Адвучылася ў Польшчы, вярнулася на радзіму: як гомельская мастачка трапіла пад крымінальны пераслед

Гамяльчанка Марыся Тульжанкова з’язджала вучыцца ў Польшчу паводле праграмы Каліноўскага. Адвучыўшыся на мастачку, дзяўчына пастанавіла вярнуцца на радзіму, каб быць карыснай у родным Гомлі: жыць тут, ствараць нешта новае ды спрыяць культурніцкаму жыццю гораду.

Але афіцыйная Беларусь сустрэла дзяўчыну горача: супраць Марысі распачалі крымінальную справу за арганізацыю масавых закалотаў. Як развіваецца справа? Ці не шкадуе Марыся пра вяртанне? І чаму менавіта яна трапіла ў поле зроку сілавых структураў?

«Калі ты носьбіт беларускае мовы, прасоўваеш культуру – воляй-няволяй трапляеш у палітычны кантэкст»

Я зацікавілася беларушчынаю недзе ў 2008–2009 годзе. Усё пачалося перадусім з маёй зацікаўленасці беларускаю моваю, – распавядае Марыся Тульжанкова. – І з моваю тады было звязана некалькі адкрыццяў. Па-першае, была яе вартасць, неабходнасць захавання і актуальнасць моўнага пытання. Па-другое, яе недаацэненасць: як беларусы разумеюць беларускую мову і патрэбу ў ёй. А трэцім пунктам была палітызаванасць мовы. Прычым перадусім з боку ідэалагічнай сістэмы, а не грамадства. Бо я прыходзіла да беларускае мовы праз яе каштоўнасць для мяне. Але так аказвалася, што калі ты носьбіт беларускае мовы, праяўляеш зацікаўленасць беларускаю культураю, то воляй-няволяй трапляеш у палітычны кантэкст. І ўжо тады, у 2009 годзе, з’явілася з майго боку канфрантацыя з сілавымі структурамі.

Марыся Тульжанкова (фота з асабістага архіву)

Марыся Тульжанкова (фота з асабістага архіву)

Першыя гэткія «канфлікты» для дзяўчыны былі абсалютна неўсвядомленыя. Бо складана было ўявіць, што за распаўсюд улётак, якія прасоўваюць беларушчыну ды ідэі незалежнасці, за культурніцкія флэш-мобы ды івэнты можна быць затрыманай і трапіць за краты. У 2008 годзе Марысю затрымалі, у ІЧУ яна правяла двое содняў за распаўсюд святочных паштовак да Дня Волі.

Ідэя мая была ў плоскасці культуры, мовы, але прысуды былі палітычна матываваныя. У 2012 годзе я атрымала ліст з ААН, дзе было напісана, што мяне прызналі палітычна пацярпелай, – кажа Марыся.

«Наўпрост казалі, што я буду мець праблемы з ВНУ, калі не спыню сваёй дзейнасці»

Праз грамадскую актыўнасць у дзяўчыны пачаліся праблемы з навучаннем. У той час Марыся вучылася ў Гомельскім мастацкім каледжы і планавала паступіць у профільную ВНУ.

Пры «сустрэчах» з прадстаўнікамі праваахоўных органаў былі размовы наўпрост пра тое, што я буду мець праблемы з ВНУ, калі не спыню сваёй актыўнай дзейнасці ў Гомлі. І пасля пары спробаў паступіць у Акадэмію мастацтваў, знайсці сябе ў вышэйшай адукацыі, я ўжо вырашыла, што гэта справа безнадзейная, улічваючы ўвагу да маёй персоны.

Марыся Тульжанкова доўга і ўпарта дабівалася магчымасці стацца студэнткай універсітэту ў Беларусі і не хацела з’язджаць з роднае краіны. Але ўрэшце ўсвядоміла, што трэба ісці далей, развівацца і расці як прафесіянал хоць недзе: калі не ў Беларусі, дык у іншай краіне.

У Гомлі можна было далей займацца краязнаўчай арганізацыяй, хіба што памяняць трошкі вектар і фармат, але гэта ўсё было не тое, не спрыяла развіццю. І тады я вырашыла, што варта скарыстацца магчымасцю, і ў 2015 годзе выехала ў Польшчу па праграме Каліноўскага ды атрымала там вышэйшую адукацыю.

Марыся Тульжанкова (фота з асабістага архіву)

Марыся Тульжанкова (фота з асабістага архіву)

У пошуку сябе дзяўчына змяніла ў Польшчы некалькі ВНУ і атрымала ступень магістра ў кірунку мастацтва медыяў. Але падчас навучання Марысю не пакідалі думкі пра Беларусь: мастачка нават на чужыне прасоўвала культурніцкія каштоўнасці нашае краіны.

З самага пачатку я там арганізоўвала канцэрты, розныя традыцыйныя вечарыны, майстар-класы, звязаныя з рамёствамі Беларусі, вучыла польскіх дзяўчат і хлапцоў спевам і танцам. Апошнім мерапрыемствам быў музычна-візуальны канцэрт, дзе я выкарыстоўвала традыцыйныя архаічныя беларускія спевы, задзеяла медыі, зробленыя праз камеру і кампʼютар, спрабавала спалучыць беларускую традыцыю і сучасныя тэхналогіі.

Час навучання Марысі Тульжанковай падыходзіў да канца акурат тады, калі ў Беларусі пачалася выбарчая кампанія 2020-га. І хоць Польшча – файная краіна для жыцця, а маладая мастачка лёгка магла б знайсці там працу паводле спецыялізацыі, сэрца клікала дзяўчыну дамоў.

Канчатковае рашэнне, што я хачу вярнуцца ў Беларусь, было прынятае напярэдадні выбараў. Не магу сказаць, што я даўно пра гэта думала, але рашэнне было прынятае, калі яшчэ не было гэтай усёй палітычнай завірухі ў Беларусі, – распавядае Марыся. – Я пачала прыслухоўвацца да таго, чаго я насамрэч хачу, да інтуіцыі, а не лагічнага мыслення, што так, сапраўды Польшча больш эканамічна развітая краіна, больш магчымасцяў для прафесійнай самарэалізацыі, вышэйшыя заробкі і ўзровень жыцця. Але паўстала пытанне, што для нас ёсць унутранай уласнаю патрэбай. Я зразумела, што для мяне патрэба – гэта місія: прасоўваць універсальныя каштоўнасці, добрыя файныя рэчы і назіраць, як пры дапамозе маёй дзейнасці, нейкай актыўнасці змяняецца атачэнне, экасістэма гораду, грамадства майго гораду.

«Я вярнулася ўжо ў зусім іншую Беларусь, якой не пазнала»

Праз каронавірус абарона дыплому зацягнулася аж да верасня. Марыся вымушаная была некалькі разоў ездзіць з Польшчы ў Беларусь і назад. І тая краіна, якую дзяўчына пабачыла па вяртанні, шакавала яе.

Абмінаючы ўвесь той жах, які адбыўся пасля выбараў, я вярнулася ўжо ў зусім іншую Беларусь, якой не пазнала. Для мяне гэта было такое ўнікальнае перажыванне, бо я не думала, што магчымыя такія хуткія перамены свядомасці. Я ўпусціла з віду нейкія сацыяльныя працэсы ў Беларусі, бо была больш сканцэнтраваная на сваёй польскай сацыялізацыі, таму тое, што адбылося, было для мяне вельмі рэзкім. Я ўбачыла толькі вынік трансфармацыі свядомасці і ментальнасці беларусаў. Для мяне гэта было сапраўды шокам і такой эйфарыяй, якую рэдка перажывае чалавек. І я мару, каб яно хутчэй вярнулася: гэтае адчуванне, што ты ў новым грамадстве з абсалютна адэкватнымі людзьмі, з адэкватным успрыманнем рэчаіснасці і з планамі на будучыню.

Марыся Тульжанкова (фота з асабістага архіву)

Марыся Тульжанкова (фота з асабістага архіву)

Канчаткова пераехаць дамоў Марыся Тульжанкова здолела толькі пасля абароны дыплому – напрыканцы верасня. Гомельцам гэты час запомніўся жорсткімі рэпрэсіямі, сілавымі разгонамі мірных мітынгаў і ганеннямі мясцовых актывістаў. Пад раздачу трапіла і Марыся.

Ужо тады з’явілася адчуванне, што на нашую сям’ю пачынаецца паляванне. Магчыма, гэтаму паспрыяла мая актыўнасць і маё вяртанне ў Беларусь, бо я была матываваная вярнуцца, каб перажываць гэтыя падзеі на радзіме. Магчыма, спрацавалі мае вандроўкі праз мяжу і бэкграўнд. І ўсё разам склалася ў галовах праваахоўнікаў у схему нейкага «лялькавода», а ўлічваючы, што, хутчэй за ўсё, у той момант яны мелі загад шукаць гэтых самых лялькаводаў, то сталі шукаць і пачалі ціснуць кропкава па тых людзях, якія маглі б адпавядаць нейкім стэрэатыпам. Паляванне на сям’ю было заўважным, бо ў маці пачаліся нейкія дзіўныя пытанні на працы, сталі падымаць ейныя архівы, участковы прыходзіў па месцы майго пражывання і цікавіўся мною рэгулярна.

Аднойчы ў кватэру дзяўчыны пагрукалі. Яна пабачыла міліцыянтаў: сказалі, што прыйшлі зрабіць ператрус. На гэта мелася і санкцыя галоўнага пракурора Гомельскай вобласці.

Гэта была справа пра арганізацыю масавых беспарадкаў 9–10 жніўня. Пры гэтым я адсутнічала ў Гомлі ў гэты момант, і ніякіх доказаў на мяне не магло быць. Атрымалася следства наадварот: мы спачатку абшукаем, забярэм тэхніку, а потым знойдзем доказы.

Марыся Тульжанкова (фота з асабістага архіву)

Марыся Тульжанкова (фота з асабістага архіву)

Калі Марыся спытала, што шукаюць міліцыянты, ёй адказалі, што шукаюць вялікія сумы грошай. Але ў выніку ў дзяўчыны на экспертызу забралі толькі носьбіты інфармацыі: камп’ютары, флэшкі, тэлефоны.

Тэхніку адправілі на экспертызу. У маім выпадку, дарэчы, усё было паводле закону: усё было аформлена. Экспертыза доўжылася каля двух месяцаў. Тэхніку вярнулі ў статусе рэчавых доказаў, то бок пазбыцца я яе не магу, напрыклад, бо яе могуць у любы момант забраць для далейшых аператыўных дзеянняў.

Дзяўчыну змясцілі ў ІЧУ ў статусе падазраванай паводле артыкулу 342 («Арганізацыя масавых закалотаў»).

Праз два дні так жа раптоўна Марысю Тульжанкову выпусцілі, але адразу склалі пратакол паводле артыкулу 23.34, дзяўчына атрымала 15 содняў арышту.

Было адчувальна, што насамрэч мяне распрацоўвалі. Я даведалася, што маю справу вядуць сямёра следчых: частка з аддзелу эканамічных расследаванняў, частка з КДБ і частка са Следчага камітэту. Мусіць, яны мелі ўжо нейкі гатовы план адносна мяне, што я буду сядзець доўга і ўпарта, але, улічваючы, што доказаў не было знойдзена, вырашылі даціснуць па 23.34.

Падчас суда Марыся папрасіла азнаёміцца з матэрыяламі справы і зразумела, што падставаю для абвінавачання стаўся здымак з плакатам, размешчаны ў СМІ.

І да гэтага яны не паленаваліся, пашукалі відэазапісы: на той момант я была на плошчы Леніна, у справе былі скрыншоты. Натуральна, яны не сведчылі пра мой актыўны ўдзел і жаданне парушыць закон, як гэта было ў выніку сфармулявана суддзёй. Я абскарджвала гэта ўсё, але, натуральна, выніку гэта не дало.

Здымак, за які Марыся Тульжанкова атрымала 15 сутак

Здымак, за які Марыся Тульжанкова атрымала 15 сутак

Крымінальную справу супраць Марысі пакуль не закрылі. Нядаўна маці Марысі выклікалі да следчага ў якасці сведкі.

Маці праз тэлефон паведаміла, што яна не збіраецца сведчыць, але яе ўсё адно пацягнулі туды і заадно мяне выцягнулі па нейкіх фармальнасцях. Зацягваюць гэта ўсё, але я так разумею з намёкаў, што справу збіраюцца закрыць адносна мяне. Бо мне падаецца, мала хто нават там верыць у тое, што існавалі нейкія арганізатары беспарадкаў.

«Я цвяроза гляджу на сітуацыю і не веру ў тое, што ўсё гэта адкаціцца назад, як лічаць нашыя ідэолагі»

Марыся Тульжанкова праз пераслед з боку праваахоўных органаў так і не паспела забраць дыплому аб сканчэнні ВНУ. Не можа зрабіць гэтага і цяпер, бо застаецца пад падпіскай пра нявыезд. Мастачка кажа, што пакуль сканцэнтраваная на ўласным эмацыйным стане і захаванні спакою. І хоць мае шмат планаў у прасоўванні беларушчыны, але рэалізоўваць іх не бярэцца. Кажа, не надышоў час.

Вельмі цяжка казаць пра нейкія ідэі самарэалізацыі ды нейкія новыя пачынанні, бо ў Беларусі складаная сітуацыя, пэўны пераломны момант. Таму цяжка штосьці планаваць, калі ўсё можа абрынуцца. Тым больш у такім статусе, калі такая ўвага з боку адпаведных органаў.

І другі момант: любыя формы змагання, супрацьстаяння, салідарнасці, дапамогі іншым, непадпарадкавання – гэта ўсё першаснае. Я цвяроза гляджу на сітуацыю і не веру ў тое, што ўсё гэта адкаціцца назад, як лічаць нашыя ідэолагі. Не, гэта немагчыма. Пытанне толькі ў часе, колькі гэта будзе цягнуцца. Таму любая форма супрацьстаяння – гэта выказванне сваёй нязгоды, сваёй пазіцыі, цяпер актуальная.


blstv.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: