Без вестак зніклыя

Родныя Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, якія зніклі без вестак дзесяць гадоў таму, лічаць, што ўлады могуць імітаваць расследаванне гэтых гучных спраў, каб набраць палітычныя бонусы напярэдадні наступнай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Родныя Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, якія зніклі без вестак дзесяць гадоў таму, лічаць, што ўлады могуць імітаваць расследаванне гэтых гучных спраў, каб набраць палітычныя бонусы напярэдадні наступнай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
Дзесяць гадоў таму ў Беларусі зніклі без весткі двое апазіцыйных палітыкаў — былы міністр унутраных спраў генерал Юрый Захаранка і былы кіраўнік Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар, бізнесмен Анатоль Красоўскі. Праз год знік аператар расійскага тэлеканала ОРТ, былы асабісты аператар Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Завадскі.
Следства па справе знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага праводзілася не толькі па факце знікнення, але і забойства. Кропка ў гэтых расследаваннях дагэтуль не пастаўлена. Следства па справе Дзмітрыя Завадскага было спынена ў сакавіку 2006 года. У 2002 годзе Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Дзмітрыя Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае зняволенне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю). Ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны. У 2003 годзе суд Фрунзенскага раёна сталіцы прызнаў зніклага журналіста памерлым, але цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.
Адмысловы дакладчык юрыдычнай камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Хрыстас Пургурыдэс у 2004 годзе па выніках візіту ў Беларусь падрыхтаваў справаздачу «Зніклыя асобы ў Беларусі», у якой гаварылася, што сляды вінаватых у знікненні названых людзей вядуць у бліжэйшае атачэнне беларускіх уладаў, у прыватнасці сярод падазраваных фігуруюць былы камандзір вайсковай часткі 3214 Дзмітрый Паўлічэнка, экс-міністры МУС Уладзімір Навумаў і Юрый Сівакоў, былы генпракурор Віктар Шэйман.
З высновамі Пургурыдэса пагаджаецца і юрыст праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінскі камітэт» Гары Паганяйла, які адсочвае развіццё спраў на працягу дзесяці гадоў. «Гэтыя злачынствы ўжо раскрытыя на юрыдычным узроўні. Былі высветлены асобы, якія падазраюцца ў выкананні гэтых злачынстваў. Знікненне экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі, які валодаў канфідэнцыяльнай інфармацыяй, павінна было б прымусіць улады хутчэй расследаваць гэту справу. Аднак крымінальная справа па факце знікнення Юрыя Захаранкі была заведзена толькі пасля знікненняў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Дзяржава праявіла нежаданне раскрываць гэтыя справы. Гэта ўскосна пацвярджае версію, што да знікнення маюць дачыненне вышэйшыя службовыя асобы Беларусі», — адзначае юрыст.
Тэрміны расследавання спраў Ганчара, Красоўскага, Захаранкі ў чарговы раз падоўжаныя на два месяцы — да пачатку кастрычніка. Сваякі зніклых мяркуюць, што расследаванню могуць надаць наўмысна няправільны накірунак. Зінаіда Ганчар — жонка зніклага без вестак палітыка Віктара Ганчара расказала, што ў некаторых РАУСах з’явіліся фотаздымкі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, быццам бы вядуцца апытанні людзей аб тым, ці бачылі яны чырвоны аўтамабіль «БМВ», сляды якога былі знойдзеныя на месцы здарэння. Разам з тым жанчына адзначае, што следчы Вараўка, які зараз вядзе справу, адмаўляецца кантактаваць з роднымі зніклых.
Зінаіда Ганчар, Вольга Завадская і Ульяна Захаранка звярнуліся ў ПАСЕ з просьбай правесці парламенцкія слуханні па справе зніклых у Беларусі. Лісты з просьбай пачаць міжнароднае следства былі накіраваныя да прэм’ер-міністра Швецыі, краіны, што старшынствуе цяпер у ЕС, таксама да кіраўнікоў Расіі, ЗША і Германіі.
Адмысловы зварот быў накіраваны да генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. У ім сваякі просяць прадставіць справаздачу пра вынікі расследавання да 16 верасня. «Калі беларускія праваахоўныя органы не здольныя расследаваць гэтыя злачынствы, мы гатовы дапамагчы ў прыцягненні да расследавання спецыялістаў з іншых краін. Мы хочам, каб былі пакараны вінаватыя ў гэтых злачынствах», — гаворыцца ў лісце.