Бульба як сацыяльная сетка

Пра сёлетнюю «ўборачна-бульбяную» кампанію як сацыяльную з’яву, народны гумар і дэсакралізацыю ўлады на budzma.by піша Аліна Бялова.

«А я не саджаю бульбу, навошта, калі яе можна набыць?», — усё часцей можна пачуць ад розных людзей. Маўляў, высілкі на пасадку, гадаванне і ўборку большыя, чым проста аддаць грошы. «Гэта рытуал», — адказваю такім людзям я.

Бульба — гэта для беларусаў сацыяльная сетка. Падаецца, толькі на могілках могуць сустрэцца тыя ж родзічы, сябры, знаёмыя, якія два разы ў год сустракаюцца «на бульбе» — у час яе пасадкі і ў час яе ўборкі. Прычым, чым большы надзел зямлі пад пасадку бульбы, тым шырэйшае кола «фрэндаў», якія задзейнічаныя ў гэтай сацыяльнай сетцы.

Сапраўды: адна справа — накапаць пару мяхоў для сябе. Іншая — калі з аднаго гарода бульбай забяспечваюцца сваякі, блізкія і далёкія родзічы. Тады ўжо даводзіцца збіраць усіх, каго не бачылі, мажліва, год.

Дзеянне гэтай сацыяльнай сеткі адбіваецца і на функцыянаванні дзяржавы. Чаму ва ўладаў, будзем шчыра казаць, правалілася святкаванне Дня Мінска? Так, большасць беларусаў цяпер проста ігнаруюць афіцыйныя мерапрыемствы, уключаючы падобныя «святы». Мінчукі байкатавалі афіцыйны Новы год, Дзень перамогі, Дзень вызвалення Мінска ад нацыстаў, байкатавалі і Дзень горада. Але гэты байкот адбыўся яшчэ і таму, што багата хто паехаў капаць бульбу.

«Увогуле, як можна хадзіць на дзяржаўныя святы, калі ты не ўпэўнены, ці вернешся ты дадому?», — менавіта ў час капання бульбы было зададзенае гэтае рытарычнае пытанне. Сапраўды, людзі ведаюць, што адбываецца ў краіне, як можна атрымаць суткі за прычоску не таго колеру, і разумеюць, што ад дзяржавы нічога добрага чакаць не даводзіцца.

Дзяржава, відавочна, перабаршчыла з рэпрэсіямі. Яна спрабуе загнаць народ на дзяржаўныя мерапрыемствы ў «добраахвотна-прымусовым парадку», пад ціскам на працы і навучанні. Аднак, аказваецца, што ў тым ліку з-за страху падпасці пад рэпрэсіі людзі не ходзяць на дзяржаўныя мерапрыемствы.

Канешне, найперш у працэсе капання бульбы сярод родзічаў вялікая ўвага надаецца «сваім» — блізкім і суседзям. Навіны асабістага жыцця перацякаюць ад адной крыніцы да другой: хто ажаніўся, хто памёр, хто моцна п’е, а хто «ў завязцы». Але палітыка таксама займае неслабое месца ў народным абмеркаванні. І канешне ж, пачынаецца гэта з таго, «хто з’ехаў».

Прычым, палітолагам вельмі далёка да народнай мудрасці ў асэнсаванні палітычных падзей. Так, Лукашэнка і Пуцін узгаднілі «інтэграцыйныя праграмы» акурат напярэдадні «бульбяных» выходных. «Ну што, мы адной нагой у Расіі?» — пытаецца жанчына.

«Мы ўжо дваццаць гадоў адной нагой у Расіі, так і стаім раскаракам», — кажа пенсіянер. І згадвае, як яшчэ ў час яго працы, у 1999 годзе яго калегі на працы бегалі і мітусіліся, абмяркоўваючы, што ў Беларусі ўвядуць расійскі рубель. Аднак ён ужо на пенсію выйшаў, а гэтай значнай падзеі так і не дачакаўся.

Інтэграцыйныя працэсы трапілі ў тую ж пастку, што і сам «незмываемы». Працэсы 2020-га яскрава паказалі, што народ стаміўся ад адной і той жа асобы на вышэйшай выбарнай пасадзе. Стаміўся ён і ад бясконцай і безвыніковай «інтэграцыі». У яе проста ніхто не верыць — як не вераць і пакуль што кіраўніку Беларусі.

Увогуле бачна, як змянілася стаўленне ў народа да ўлады. Абмяркоўваючы тую ж сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна, людзі абмяркоўваюць не прынятыя рашэнні, а тое, «як наш аблапаў Пуціна, нібы гноміка». Народ абмяркоўвае, у асноўным, не прынятыя рашэнні (бачна, на інтуітыўным узроўні разумеючы вялікую розніцу паміж прыняццём гэтых рашэнняў і іх выкананнем), а тое, як паводзілі сябе «высокія дамоўныя бакі». І, між іншым, проста кпіць з гэтых паводзінаў. Да Лукашэнкі ставяцца не сур’ёзна, а са злым гумарам, абмяркоўваючы «братнія абдымкі», шпіца на ваенных вучэннях і іншыя аспекты яго ўчынкаў.

Гумар, як неаднаразова было сказана — гэта інструмент дэсакралізацыі ўлады. І па тым, як успрымаецца беларуская ўлада, бачна, што яна страціла сваю сакральнасць, сваю легітымнасць.

Дый сам факт цяпер капання бульбы — гэта паказчык назапашвання і няўпэўненасці ў тым, што ўлада здолее захаваць эканамічную і фінансавую стабільнасць у краіне.

«А вось не пацікавіліся, колькі каштуе бульба на рынку — праходзілі ж міма... Што? Рубль-дваццаць? Нічога сабе, дванаццаць тысяч старымі — і гэта ў сезон!» Зразумела, што народ ніколі не будзе задаволены ўзроўнем сваіх заробкаў і пенсій — усім хочацца атрымаць як мага больш з як мага меншымі высілкамі. Але сёлетняя «ўборачна-бульбяная» кампанія наклалася і на падвышэнне коштаў на мяса. Уладзе згадваюць гэтае падвышэнне на фоне ранейшых абяцанак «замарозіць» кошты...

Карацей, у працэсе менавіта гэтага рытуалу і дзеяння менавіта гэтай сацыяльнай сеткі разумееш — нікуды не падзеліся «неверагодныя 97%».

Можна загнаць пратэст углыб. Можна звышнапружанымі рэпрэсіямі нібыта «ўтаймаваць», «сцішыць», «пацыфікаваць» пратэсты. Аднак незадаволенасць людзей нікуды не падзелася. Нас — па-ранейшаму 97%. І гэта робіць немагчымым для ўлады сумленную перамогу на любых выбарах.

А потым — канешне ж, дранікі. І абмеркаванне таго, што «ў мінулым годзе набылі бульбу на рынку, а яна як мыла, немагчыма есці. А сёння ж — свая. Сваё смачнейшае. І без пестыцыдаў».

Ці можна лічыць словы «сваё смачнейшае і без пестыцыдаў» азначэннем асэнсавання каштоўнасці незалежнасці краіны? Я далёкая ад такіх глабальных высноваў. Але тое, што гэтыя словы з’яўляюцца высновай незалежнасці грамадзян ад дзяржавы — напэўна.

Аліна Бялова, budzma.by

 




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: