Андрэй Скурко не вызвалены. Яго затрымалі ізноў, за што — невядома

У нядзелю, 18 ліпеня, скончыўся 10-сутачны тэрмін затрымання кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы» Андрэя Скурко, якога забралі па арт. 342 КК. За гэты час яму не было прад’яўлена абвінавачванне, не была абраная мера ўтрымання, ён сядзеў у ізалятары на Акрэсціна як падазраваны.

ewgv7sqxsaeglwb.jpg


Сёння яго, як і галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, не адпусцілі, а затрымалі ў другі раз, ужо па новым артыкуле Крымінальнага кодэксу, піша «Наша Ніва». Па якім менавіта, следчы не гаворыць. Вядома толькі, што на гэты раз затрымалі на трое сутак. Інфармацыі пра тое, чаму не вызвалілі галоўнага рэдактара «Нашай гісторыі» Андрэя Дынько, блізкія дагэтуль не маюць.

Дзясяты дзень яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, 15 ліпеня супрацоўнікі ІЧУ прынялі ў родных перадачы, але так і не перадалі іх затрыманым.

Увесь гэты час вязні сядзяць без зменнай бялізны, дадатковай ежы і пітва, мінімальных гігіенічных сродкаў, нягледзячы на спёку, якая стаіць гэтымі днямі. Ім не выдаюць матрацы і пасцельную бялізну, спяць яны на падлозе ці голых шконках. Усё гэта з’яўляецца грубым парушэннем закона і ўнутраных правілаў ІЧУ.

Сваякі нашаніўцаў па гэтым факце звярнуліся на прамую лінію МУС, звароты зарэгістраваныя і павінен быць пісьмовы адказ. Нашаніўцы прызнаныя палітвязнямі.