Для расследавання прычын НЗ на «Беларуськаліі» створаная камісія

Для расследавання прычын НЗ на "Беларуськаліі" створаная камісія. Двое рабочых, якія апынуліся пад заваламі ў шахце, да гэтага часу не знойдзеныя.

Здымак naviny.by

Здымак naviny.by


Як паведамляе сайт ААТ "Беларуськалій", пад завал патрапілі машыніст горных выемачных машын Максім Іваноў 1973 года нараджэння і горнарабочы ачышчальнага забою Дзмітрый Валькоў 1985 года нараджэння.
Паведамляецца таксама, што раптоўны выкід солі і газу адбыўся 9 сакавіка "на падземным горным участку № 10 рудніка 3-га рудаўпраўлення у змену з 11.50 да 18.50, пры выкананні комплексам ПКС-8 № 4 засечкі на тэхналагічную збойку 22-б заходняга слупа гарызонту -620 м. Інтэнсіўнасць выкіду склала каля 600 м3 горнай масы". Праходчы камбайн і самаходны вагон, у якім знаходзіліся двое рабочых, былі цалкам засыпаны выкінутай пародай.
«Горнавыратавальнікі і службы рудніка вядуць работы па расчыстцы завалу. На гэты час рабочыя не знойдзеныя. Створаная камісія для расследавання прычын і акалічнасцяў раптоўнага выкіду», — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, інфармацыя аб НЗ на "Беларуськаліі" паступіла ў МНС 9 сакавіка ў 18.30. Перад тым як пачаць работы па разборцы завалаў, работнікі ваенізаванай горнавыратавальнай часці прадпрыемства правялі разгазаванне гэтага ўчастка для зніжэння канцэнтрацыі пароў метану ў паветры.
Паводле «БелаПАН»