Дзе беларусу пагаварыць па-беларуску?

Існуе шмат версій, прычынаў і дыскусій наконт таго, чаму беларусы ў сваёй краіне, маючы сваю мову, не размаўляюць па-беларуску. Нехта наракае на працяглую русіфікацыю, нехта — на ўрбанізацыю, нехта — на палітыку ўладаў, нехта — увогуле на глабалізацыю. Але вынік адзін — у Беларусі проста няма беларускамоўнага асяроддзя. Актыўнаму беларусу проста няма з кім паразмаўляць па-беларуску, за выключэннем свайго кола стасункаў. Між тым, менавіта моўнае асяроддзе грае вялізную ролю у вывучэнні любой — нават сваёй — мовы.

f35de7e365eb057ada50bfb890819c68.png

Праблему стварэння беларускамоўнага асяроддзя цяпер спрабуюць вырашыць тэхнічнымі сродкамі. Вельмі цікавы праект у гэтым плане — «Вольная мова». Ён запусціўся зусім нядаўна, але ўжо выклікаў вялікую ўвагу. Таму што гэта — проста размова. Размова па-беларуску.
Як расказвае каардынатар «Вольнай мовы», гісторык і грамадскі актывіст Цімох Акудовіч, нічога складанага ў праекце няма. Людзі сустракаюцца на інтэрнэт-пляцоўцы і проста гавораць, абмяркоўваючы пэўныя цікавыя рэчы.
— У мінулым годзе я ўбачыў запыт на размовы па-беларуску ў шматлікіх чатах, якія ўзніклі тады. І заўважыў гэта не толькі я. Калі мы рыхтавалі гэты праект, я шукаў тых, хто гатовы быў правесці гутаркі па-беларуску, пачаў звяртацца да сваіх знаёмых, і шмат хто з іх казаў, што яны ў 2020 годзе самастойна рабілі такое — таму што ў чаціках з’явіліся запыты ад рускамоўных беларусаў з просьбай: «Калі ласка, мы хочам размаўляць па-беларуску, вучыцца па-беларуску гаварыць».
Так што быў запыт. Чаму ён узнік — гэта асобнае пытанне. Я не ведаю, але чамусьці шырокаму колу беларусаў захацелася менавіта ў 2020 годзе, на ўсёй гэтай хвалі, гаварыць па-беларуску, пачаць камунікаваць па-беларуску. І з’явілася ідэя маштабіраваць гэтую штуку.

Цімафей Акудовіч

Цімафей Акудовіч

Я ўпэўнены, што гэта адбываецца ў сотнях малых закрытых груп па ўсім свеце. Людзі гавораць паміж сабой па-беларуску, менавіта мэтанакіравана сустракаюцца для гэтага. Мы вырашылі гэта зрабіць агульнадасяжным і маштабным.
— Як гэтыя размовы арганізаваныя тэхнічна?
— Мы спрабавалі ўсё зрабіць максімальна проста. Ёсць чалавек, які пагаджаецца весці такую гутарку цягам гадзіны. Гэта не філолаг, не настаўнік, гэта проста актыўны беларускамоўны чалавек, — актыўны ў сэнсе мовы, лёгка гаворыць па-беларуску, і ў сэнсе таго, што можа завесці гутарку. Ён прапануе тэму — тэму, на якую можа выказацца любы: «мой любімы рэцэпт шарлоткі», «мой першы аўтамабіль», «маё першае падарожжа»… Нешта такое, тэму, на якую можа выказацца максімальна шырокае кола людзей. Ён прапануе час сустрэчы, зручны для яго, і мы праз сайт вывешваем абвестку, набіраем 6-7 чалавек на такую сустрэчу. Не больш.
Нам вельмі важна, каб на гутарцы прысутнічала абмежаваная колькасць людзей для таго, каб усе маглі спакойна выказацца, і быў яшчэ час на дыскусію, абмеркаванне. І ўсё. У вызначаны час яны сустракаюцца, вядучы заводзіць гутарку, усе па чарзе расказваюць сваю гісторыю, вядучы не моцна ўмешваецца ў філалагічныя моманты, папраўляе толькі вялікія памылкі, і ўсе паступова, патроху гавораць па-беларуску.
Гутаркі праводзяцца на платформе Google Meet. Яна падобная да Zoom, але яна прасцейшая, лягчэйшая, і там няма абмежавання па бясплатнай версіі ў 40 хвілін. На Zoom такое абмежаванне ёсць. Таму мы абралі Google Meet, і пакуль што нам нармальна: на платформу лёгка заходзіць, лёгка карыстацца.
Час сустрэчы мы, насамрэч, не абмяжоўваем. Тое, што мы ў абвестках ставім гадзіну на размову — гэта прыблізнае абмежаванне, каб людзі маглі планаваць свой час. Калі там людзі загаворваюцца, ніхто нікога па часе не абмяжоўвае, і, як правіла, гутаркі працягваюцца крыху даўжэй. А вось колькасць людзей у групах… Напэўна, павялічваць не трэба, бо нам важна, каб кожны чалавек выказаўся, выгаварыўся. Калі людзей будзе больш, нехта будзе сядзець, маўчаць і слухаць. Так што цяпер, як нам бачыцца, такі варыянт, як цяпер найбольш зручны.

11f6cf40e2c6ef73c9daba8bd3aa161d.png


Гэта не курсы беларускай мовы. У нас ёсць такое бачанне, каб у будучыні, можа быць, падзяліць сустрэчы на ўзроўні: для больш «прасунутых» карыстальнікаў мовай, для зусім пачаткоўцаў. Але пакуль што на першым этапе — так. Проста прыходзіце, гаворыце, і вас выслухаюць на любым узроўні валодання мовай. Бо практыка — гэта самае важнае ў вывучэнні любой мовы ўвогуле.
— Ці багата народу ўжо да вас прыходзіць?
— Мы запусціліся зусім нядаўна, 1 кастрычніка. Цяпер у нас на дзень адбываецца па тры-чатыры гутаркі. Я лічу, гэта не шмат, але месцаў ужо не хапае, таму што на кожную гутарку — не больш за 7 чалавек. Гэта вельмі невялікая колькасць людзей. Але даволі багата людзей захацела пабыць вядучымі, і мы паступова будзем павялічваць гэтую сетку вядучых. Я спадзяюся, усё больш і больш людзей зможа далучыцца.
Водгукі людзей пакуль што — вельмі пазітыўныя. Напраўду адчуваецца, што людзям хацелася пагаварыць, выгаварыцца, размаўляць па-беларуску.
Вось гэта — асаблівасць беларуска сітуацыі. У нас пасіўна валодае мовай даволі шмат людзей. Досыць шмат людзей могуць па-беларуску, напружыўшыся, сказаць фразу, нейкі маналог. Але яны гэта нідзе не выкарыстоўваюць! Бо няма беларускамоўнай камунікацыі, і ўсё гэта сыходзіць у нікуды.
Вельмі шмат людзей прыходзіць, каб, маючы пасіўную базавую беларускую мову, палепшыць яе, пачаць гаварыць вальней, каб нарэшце пачаць ёю карыстацца.
— Ужо можна вызначыць нейкія папулярныя тэмы?
— Рана пра гэта казаць, усяго некалькі дзён праект ідзе, пакуль кожны ставіць свае тэмы. Але ўсе тэмы забіваюцца жадаючымі за гадзіну. У нас цяпер ёсць тэмы пра ежу, пра кіно, пра падарожжы па Беларусі, пра кніжкі, успаміны дзяцінства — максімальна жыццёвыя тэмы. Але яны ўсе цяпер папулярныя, можа, таму, што іх пакуль што мала. Нам цяжка вызначыць, якія найбольш цікавыя.
— Мэта заняткаў — разняволіць беларусаў і зрабіць так, каб яны размаўлялі на сваёй мове ў паўсядзённым жыцці. А ці можна неяк адсачыць гэты працэс? Наколькі заняткі даюць вынік?
— Пакуль што, што мы чуем па фідбэках, ёсць нейкая псіхалагічная радасць людзей, што ёсць магчымасць нарэшце выгаварыцца. Банальная рэч, падавалася б, проста пагварыць. Але вось была такая праблема: людзі ведалі беларускую мову, людзі паважалі яе, але ў іх не было магчымасці ёю скарыстацца. А мы даем гэту магчымасць — лёгкую, спакойную, вельмі зручную — пагаварыць па-беларуску. Як гэта пойдзе далей, у які бок павернецца, наколькі гэта акажацца эфектыўным у сэнсе пераходу людзей на беларускую мову на пастаянным узроўні — гэта пакажа час. У нас ёсць гіпотэза, што гэта павінна спрацаваць. А спрацуе ці не спрацуе, паглядзім.
Пакуль што на дадзены момант мы шукаем людзей, якія могуць весці такія лёгкія гутаркі — не курсы яшчэ раз падкрэслю, не філолагі, нічога такога. Проста мадэраванне і завядзенне лёгкіх і ненапружаных гутарак. Шукаем вядучых. Пакуль што гэта чыста валанцёрскі праект, пазней падумаем над краўдфандынгам, над тэхнічнымі спецыялістамі, патрэбныя будуць адміністратары і гэтак далей. Але пакуль што мы шукаем толькі вядучых.
Маштабная ідэя праекту, каб нашая платформа стала месцам, дзе б кожны дзень сустракаліся сотні беларусаў з усіх канцоў свету і абмяркоўвалі па-беларуску тое, што ім баліць, і тое, што ім цікава. Па-сутнасці — стварыць платформу камунікацыі беларусаў паміж сабой па-беларуску. З аднаго боку задача простая, з іншага — глабальная.
— Глабальная платформа беларусаў для стасункаў па-беларуску — гэта значыць, сюды павінна ўключыцца і дыяспара?
— Ведаеце, цяпер, на маю думку, няма паняцця «дыяспара» ў пэўным сэнсе. Цяпер кожны чалавек пры кампутары — ён сам сабе беларус. Учора была гутарка, на якой было пяць чалавек, — Вашынгтон, Каліфорнія, Мінск, Санкт-Пецярбург і Гаваі. Вот такая група і сабралася, і гэта нармальна, гэта сучасны свет.
Беларусы ёсць усюды. Так што – я ўпэўнены, што да нас далучыцца ўвесь свет.
Паводле Аліны Бяловай, budzma.by