Алесь Бяляцкі: Улады выразна дэманструюць сваё стаўленне да Курапатаў

32 гады таму, 30 кастрычніка 1988 года, тысячы чалавек зладзілі шэсце ў Мінску да ўрочышча Курапаты, дзе ў 30-я мінулага стагоддзя гады супрацоўнікі НКВД вынішчылі тысячы невінаватых людзей, нагадвае Радыё Рацыя.



01445302.jpg

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае следства, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Сёння ў маршы на Курапаты ішоў праваабаронца Алесь Бяляцкі, які памятае тыя часы:

— Гэтым шляхам, дарэчы, ішоў ход, калі ўсталёўвалі Крыж пакуты ў 1989 годзе, я добра памятаю, менавіта па Карбышава ішла тады калона з Крыжам наперадзе, які потым усталявалі ў Курапатах. І зараз мы паўтараем гэты пакутны шлях, але зусім з іншымі адносінамі ўладаў. Бо ў 1989 годзе ўсё ж такі не чапалі дэманстрацыі. Пасля разгону Дзядоў у 1988 годзе фактычна да 1995 года дэманстрацыі і мітынгі праходзілі ў Беларусі амаль без затрыманняў, амаль без праблемаў.

 На жаль, сённяшняя сітуацыя адваротная — масавыя рэпрэсіі, затрыманні, ужыванне спецсродкаў. Лукашэнка некалькі разоў казаў, што ўсё адбываецца паводле яго загаду.