Царква з народам: як святары ў Беларусі пацярпелі ад рэпрэсій

Беларускія святары, якія падтрымалі удзельнікаў мірных пратэстаў у 2020 годзе, пацярпелі за свае перакананні. Кагосьці звольнілі ці панізілі ў пасадзе. Хтосьці вымушаны быў з'ехаць. Гісторыі некаторых з іх — у «Deutsche Welle».

Лютэранская царква ў Гродне

Лютэранская царква ў Гродне


Адхіленне ад пасады, адміністрацыйныя арышты, вымушаная эміграцыя — беларускія святары, якія выступілі ў жніўні 2020 года супраць гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў, выпрабавалі на сабе ціск з боку ўлад ці царкоўнага кіраўніцтва. Значэння не мелі ні сан, ні шматгадовае служэнне.


Кіраўніка епархіі і настаяцеля храма ў Гродне звольнілі


«Кроў ахвяр і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні — на сумленні тых, хто свядома сам забіваў альбо прымушаў іншых забіваць праўду», — так кіраўнік Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы арцыбіскуп Арцемій (Кішчанка) у жніўні 2020 года асудзіў гвалт у дачыненні да мірных жыхароў Беларусі. У чэрвені 2021 года Святы Сінод РПЦ вызваліў яго ад займанай пасады. Афіцыйная прычына — узрост: Кішчанку 69 гадоў. Арцыбіскупу было загадана з'ехаць у Мінск. У гутарцы з журналістамі ён казаў пра тое, што яго адхіленне адбылося па ўказцы дзяржавы.
Пасля змены кіраўніцтва епархіі ад пасады настаяцеля Пакроўскага сабора Гродна па ўласным жаданні быў вызвалены і протаіерэй Георгій Рой. Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў ён адкрыта заяўляў пра недапушчальнасць фальсіфікацый і хлусні, пасля неаднаразова заклікаў спыніць рэпрэсіі і гвалт.
10 жніўня 2020 года падчас разгону мірнай акцыі дзверы сабора адчынілі, каб людзі маглі схавацца ад сілавікоў. На працягу некалькіх дзён у храме ў дзённы час кожную гадзіну гучаў звон — у знак прызыву да міру, спынення гвалту, салідарнасці з пацярпелымі і сем'ямі загінуўшых.
«Хай разгойдваецца царкоўны звон, а не махавік гвалту!» — напісаў тады Георгій Рой на сваёй старонцы ў Facebook. Настаяцель галоўнага праваслаўнага храма Гродна таксама арганізаваў дапамогу затрыманым на акцыях пратэсту, ім адвозілі ежу і сродкі гігіены.
У наступныя месяцы протаірэй не раз сутыкаўся з пагрозамі, правакацыямі ангажаваных актывістаў і казакаў. Пасля вызвалення ад пасады Георгій Рой, бацька чацвярых дзяцей, быў прызначаны ў прыход Іаана Кармянскага ў вёсцы Квасоўка ў 15 км ад Гродна.

Святар з Гомеля: 25 сутак у ІЧУ — і ад'езд з краіны

Святара Гомельскай і Жлобінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, бацьку шасцярых дзяцей Уладзіміра Драбышэўскага звольнілі 1 жніўня 2020 года. Афіцыйная прычына — прагул, але святар перакананы, што сапраўдная прычына звальнення — гэта яго пазіцыя, якая не супадала з меркаваннем царкоўнага начальства.
«Я стаў свабодным чалавекам. Будучы грамадзянінам Беларусі, назіраючы за сітуацыяй з каронавірусам, стаўленнем улад да гэтай праблемы, а таксама бачачы затрыманні і арышты падчас прэзідэнцкай кампаніі, я яшчэ да выбараў стаў выходзіць на вуліцу», — распавядае Уладзімір Драбышэўскі. Пасля выбараў ён таксама ўдзельнічаў у ланцугах салідарнасці, маршах, студэнцкіх акцыях. Выходзіў на пратэсты, у рызах з плакатам «Спыніце гвалт!».
Святара затрымалі 18 верасня, выклікаўшы яго позвай у міліцыю. Спачатку яму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, потым, не адпускаючы дадому, дадалі яшчэ 15. Пасля некалькіх дзён у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) адабралі падраснік, у якім ён выходзіў з камеры падчас праверак, — нібыта для дэзінфекцыі.
Перад вызваленнем Уладзіміру Драбышэўскаму сказалі, што павязуць у РАУС для прафілактычнай гутаркі, пасадзілі ў душны «стакан» у аўтазаку, доўга вазілі па горадзе і выкінулі ў незнаёмым раёне. «Прывезлі, кінулі на траву, сказалі, што я вольны. Некалькі хвілін спрабаваў сцяміць, дзе я наогул знаходжуся», — успамінае Драбышэўскі.
Ён кажа, што перад адміністрацыйным арыштам з ім шмат разоў спрабавалі звязацца прадстаўнікі епархіі па даручэнні мітрапаліта Веньяміна (кіраўніка БПЦ. — Заўв. рэд.), каб пераканаць больш не выходзіць на пратэсты. Увосень 2020 года Уладзімір Драбышэўскі з'ехаў з Беларусі спачатку ў Літву, затым — у Францыю. Пасля ад'езду святар даведаўся, што Следчы камітэт выклікаў яго ў якасці сведкі па нейкай крымінальнай справе, а яго родным некалькі разоў тэлефанавалі з міліцыі.

Ксёндз з Расонаў: арышт, працэс, ўцёкі з Беларусі

Ксяндза Вячаслава Барка з гарадскога пасёлка Расоны Віцебскай вобласці ўпершыню выклікалі ў Следчы камітэт 12 лістапада 2020 года — увагу мясцовай пракуратуры прыцягнула дзейнасць Барка ў сацсетках, у прыватнасці, яго акаўнт на YouTube. У адной з публікацый следства ўгледзела «прапаганду і распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі», і 3 снежня ксяндзу прысудзілі дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту.
«Я размясціў у Facebook і Instagram фотаздымак з плакатам дызайнера Уладзіміра Цэслера, пад ім быў тэкст, у якім я напісаў, што я супраць усіх таталітарных рэжымаў, таму што я веруючы чалавек, цытаваў дакументы Каталіцкага Касцёла», — распавядае святар.
Адміністрацыйны арышт Вячаслаў Барок адбываў у Віцебскім СІЗА. Фізічную сілу да яго там не ўжывалі, кажа ксёндз, але ціснулі псіхалагічна. «Калі прымалі ў СІЗА, зладзілі цэлы спектакль: мяне паставілі да сценкі, на мяне крычалі, нацкоўвалі сабак, прыніжалі. А ў дзень вызвалення, нічога не тлумачачы, вывезлі на чыгуначны вакзал, і апошнія хвіліны няволі я правёў у мясцовым міліцэйскім участку. Гэта зрабілі, каб я не ўбачыўся з сябрамі, якія прыехалі сустракаць мяне з СІЗА», — успамінае Вячаслаў Барок.
Пасля вызвалення святара Следчы камітэт пачаў праверку яго публікацый у YouTube і Facebook на наяўнасць у іх экстрэмізму. Яна доўжылася паўгода і нічога не выявіла. Але па ініцыятыве Віцебскага абласнога УУС супраць Вячаслава Барка ў пачатку лета быў пачаты новы адміністрацыйны працэс.
«У матэрыялах паказвалася, што следства праглядала сацсеткі і знайшло фота, якое было палічана падазроным. У гэты ж час я атрымаў афіцыйнае папярэджанне з Віцебскай абласной пракуратуры. Гэта звычайна робіцца перад тым, як завесці супраць чалавека крымінальную справу», — успамінае Барок.
У ліпені 2021 года ў касцёл, дзе служыў ксёндз, прыйшлі з аглядам, каб «выключыць для экспертызы ўсе лічбавыя носьбіты інфармацыі». Але трапіць у храм сілавікам не ўдалося: у санкцыі пракурора быў паказаны няправільны адрас і агляд прайшоў па месцы прапіскі святара. «Пасля гэтага я вырашыў выратаваць свой акаўнт на YouTube, вывез усю тэхніку ў Польшчу, — кажа Вячаслаў Барок. — Я часова пакінуў Беларусь, каб мець магчымасць далей весці свой канал і прапаведаваць праз сацыяльныя сеткі. Вось ужо два месяцы я знаходжуся ў Варшаве».
Пераклад «НЧ».