Беларусы перамаглі ў бегавым выкліку дзеля дзяцей

Беларусы ва ўсім свеце за 10 дзён прабеглі дзеля дзяцей 114 971 км. Прычым неабходны «статысячнік» пераадолелі загадзя — у перадапошні дзень сацыяльнай акцыі «Выклік 100 000: velcombegom».

itohi.jpg

Згодна з умовамі, velcom пералічыў 100 тысяч рублёў Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі.

У сярэднім беларусы сумарна прабягалі па 10 тысяч кіламетраў штодня. Рэкорднымі выдаліся апошнія выходныя, калі за два дні агульная «скарбонка» папоўнілася амаль на 40 тысяч кіламетраў. Усяго ж сваімі кіламетрамі падзяліліся больш за 10 900 чалавек. Пакуль адны бегалі са смартфонам у адзіночку, іншыя асвойвалі маршруты разам. Бегавыя ўікэнды прайшлі ў Мінску, Брэсце, Гродна, Магілёве, Баранавічах, Салігорску, Барысаве і Астрашыцкім Гарадку.

Бегалі дзеля дзяцей не толькі ў Беларусі — дапамагалі дзецям і суайчыннікі з 20 краін свету. У прыватнасці, да сацыяльнай акцыі далучыліся беларусы ў Кітаі, ЗША, Расіі, Германіі, Чарнагорыі, Польшчы, Італіі і Іспаніі. Прабежкі таксама ладзілі ў Чэхіі, Літве, Малдове, Арменіі, Балгарыі, Партугаліі і Венесуэле.

Большасць маршрутаў пралягала ў гарадах. Некаторых удзельнікаў натхнілі маляўнічыя месцы: Нясвіжскі замак, Брэсцкая крэпасць, Белавежская пушча і Уральскія горы. Незвычайным апынуўся і стартавы забег у парах «1 + 1» у сталічным парку Перамогі, калі ўсім жадаючым прапанавалі прыйсці з парай або знайсці яе на месцы.

Разам з усімі бегалі і беларускія футбалісты. «Выклік 100 000: velcombegom» прынялі ігракі мінскага і брэсцкага «Дынама», а таксама нацыянальнай зборнай Беларусі. Усе яны выкарыстоўвалі трэкеры падчас трэніровак, пасля чаго перадалі свае кіламетры ў дапамогу дзецям. Перанялі іх прыклад і спартыўныя аматары.

Сабраныя 100 тысяч рублёў velcom прызначаны для патрэб Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі. Генеральны дырэктар velcom Гельмут Дуз перадаў сёння сертыфікат на рэкордную для бегавых ініцыятыў суму галоўнаму ўрачу ўстановы Галіне Радзівонавай. Цэнтр унікальны тым, што ў ім праходзяць лячэнне дзеці з цяжкімі захворваннямі. Грошы пойдуць на набыццё новага медыцынскага абсталявання.

Сацыяльная акцыя праходзіла з 26 жніўня па 4 верасня. Каб зрабіць свой унёсак, трэба было прабегчы са смартфонам і зафіксаваць адлегласць любым фітнес-дадаткам. Вынікі ў выглядзе скрыншота c указаннем даты і кіламетражу прасілі выкласці ў сацсеткі з хэштэгам #velcombegom або # велкомбегом. Уклад кожнага ўдзельніка быў улічаны, па-за залежнасці ад таго, колькі ён прабег.

Прамежкавыя вынікі кожны дзень з'яўляліся на гіганцкім экране, які ўсталявалі на фасадзе velcom-цэнтра. На ім можна было ўбачыць, якую колькасць кіламетраў прабеглі беларусы з пачатку бегавой кампаніі.

«Мы шчыра ўдзячныя кожнаму, хто прыняў «Выклік 100 000: velcombegom » і зрабіў свой унёсак у агульны поспех, — адзначыў генеральны дырэктар кампаніі velcom Гельмут Дуз. — Мы ўпэўненыя, што будучыня за дабрачыннымі праектамі, якія злучаюць намаганні бізнеса і грамадства. #velcombegom — яркі прыклад такога падыходу. Ён аб'ядноўвае тысячы людзей для добрых спраў у дапамогу дзецям, дае стымул для заняткаў спортам і ўносіць значны ўклад у развіццё бегавога руху ў Беларусі».

«Выклік за 100 000: velcombegom» правёў velcom пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя. Сацыяльная ініцыятыва ставіла мэту дапамагчы дзецям, а таксама павысіць цікавасць да бегу і здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва. Рэспубліканская дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі, якой накіраваны сабраныя сродкі, — адзіны ў краіне цэнтр, дзе праходзяць аднаўленне дзеці з гемафіліяй, анкалогіяй і хваробамі нырак.