«Беспадстаўнага аптымізму не мае». Абаронца «Плошчы Перамен» Сцяпан Латыпаў чакае калоніі

Сяброўка жыхара «Плошчы Перамен» Сцяпана Латыпава, якога асудзілі на 8,5 года зняволення, расказала Свабодзе, як ён жыве перад пераводам у калонію.

Сцяпан Латыпаў

Сцяпан Латыпаў

Сцяпана Латыпава затрымалі ў верасні 2020 года, калі ён абараняў мурал «дыджэям перамен» і папрасіў у невядомых паказаць пасведчанне. На пачатку суда ён уставіў сабе ў горла востры прадмет і спрабаваў зрабіць самагубства.

Мяркуе, што зменаў не будзе яшчэ некалькі гадоў

Сяброўка Сцяпана, якая папрасіла не называць яе імя, расказала, што ён па-ранейшаму на «Валадарцы», чакае разгляду апеляцыі.
У сярэдзіне верасня Латыпаў пісаў, што знаёміцца з аўдыёзапісамі судовага працэсу і «перажывае ўсё зноў». Ён выказаў думку, што сітуацыя ў Беларусі не зменіцца яшчэ некалькі гадоў.
Ліставанне са Сцяпанам кепскае. Апошнім часам ён стаў пісаць больш лістоў, але мала што з іх даходзіць. Прычым яго лісты ад часу знаходжання ў «прэс-хаце» (памяшканне, дзе для вязня ствараюць невыносныя ўмовы, б’юць, катуюць. — РС) сталі карацейшыя, менш падрабязныя, менш адкрытыя.
Арбарыст па-ранейшаму дасылае сваім карэспандэнтам вожыкаў у малюнках і арыгамі.
«Гэта вожык Матыльда, яна любіць валошкі і спяваць», — прадставіў ён адну са сваіх вожычых.

Яму таксама многія шлюць паштоўкі з вожыкамі, нехта складае для яго казкі пра вожыкаў.

Вожык Матыльда ад палітвязня Сцяпана Латыпава

Вожык Матыльда ад палітвязня Сцяпана Латыпава


Перажывае, што набраў вагу за кратамі

У другой палове жніўня Сцяпан пісаў, што «вельмі стаміўся, не разумее, што адбываецца і чаго чакаць», што «вельмі перажывае за бацьку і сяброў, за ўсіх». «Сцяпан не мае беспадстаўнага аптымізму наконт сваёй найбліжэйшай будучыні, аднак ён не прыгнечаны і не ў дэпрэсіі. Хоць настрой бывае розны: вядома, сітуацыя зусім не простая і не вясёлая», — заўважае сяброўка.
Сцяпан піша, што яго цягне да свежага паветра, да дрэваў, туды, дзе ёсць неба.

Казка пра вожыкаў, якую сяброўка напісала для Сцяпана Латыпава і даслала ў СІЗА

Казка пра вожыкаў, якую сяброўка напісала для Сцяпана Латыпава і даслала ў СІЗА


У верасні палітвязень паведаміў, што да яго дайшла пасылка ад сяброўкі з сушаным мясам, якое ён вельмі любіць.
«Ён шкадуе, што хутка „гэтае шчасце“ скончыцца, бо ў калоніі яму будуць дазволеныя перадачы і пасылкі толькі ад сваякоў і ў вельмі невялікай колькасці», — тлумачыць суразмоўца.
Што Латыпаў просіць у сяброў, каб яму дасылалі:

  • сушанае мяса і рыбу, але несалёныя, бо салёнай ежы ў вязняў шмат;
  • любое дазволенае смачнае мяса («Сцяпан — вялікі мясаед»);
  • сушаныя ягады без цукру.

Салодкага і выпечкі ён не просіць, бо хоча схуднець.
Сяброўка мяркуе, што Латыпаў пакрысе адаптуецца да існых абставінаў, бо пачаў думаць пра час, які наперадзе. Ён пераймаецца, што набраў вагу. Плануе ў наступныя 8 год прывесці сябе ў добрую форму. Вядома, што раней ён займаўся спортам у дворыку для прагулак.

Зрабіў прышчэпку ад каронавіруса, чытае 20 выданняў штомесяц

Пасля спробы суіцыду парэз у Сцяпана загаіўся добра, без ускладненняў, без запалення. Дзеля гэтага яму перадавалі ў СІЗА адпаведныя лекі, пластыры.
Цяпер на здароўе Сцяпан не скардзіцца. Адзінае, што ў яго з'явіўся хранічны кашаль, бо ў камеры шмат кураць. Латыпаў перахварэў на каронавірус яшчэ летась увосень. Вядома, што ён рабіў за кратамі прышчэпку ад каронавіруса.
У камеры Латыпава ёсць тэлевізар. Сябры і знаёмыя падпісалі яго на вялікую колькасць выданняў, прыкладна 20 часопісаў і газет у месяц. Сярод іх навінавыя выданні: газеты «Ганцавіцкі час», «Инфо Курьер», навукова-папулярныя часопісы і газеты, як Discovery, «Популярная механика», «Родная прырода», «Беларускі гістарычны часопіс», «Краязнаўчая газета». Газету «Беларусы і рынак», якую яму выпісваюць, вязню не перадаюць.
Адвакатка наведвае яго штотыдзень.