«Аддаюць па $2-5 тысяч»: як мігрантаў «кідаюць» з хадайніцтвамі аб беларускай візе

Наіўны нігерыйскі мужчына апублікаваў у «Фэйсбуку» хадайніцтва аб выдачы яму аднакратнай беларускай візы і запытаўся, ці зможа ён па ім уехаць у Беларусь. Дакумент з пячаткай ПУП па аказанні паслуг «Нью Виза» адрасаваны Міністэрству замежных справаў Беларусі, перадае Еўрарадыё.

imgonline_com_ua_frame_blurred_2kiuxnapgdsafdi.jpg

У ім сказана, што грамадзянін Нігерыі, супрацоўнік Zenith Bank Plc (такі там сапраўды ёсць) збіраецца прыехаць у Беларусь паміж 29 верасня і 28 кастрычніка. Пазначаны нават адрас, дзе нігерыец збіраецца пражываць — 9-павярховік на праспекце Незалежнасці ў Мінску.

imgonline_com_ua_frame_blurred_qsjqsqcn44gsywft.jpg

Той самы «ліпавы» дакумент / Еўрарадыё
Еўрарадыё датэлефанавалася ў “Нью Виза”. Там дакумент назвалі падробкай. Па словах супрацоўніцы кампаніі, без такога хадайніцтва афрыканцу проста не далі б набыць квіткі на самалёт. Махляры ўпісваюць у бланк даныя новых ахвяраў і выпраўляюць у Беларусь.
“У Сірыі, у Нігерыі за гэтыя запрашэнні па $2 тысячы бяруць. Людзі сюды прылятаюць, а аказваецца, што гэта фейк. Алё ёсць попыт — ёсць прапанова”, — кажа яна.
У нігерыйца з такім хадайніцтвам ёсць усе шансы даляцець да Беларусі.
“Потым, калі консулы пачынаюць правяраць у базе і бачаць, што я не звярталася з хадайніцтвам на такога грамадзяніна, і яго вымушаныя дэпартаваць. І гэта вам пацвердзяць ўсе кампаніі”, — працягвае супрацоўніца “Нью Виза”. І дадае, што ў мігранта ёсць магчымасць спраўдзіць інфармацыю наўпрост у фірме. У дакуменце ўказаны яе тэлефон, па якім можна звязацца з ёю, напрыклад, у WhatsApp. Але... “Ім, напэўна, прасцей заплаціць $2-5 тысяч, прыперціся сюды, атрымаць выспятка і паляцець назад у Нігерыю. Яны самі вінаватыя ў тым, што адбываецца”, — заключае суразмоўца Еўрарадыё.