«Дабро заўсёды вяртаецца». Палітвязень Аляксандр Івулін атрымаў паштоўку, якую сам напісаў шэсць гадоў таму

Да палітвязняволенага журналіста Аляксандра Івуліна паштоўка вярнулася праз шэсць гадоў — колішні выхаванец з дзіцячага лагера захоўваў яе ўвесь гэты час.

ivulin_oy48w.jpg

«Вестачкі ад усіх вязняў важныя, каштоўныя і доўгачаканыя. А ўжо ад свайго брата-журналіста і пагатоў. Вось толькі горка, што ад журналістаў лістоў прыходзіць менш, чым ад каго», — піша ў «Фэйсбуку» віцебская журналістка Таццяна Матвеева, якая атрымала ўжо трэцюю паштоўку ад Аляксандра Івуліна.

— Саша трымаецца крута. Нават у радках ліста, амаль у кожным сказе, адчуваецца ягоная фірмовая ўсмешка.

Памятаеце хлопчыка Захара, які напісаў Івуліну кранальны ліст са словамі падтрымкі і якому журналіст хацеў даслаць падарунак, але не ведаў куды? Дык вось Сашыны сябры знайшлі Захара — і падарунак ужо ў хлопчыка.

Яшчэ Саша распавёў у лісце, што раней працаваў у летніку важатым. І ў канцы змены дарыў дзецям паштоўкі. І адна з гэтых паштовак… вярнулася да Івуліна. Праз 6 год! На Валадарку. Былы выхаванец даслаў яе Сашу і напісаў, што «доўгі час гэтая паштоўка шмат для мяне значыла».

«Ох, і хто мне цяпер скажа, што дабро не вяртаецца? Галоўнае, рабіць усё шчыра і бескарысліва, тады ўсё здараецца», — упэўнены Саша Івулін.

Даслаў мне паштоўку са смайлікам, ад якога разыходзяцца промні з «рэцэптам» шчаслівага жыцця.

242708376_6316715448400946_6707709566216140416_n_3tqbu.jpg
242770937_6316715698400921_1708650136768142348_n_durzp.jpg

Паводле «Наша Нівы».