Алена Анісім: Да нас у гэтыя дні прыходзяць людзі і ўступаюць у ТБМ

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім па-ранейшаму не верыць, што ўлады гатовыя закрыць ТБМ, разважае на тэму супрацоўніцтва з дзяржавай і адказвае на пытанне «Радыё Свабода», чаму яна не выставіла сваю кандыдатуру на апошніх прэзідэнцкіх выбарах.


— Як выглядае сітуацыя на працэсе наконт магчымага закрыцця ўладамі Таварыства беларускай мовы? Які ваш прагноз на вынік гэтага працэсу?

— ТБМ атрымала два папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі ў сувязі з праверкай дакументаў. І, натуральна, мы чакалі далейшых крокаў. Аднак пра тое, што ў Вярхоўным судзе будзе паседжанне 27 жніўня, мы даведаліся толькі са СМІ. Атрымаўшы дакументы, мы пачалі раіцца з юрыстамі. У выніку 26 жніўня я падала скаргу на другое папярэджанне міністэрства, бо не закончыўся месячны тэрмін з дня нашага азнаямлення з папярэджаннем.

На паседжанні я заявіла хадайніцтва аб пераносе паседжання Вярхоўнага Суда ў сувязі з тым, што наша скарга яшчэ не разгледжаная. Суддзя і пракурор пагадзіліся, што трэба перанесці і спачатку адказаць на нашу скаргу. У мяне стварылася ўражанне, што яны проста чакалі, ці заяўлю я хадайніцтва, і былі гатовыя да гэтага.

— Вы так падрабязна апавядаеце пра гэтыя абставіны, але ўзнікае пытанне, які ў гэтым сэнс. Няўжо вы не разумееце, што калі дадзены адпаведны палітычны загад, то ТБМ закрыюць у любым выпадку?

— Вы слушна сказалі, што калі прынята палітычнае рашэнне, то мы ні на што паўплываць не можам. Я, аднак, спадзяюся, што такое палітычнае рашэнне не прынятае. Што проста Міністэрству юстыцыі далі разнарадку ліквідоўваць грамадскія арганізацыі, і яны гэта робяць.

Я разумею такую рэч. Для беларусаў, якую б пасаду яны не займалі, ліквідаваць ТБМ — гэта тое самае, што адмовіцца ад саміх сабе. То-бок прызнаць, што мы не беларусы і права на беларускую мову ў нас няма. Я толькі на гэты момант і магу спадзявацца.

— На такое спадзяваліся і многія прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў, і людзі, якія траплялі пад рэпрэсіі, маўляў, «мы адзін народ, мы беларусы», але ўлады паказалі, што яны такіх сантыментаў не маюць.

— Цягам мінулых гадоў уладамі ствараліся паралельныя структуры: праўладны саюз журналістаў, саюз пісьменнікаў. Маўляў, ніхто не забараняе быць журналістам ці пісьменнікам — няхай туды ўступаюць, няма ў нас ніякай забароны на прафесію. Але ствараць паралельнае Таварыства беларускай мовы — на гэта, я думаю, ніхто не пойдзе.

— А яно ім патрэбна?

— Гэта козыр ім будзе не лішнім. Калісьці зноў з'явіцца патрэба размаўляць з цывілізаваным светам. І таму я і кажу, што спадзяюся толькі на гэтую логіку. Я разумею, што нас можна закрыць адной левай. І, калі яны гэта зробяць, мы ўсе зразумеем канчаткова, што ўсе масты зруйнаваныя і для ўлады адна дарога — на Усход.

— Якой можа быць стратэгія ў абароне беларускай мовы ў цяперашніх палітычных умовах? Бо раней, падчас «мяккай беларусізацыі» (як бы ні ставіцца да гэтага тэрміну) можна было звяртацца да дзяржаўных структураў, апеляваць за закону. Улада нават часткова адгукалася на нейкія патрабаванні беларусізацыі, не перашкаджала дзеянням актывістаў. Цяпер грамадзянскай супольнасці ўжо не варта спадзявацца на законы, не варта спадзявацца на дзяржаву?

— Я не разумею такой пастаноўкі пытання. Вы неяк аддзялілі «быць грамадзянскай супольнасцю» і «звяртацца да дзяржавы». А што, грамадзянская супольнасць ня мае неабходнасці звяртацца да дзяржавы?

Мы пастаянна звяртаемся. І не таму, што моцна яе любім, але таму, што ёсць пытаньні, якія толькі дзяржава і можа вырашаць.

Калі нам трэба арганізоўваць клас у школе, то мы звяртаемся да дзяржавы, да каго яшчэ?

— Ну вось пытанне ў тым, што калі людзі хочуць стварыць беларускамоўную групу ў садку, ці ім звяртацца ў афіцыйныя структуры, альбо самім ствараць цалкам прыватны садок — без дапамогі дзяржавы?

— Я, вядома, рамантык, але не ў такой ступені. У нас ёсць паралельная Беларусь? Не. Калі сённяшняя ўлада імкнецца захавацца, то яна вымушаная вырашаць і тыя пытанні, якія ёй не падабаюцца. Адкрываць беларускія садкі, бо падаткі плацяць усе грамадзяне, у тым ліку беларускамоўныя. У Канстытуцыі напісана, што беларуская мова дзяржаўная.

Якая б улада не была ў Беларусі, яна павінна ведаць, што тут ёсць грамадзянская супольнасць, якая будзе ўздымаць пытанне паўнавартаснага функцыянавання беларускай мовы. І ў гэтым галоўны сэнс функцыянавання нашай арганізацыі.

— Цяпер, пасля падзеяў 2020-2021 гадоў, многія называюць гэтую ўладу «акупацыйнай». Калі прыняць гэтую фармулёўку, то з такой уладай і нельга супрацоўнічаць?

— Часам гэтая ўлада сапраўды паводзіць сябе як акупацыйная, тут я магу пагадзіцца. Але ж колькі беларусаў нават падчас розных акупацыяў выкладалі па-беларуску. Адказ ляжыць на паверхні, наша гісторыя багатая на прыклады, як мы жылі пад акупацыяй.

Цяпер пытанне ў тым, наколькі моцнае наша жаданне жыць пры беларускай уладзе, хто гатовы быць у гэтай уладзе і праводзіць там прабеларускую палітыку.

— Вы былі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання, але ў наступны склад, на выбарах 2019 года, вас ужо не прапусцілі. Чаму? Што тады здарылася? Ужо пачаўся той пералом у палітыцы, які і закончыўся падзеямі 2020 года?

— Так. Вы слушна зазначылі. Нікога не прапусцілі і, дарэчы, нам, дэпутатам, нават не далі дабыць свайго тэрміну, скараціўшы яго на цэлы год. Можна зрабіць выснову, што ўжо тады стратэгія ва ўладзе была не на далейшую дэмакратызацыю, а на татальны кантроль. І не дапусціць, каб хоць хто-небудзь у Палаце прадстаўнікоў хоць адно слова казаў супраць.

Для мяне асабіста гэта не было нейкім магутным ударам. Але, вядома, было расчараванне. Бо я ўжо ведала, як людзей натхняе, што нехта ў заканадаўчым органе Беларусі гаворыць па-беларуску.

— У жніўні 2019 года ў інтэрвію вы паведамілі, што збіраецеся вылучацца на прэзідэнцкіх выбарах. Што здарылася, чаму вы ў выніку адмовіліся ад гэтай ідэі?

— Што б я выйграла, калі б уступіла ў 2020 годзе ў выбарчую кампанію? Я думаю, нічога. У мяне ніколі не было такіх рэсурсаў і магчымасцяў, каб ісці ў кампанію супернічаць з такімі фінансавымі магнатамі, як Віктар Бабарыка ці Валерый Цапкала. Я праводзіла працу, спрабавала знайсці ўплывовую сілу, якая таксама ўключылася б у палітычную кампанію.

Калі я ўбачыла, што такой сілы, якая была б гатовая зрабіць на мяне стаўку, у нас не аказалася, я зразумела, што ўсё астатняе бессэнсоўна. Я ўбачыла, што поспеху кампанія мець не будзе — значыць, не трэба яе і пачынаць.

— Падчас леташніх падзеяў многія людзі павярнуліся да беларускай нацыянальнай сімволікі, да мовы, падчас дваровых сустрэч людзі запрашалі і слухалі беларускамоўных музыкаў, пісьменнікаў. Аналітыкі і публіцысты нават загаварылі (магчыма, занадта аптымістычна) пра новы крок у нараджэнні нацыі. Вы схільны ацэньваць гэтыя працэсы ў такім аспекце?

— Жнівеньскія падзеі 2020 вельмі моцна паўплывалі на беларуская грамадства. Вера ва ўладу пахіснулася, і, каб прадэманстраваць свой паварот ад улады, людзі пачалі карыстацца і нашымі нацыянальнымі сімваламі, і беларускай мовай. Нядаўна адна мая рускамоўная знаёмая пачала размаўляць па-беларуску і сказала, што не хоча, каб знішчылі мову яе бацькоў і дзядоў. Да нас у гэтыя дні прыходзяць людзі і ўступаюць у ТБМ.

Так што задача наша ў тым, каб, нягледзячы на рашэнне Вярхоўнага суда, мы ўмацавалі і павялічылі свой патэнцыял у грамадстве, каб беларуская мова была больш запатрабаванай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: