Былога начальніка Ганцавіцкага РАУСа накіравалі ў псіхлячэбніцу праз намер здзейсніць суіцыд

Начальніка Ганцавіцкага РАУСа, 43-гадовага Віталя Куляшова, які запомніўся брутальнымі затрыманнямі пратэстоўцаў у райцэнтры, знялі з пасады ў жніўні. Пасля адстаўкі Куляшова спачатку адправілі ў калгас, а затым — у Навінкі.

Віталь Куляшоў / «Ганцавіцкі час»

Віталь Куляшоў / «Ганцавіцкі час»


Куляшова адправілі кіраваць сельскагаспадарчым прадпрыемствам у Столінскім раёне, бо па першай адукацыі ён — ветэрынар: у 2000 годзе ён скончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны.
Ці працаваў ён па першай спецыяльнасці, невядома, але з верасня 2000 года пачаў кар'еру ў міліцыі.
«Ужо на працы ў калгасе Куляшоў ці то зрабіў спробу суіцыду, ці то публічна абвясціў, што мае намер такое зрабіць — як вынік, яго адправілі на абследаванне ў Навінкі», — тлумачаць дасведчаныя крыніцы.
Да таго, як стаў кіраўніком Ганцавіцкага РАУСа, Куляшоў быў намеснікам начальніка Столінскага РАУСа, узначальваў міліцыю грамадскай бяспекі. Вялікую частку прафесійнага жыцця праслужыў у Баранавічах. А запомніўся Куляшоў тым, што кіраваў брутальнымі затрыманнямі ў Ганцавічах падчас акцый пратэсту.