Дзевяціразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу Сяргей Скіба — сілавікам: У нас адзін вораг, які з усіх сіл спрабуе ўтрымацца ў крэсле цаной нашай крыві

Дзевяціразовы чэмпіён свету і шматразовы пераможца Кубка свету па кікбоксінгу, пераможца чэмпіянатаў Еўропы, былы супрацоўнік ААТ «Нафтан» Сяргей Скіба, які адным з першых падтрымаў стачку, звярнуўся да сілавікоў напярэдадні 25 сакавіка. 


«Мы не хочам вайны і мы не экстрэмісты, як вам забіваюць у галаву. Мы — чыесьці дзеці, чыесьці бацькі, браты, сёстры, бабулі, дзядулі, вашы суайчыннікі, і мы стаміліся. Стаміліся ад гвалту, жорсткасці, зневажанняў і бясконцых рэпрэсій. Мы стаміліся баяцца. Вас ужо называюць фашыстамі і карнікамі. Мы не хочам, каб так было, мы хочам бачыць вас абаронцамі свайго народа, героямі.
Мы разумеем, што вам таксама, як і нам, вельмі страшна. Вам страшна быць звольненымі, страшна пазбавіцца стабільнага заробку, страціць выслугу. Але вы яшчэ можаце дапамагчы свайму народу і сабе, у першую чаргу, проста зрабіўшы адзін крок насустрач. І ўзводам, ротай, батальёнам апусціць зброю, скласці шчыты. Я па сабе ведаю, заўсёды ёсць хваляванне перад выхадам на рынг, але трэба зрабіць першы крок, далей становіцца лягчэй.
Ходзіць меркаванне, што ўсё вырашаецца ў сталіцы. Не! У маім родным Наваполацку ўсё вырашыцца хутчэй і лягчэй. У малых гарадах усе адно аднаго ведаюць, незалежна ад прафесіі, і нам жыць далей у гэтых маленькіх гарадах.
Вы цудоўна ведаеце "нафтанаўцаў". Я — адзін з іх. Ці падобныя мы да экстрэмістаў або ворагаў? Зразумела, не. У цывільных і сілавікоў адзін вораг, які з усіх сіл спрабуе ўтрымацца ў крэсле цаной нашай крыві, таму і правакуе грамадзянскую вайну. Сілавікам у малых гарадах прасцей прыняць валявое рашэнне — узурпатар далёка, а людзі тут. З гэтымі людзьмі давядзецца жыць далей. Як жыць — залежыць толькі ад вас. Адзін раз не спалохацца і жыць усё жыццё без балаклавы, з гонарам за сваю прафесію, з чыстым сумленнем, або навечна застацца ў вачах беларусаў фашыстамі і карнікамі. Сёння гераізм выяўляецца ў тым, каб апусціць зброю. Гэта і ёсць годны мужчынскі ўчынак. Проста пакладзіце шчыты, перастаньце выконваць злачынныя загады. Адзін ваш крок — і вы ўсе на волі.
Усё, што мы хочам, — гэта проста вярнуць нашы галасы, скрадзеныя на выбарах. Мы ж не змірымся ні з фальсіфікацыяй выбараў, ні з гвалтам, ні са знішчэннем закону ў краіне. Наш супраціў — гэта падпалены тарфянік. Вас настройваюць на разгон беспарадкаў, але вы выдатна ведаеце самі, што беспарадкаў не будзе, калі толькі вы іх не пачнеце. Дайце нам усім шанец жыць у міры і ганарыцца вамі!» — сказаў спартсмен.
Пасля ціску федэрацыі кікбоксінгу і тайскага боксу Сяргей Скіба вымушаны быў з'ехаць за мяжу разам з сям'ёй. Ён усё роўна працягвае трэніравацца, актыўна выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю і неабыякавы да ўсяго, што адбываецца на яго радзіме.