Былы настаўнік пра новае пакаленне вучняў: «Дзеці ведалі Ціханоўскую і чаму Лукашэнка кепскі чалавек»

«Свабода» паразмаўляла з былым настаўнікам адной з мінскіх школ, які мусіў звольніцца праз пагрозы і ціск з боку кіраўніцтва. Хлопец расказаў, як са школы прыбіраюць супрацоўнікаў з «няправільнай» пазіцыяй.

f711f8b6_f78c_48d1_8b63_c47ae76ffdcb_w1023_r1_s.jpg

«Дзеці замазалі ў дзённіках дзяржаўны сцяг і зрабілі з яго бел-чырвона-белы»

Аляксандр (імя змененае па просьбе суразмоўцы) уладкаваўся ў школу толькі ўлетку 2020 года. Кажа, што выразна разумеў, што адбываецца ў краіне, але ўсё роўна вырашыў паспрабаваць.

«Калі я працаўладкоўваўся, яшчэ ішла выбарчая кампанія і ніхто нічога не забараняў. У нас у школе ўсе хадзілі з белымі стужкамі, усе размаўлялі спакойна пра палітыку, былі пазітыўныя, добрыя, нават адміністрацыя. Было бачна: усе чакаюць нейкіх перамен. Пасля выбараў мы ўсе абмяркоўвалі палітычную сітуацыю, усе былі ў шоку ад таго, што адбывалася, і значная колькасць настаўнікаў пратэставала», — кажа настаўнік Аляксандр.

На пачатку верасня адбылася педагагічная нарада, дзе кіраўніцтва сказала, што школа па-за палітыкай, на ўроках нічога расказваць дзецям нельга, усё рабіць па падручніках, тлумачыць Аляксандр.

«Зразумела, што нерэальна нічога не расказваць. Як я, так і большасць настаўнікаў усё роўна закраналі тэму, і дзеці пра гэта размаўлялі, яны ведалі, хто такая Ціханоўская і чаму Лукашэнка кепскі чалавек. Гэта было ў іх сем’ях. Таксама я вёў урок мастацтва, і калі быў які-небудзь малюнак на вольную тэму, кожны раз нехта маляваў бел-чырвона-белы сцяг ці штосьці з гэтым звязанае».

Некаторыя школьнікі хадзілі з белымі стужкамі, налепкамі, нават у цішотках з «Пагоняй», кажа суразмоўца.

«Аднойчы група дзяцей замазала карэктарам у дзённіках дзяржаўны сцяг, зрабіла з яго бел-чырвона-белы. Школа гэта замяла. Як мне сказалі, дзяцей прымусілі набыць новыя дзённікі. Але было зразумела, што проста большасць людзей за перамены».

«Я ніколі не хаваў, што хаджу на мітынгі»

Калі на пачатку лістапада буйныя маршы прыпыніліся, адміністрацыя школы ажывілася, кажа хлопец, пачала лавіць настаўнікаў і рабіць заўвагі за стужкі.

«Яны пачалі хадзіць на нашы інфармацыйныя гадзіны раз на тыдзень, — прыгадвае Аляксандр. — Часам на іх бывае нейкая вострая тэма для грамадства, не заўжды палітычная, але даволі часта звязаная з сацыяльнымі рухамі ў краіне. Адміністрацыя сядзела на гэтых класных гадзінах, каб, не дай божа, хтосьці штосьці не расказаў дзецям».

Ціск узмоцніўся пасля зімовых вакацый. Настаўнік лічыць, што ў першай палове навучальнага года ў адміністрацыі школы была разнарадка «зверху» абмінаць тэму палітыкі, быццам нічога не адбылося. Нехта з кіраўніцтва нібыта нават пераходзіў на бок настаўнікаў.

«Па школах пачалі ездзіць ідэолагі, у нас была адна з самых жорсткіх "лукашыстак". Адміністрацыя ўжо наўпрост казала: "Нам прыйшла разнарадка праглядаць вашы сацыяльныя сеткі. Калі пабачым там штосьці звязанае з апазіцыяй ці фота з пратэстаў, каб мы адразу звальнялі і пісалі на вас даносы."».

На сходах настаўнікам казалі, каб ніхто нікуды не хадзіў, пачало гучаць «Ну вы ж усё самі разумееце», кажа Аляксандр.

«Я ніколі не хаваў на працягу году, што хаджу на мітынгі, таму за мяне вырашылі ўзяцца больш канкрэтна. Наша дырэктарка раскрыла сваю сутнасць. Раней яна казала, што ў яе ў сям’і хтосьці таксама на баку пратэстоўцаў, за перамены, а яна за дзяржаву, таму заўсёды між двух супрацьлегласцей. А тут, перад прыездам чыноўніцы-ідэолага, пачала гаварыць: «Вось чым вам не падабаецца Лукашэнка? Можа ён няправільна перамог на выбарах, але пры ім у мяне сям’я, я атрымала кватэру, заробак добры. Я не хачу, каб гэтае быдла [апазыцыя] прыйшло да ўлады».

bbd9be56_5cc3_4c9c_b7d8_99833f377c0f_w650_r0_s.jpg

«Маўчыце, маўчыце! Проста ківайце!»

Перад прыездам ідэолага адміністрацыя школы спрабавала кантраляваць літаральна ўсё, кажа Аляксандр.

«Чыноўніца гэтая прыехала рабіць прэзэнтацыі. Дырэктарка казала нам: "Маўчыце, маўчыце! Проста ківайце! Галоўнае, не спрачайцеся з ёю!" З усяго, што расказвала чыноўніца, адукацыйны парадак дня заняў 25-30%, а ўсё астатняе — "вам хадзіць на маршы не трэба, вы ж дзяржаўныя служачыя, вы ж усе павінны быць за дзяржаву і падтрымліваць яе". Потым яшчэ яна дадала, што ганарыцца тым, што знаходзіцца ў тэлеграм-канале "Каратели Беларуси"».

Праз пэўны час да Аляксандра зноў падышла дырэктарка і папрасіла напісаць заяву аб звальненні без даты, калі той збіраецца і надалей хадзіць на пратэсты. Аляксандр кажа, што так робіцца адмыслова, каб «абяліць» кіраўніцтва: калі б хлопца затрымалі, заяву падпісалі б задняй датай.

«Я пракансультаваўся з юрыстам, і калі наступны раз дырэктарка да мяне падышла, я сказаў: "Гэта парушэнне закону, таму падпісваць нічога не буду. Калі хочаце мяне звольніць, то звальняйце, але за ўвесь час у мяне не было вымоў, я лічу, што свае абавязкі выконваю добра". На што мне адказалі: "Я знайду іншыя спосабы, каб ты гэта напісаў."».

Аляксандру ў той дзень завуч зрабіла дзве вымовы: ён не меў зробленага асабіста плана-канспекта ўрока (настаўнік карыстаўся адмысловай кнігай) і не правёў фізкультурную хвілінку.

«Потым прыбегла дырэктарка, і такая: "Аляксандр, твой клас не здаў туалетную паперу ў фонд школы". Пра гэта мяне наогул не папярэджвалі, але зрабілі вымову. Адміністрацыя мне амаль не тлумачыла, як працаваць класным кіраўніком. Яны не маюць права ставіць настаўніка, які толькі прыйшоў у школу. Што мне трэба рабіць, я даведваўся праз іншых настаўнікаў».

Хлопца прымусілі пісаць тлумачальныя па ўсіх парушэннях. Аляксандр звярнуўся ў «Честные учителя» па кансультацыю.

«Мне сказалі, што кіраўніцтва робіць гэта дзеля таго, каб назапасіць заўвагі і потым пагражаць звальненнем па артыкуле. Мне патлумачылі, што няма сэнсу больш заставацца, бо альбо будуць "кашмарыць" пастаянна, а потым усё адно звольняць па артыкуле, альбо я "на суткі" адразу са школы паеду. То-бок кіраўніцтву не хапіла літаральна адной-дзвюх заўваг, каб мяне звольніць па артыкуле, яны проста фізічна не паспелі за адзін дзень іх зрабіць».

«Чаму я не павінен адказваць дзецям, калі ў нас у краіне адбываецца такое пекла?»

Калегі Аляксандра былі шакаваныя гэтым ціскам і падыходзілі да завуча, спрабавалі разабрацца.

«Бацькі маіх дзяцей падыходзілі і гаварылі: "Давайце мы напішам калектыўны зварот, каб вас пакінулі на пасадзе, што вы нам падабаецеся і мы не хочам іншага класнага кіраўніка". Я адгаварыў, бо мяне б потым звольнілі па артыкуле. Хтосьці з іх нават хадзіў да дырэктара і казаў, што не разумее, як можна было настаўніка за такое звольніць. Я з бацькамі дагэтуль падтрымліваю сувязь. Калі я яшчэ працаваў і рабіў абходы па сем’ях, я хадзіў з бчб-стужкай на руцэ. Усе яе бачылі, усе адэкватныя, разумныя людзі, якія ведаюць, што адбываецца».

Аляксандр напісаў некалькі варыянтаў заявы на звальненне. Адміністрацыя школы сказала, што настаўнік яе няправільна зразумеў.

«Я ім адказаў тады: "Я ўсё правільна зразумеў. Мая пазіцыя не сыходзіцца з вашай, і вы праз гэта на мяне ціснеце, спрабуеце мяне абмежаваць у думках і выказваннях, тым больш што я ў школе не праводжу мітынгаў і агітацыі. А калі нехта з дзяцей у мяне нешта пытаецца, чаму я не павінен адказваць, калі ў нас у краіне адбываецца такое пекла? Калі вы не звольніце мяне па дамове двух бакоў, то звальняйце па артыкуле. Гэта была ваша ідэя напісаць заяву. Калі трэба, я напішу чыноўніцы, якая прыходзіла».

Аляксандра спрабавалі прымусіць адпрацаваць яшчэ два тыдні, але, як яму сказалі юрысты, гэты абавязак нідзе не прапісаны. Хлопец кажа, што гэта рабілі, хутчэй за ўсё, каб напісаць яшчэ больш скарг і звольніць па артыкуле.

Летам са школы, дзе працаваў Аляксандр, праз ціск з боку адміністрацыі сышлі каля дзесяці настаўнікаў. Яны не звальняліся раней, бо хацелі давучыць дзяцей да канца года, кажа суразмоўца.

«Не трэба баяцца, бо жыццё не заканчваецца»

Настаўнікам, якія аказаліся ў падобнай сітуацыі, Аляксандр раіць запісваць абсалютна ўсе размовы з кіраўніцтвам на дыктафон.

«Гэты рэжым не будзе доўга трымацца, і нават калі цяпер гэтыя запісы не з'яўляюцца нейкім аргументам, то, калі зменіцца ўлада, яны будуць мець вартасць пры люстрацыі. І заўжды гэты запіс можна адправіць у СМІ, адміністрацыі будзе вельмі пагана праз тое, што яны цябе звольнілі».

Таксама Аляксандр раіць знаходзіць у школе «сваіх людзей».

«Трэба аб’ядноўвацца з аднадумцамі і адно за аднаго трымацца, бо калі ты адзін — гэта вельмі цяжка. Калі ты працуеш у школе, у цябе няма ні на што часу, ты ўвесь час стрэсуеш, а калі на цябе яшчэ ціснуць, табе можа спатрэбіцца псіхалагічная падтрымка. Павінны быць людзі побач, з якімі ты можаш абмеркаваць падзеі. Я ўпэўнены, што ў любой школе пакуль засталіся людзі, якія супраць улады і таго, што адбываецца».

«Не трэба баяцца, бо жыццё, нават калі цябе звольняць, не заканчваецца. І калі ў цябе добрая рэпутацыя, у Беларусі ёсць месцы, якія дапамагаюць і забіраюць да сябе тых, каго звольнілі за палітыку, ёсць дапамога ад фондаў, праца знойдзецца. Не трэба хвалявацца, гэтая ўлада не вечная, гэты тэрмін вызначыцца месяцамі ці парай гадоў, і вы вернецеся ў сваю справу».