрацыйнай справе з гэтай інфармацыі пасмяяўся.
Сакавік 2021. Жыхар Вілейкі са зброяй
27 сакавіка МУС паведаміла пра затрыманне ў раёне метро «Пушкінская» жыхара Вілейкі з «газавым і сігнальным пісталетам, патронамі, лазарнай указкай і складаным нажом». Затрыманым аказаўся Андрэй Сялюн, брат расстралянага ў 2014 годзе Паўла Селюна, якога прыгаварылі да вышэйшай меры за падвойнае забойства.
4 чэрвеня высветлілася, што Андрэя Селюна адпусцілі з «Валадаркі», меру стрымання яму змянілі. Аднак ён застаецца фігурантам справы па 342 артыкуле (дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). Пасля вызвалення затрыманы казаў, што знойдзеныя сілавікамі ў яго рэчы «патрэбныя для самаабароны». І што яго затрымалі, калі ён накіроўваўся на рынак Ждановічы, без аніякай сімволікі. 
Ліпень 2021. Напад на Азаронка
На пачатку ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра напад на прапагандыста Грыгорыя Азаронка. Нібыта да 1 ліпеня (калі адбыўся напад) была выраблена зброя, а выканаўцам перавялі 10 тысяч долараў. Па словах дзяржаўных СМІ, «Азаронка хацелі вывезці за горад і там адрэзаць язык і зняць гэта на відэа».
Але, нібыта, «праваахоўнікі змаглі затрымаць нападнікаў». Сярод абвінавачаных названыя прозвішчы Сасноўскі і Хофман.
Верасень 2021. Замах на Алега Гайдукевіча
15 верасня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманне падазраваных у нападзе на дом дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча. Нібыта сям’я Вайцяховічаў «планавала некалькі тэрарыстычных атак». У якасці ахвяраў — «Алег Гайдукевіч, вядоўцы дзяржаўных тэлеканалаў, супрацоўнікі сілавых органаў і суддзі».
«Вайцяховічы не былі ідэйнымі барацьбітамі, іх дзеянні былі прадыктаваныя карыслівым матывам. За свае тэрарыстычныя атакі яны атрымлівалі буйныя сумы грашовых сродкаў з-за мяжы, то бок па сваёй сутнасці з'яўляліся наймітамі», — паведамляла КДБ пра справу Гайдукевіча 15 верасня.
23 верасня сітуацыя змянілася. Замест Вайцяховічаў «замах на Алега Гайдукевіча» рыхтаваў, аказваецца, нехта Сяргей Сакалоў, ён жа меў «схроны са зброяй».
«Сакалоў па заданні замежных заказчыкаў планаваў напады, аж да фізічнай ліквідацыі, на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных і грамадскіх дзеячоў з мэтай застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку. На яго думку, такія дзеянні маглі стварыць умовы для аднаўлення пратэставай актыўнасці і наступнага гвалтоўнага звяржэння дзейнай улады», — паведаміў КДБ ужо 23 верасня.
Па словах КДБ, «замежныя куратары ўсклалі на Сакалова задачу па абсталяванні ў Беларусі схронаў са зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі».
На Сяргея Сакалова праваахоўнікі нібыта выйшлі падчас «расследаваньня справы аб нападзе на дом Гайдукевіча».