Дзіця забіраюць з сям'і, бо бацькі — інваліды

У сям’і івацэвіцкіх інвалідаў нарадзілася дзіця. Аднак пасля нараджэння маці паставілі перад фактам, што яна мусіць знайсці апекуна для свайго дзіцяці, або дзіця забяруць у дом немаўляці.



a67155b1_420e_44ed_a7c6_4d1a56c1a948_w640_r1_s.jpg

Доўгачаканае дзіця ў Анатоля і Ганны Бахур з'явілася праз 8 год сумеснага жыцьця. Бацькі — інваліды першай групы. У Анатоля — цэрэбральны паралюш, але ён шмат перасоўваецца па горадзе ў вазочку, па хаце ходзіць сам, робіць хатнія справы, працуе за кампутарам. У Ганны — ад нараджэння анамалія канечнасцяў. Але Ганна ня толькі ўпраўляецца ў хаце, а яшчэ і малюе карціны. Нядаўна захапілася фотамастацтвам, купіла люстэркавы фотаапарат.

gdb.rferl.org__dff4fc45_6ac0_4_db50ca1ae39f50c1b7ee13e6d8cba2c1.jpeg

Анатоль Бахур

Чаканае дзіця аддаць у дзіцячы дом?

Нараджала Ганна ў Берасці, цяпер яна з сынам у педыятрычным аддзяленні Івацэвіцкай лякарні. Карэспандэнт Свабоды звязаўся з Ганнай праз тэлефон. Яна распавяла, што яшчэ да родаў ёй прапаноўвалі зрабіць аборт, але яна адмовілася.

Ужо пасьля нараджэння дзіцяці берасьцейскія лекары паставілі Ганну і Анатоля перад фактам, што ад дзіцяці яны мусяць адмовіцца на карысьць апекуноў, бо абодва бацькі — інваліды. Іначай дзіця зьмесьцяць у Пінскі дом немаўляці.

«Прыблізна 7 год у нас не было дзяцей. А цяпер атрымаўся такі маленькі цуд. Я вельмі гэтаму рада. Я вельмі ўдзячная декарам, што яны дапамаглі. Хоць пачатак і быў ня вельмі, калі прапаноўвалі перарваць цяжарнасьць. Я адмовілася, бо я для сябе так вырашыла. А тое, што перад фактам паставілі, што патрэбна апека — гэта мне стала, канечне, крыўдна.

gdb.rferl.org__a67155b1_420e_4_8c9cc205def9f3eff19aae2c904c124c.jpeg

Вясельнае фота Анатоля і Ганны Бахураў

Захворваньне можа быць у любога чалавека. Але тут трэба глядзець іншае — наколькі чалавек адэкватны ці не. Я кажу: ну чаму вы ня можаце прыйсьці ды кожны дзень праверыць? У мяне дзьверы адчыненыя, нават ня трэба мне ў дзьверы грукаць... Усе варыянты прапаноўвала, але не, учапіліся ў гэтага апекуна... Мне аж запякло ўсё ўсярэдзіне», — распавяла Ганна.

Анатоль Бахур: «П’яніцам і то даюць шанец...»

Муж Ганны — Анатоль — штодня ездзіць у лякарню да жонкі і дзіцяці. Цалкам падтрымлівае Ганну ў намеры змагацца за сваё дзіця, дабівацца права на выхаванне гатовы і праз суд.

Сям’я Бахураў жыве ў двухпакаёвай кватэры ў цэнтры Івацэвічаў. У хаце ўтульна, стаіць кампутар, вялікі сучасны тэлевізар. На сценах — карціны Ганны, у іншым пакоі яшчэ нераспакаваны новы ложачак для сына, іншыя рэчы для нованароджанага.

Анатоль звычайна пакідае свой вазочак у пад’ездзе, на першы паверх заходзіць сам, па хаце — таксама, дома шмат працуе за кампутарам. Нягледзячы на паралюш, Анатоль вельмі актыўны чалавек. У 90-х быў прадпрымальнікам, трымаў кіёск каля Івацэвіцкага вакзалу. Давялося згарнуцца, кажа, з-за складанасцяў з падаткамі.

«Мы даўно марылі пра дзіця, але былі пэўныя праблемы. Але нарэшце ў нас атрымалася. Я меркаваў, што нейкія праблемы могуць быць. Але думаю, што яны вырашацца ў нашу карысць. Тут няма ніякіх падставаў забіраць дзіця. Гэта каб мы былі пазбаўленыя дзеяздольнасці. Але ж мы не пазбаўленыя. Але кажуць, што раз у нас інваліднасьць 1 групы, то мы не можам ажыцьцяўляць бацькоўскія абавязкі на 100 працэнтаў.

Хацелася б, канечне, каб у станоўчы бок вырашылася. Хацелася б, каб засталася ад жыцця нейкая кветачка. А дзеці — гэта нашы кветачкі. П’яніцам і то даюць хоць нейкі шанец, час на выпраўленне», — кажа Анатоль.

gdb.rferl.org__4e553e33_5577_4_5b343ed982c378f4c41754ada5ebbd8e.jpeg

Для сына ўжо набылі ложачак і іншыя рэчы

Анатоль цвердзіць, што не збіраецца здавацца. Ужо напісалі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта.

«Нервы толькі падымаюць, я сам дома начамі ня сплю, не ведаю, дзе сабе месца знайсці», — кажа суразмоўца.

Сына бацькі вырашылі назваць Канстанцінам, 21 жніўня яму споўніцца месяц. Анатоль перакананы, што яны з Ганнай дадуць сабе рады з выхаваннем дзіцяці.

 

«Прыяжджаў да нас мой пляменнік, бегаў тут. Яна яго ад народзінаў насіла, у ванне купала. Яна ж спрабавала гэтым займацца. У нас тут былі і дзеці нашых сяброў, давяралі нам», — кажа Анатоль.

 

gdb.rferl.org__f02a51bd_891a_4_a96179c5d9c9152ffa011fdb52bf60b0.jpeg

Карціна Ганны Бахур «Слепата»

gdb.rferl.org__9d86a1de_8e30_4_fb51194105086c83846d88598dcd10bd.jpeg

Пейзаж Ганны Бахур

 

Юрысты: «Ёсць пытанні да практыкі прымянення закону»

Юрыст «Офіса па правах людзей з інваліднасьцю» Вольга Трыпуцень кажа, што ёсьць пастанова Міністэрства аховы здароўя, якая раскрывае артыкул 93 Кодэксу аб шлюбе і сям’і. Гэты артыкул вызначае, што бацькі, якія ня могуць выконваць бацькоўскія абавязкі па стане здароўя на падставе заключэння ўрачэбнай камісіі, могуць не вяртаць дзяржаве сродкі, затрачаныя на выхаванне дзяцей у дзіцячым доме:

 

«У нас пытанні да практыкі прымянення гэтай пастановы. Пастанова вызначае пералік захворванняў, якія перашкаджаюць выкананню бацькоўскіх абавязкаў. Калі мы бяром артыкул 93 Кодэксу аб шлюбе і сям’і, то чытаем пра тое, як бацькі павінны кампенсаваць выдаткі дзяржавы, калі іх дзеці знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. У нашым выпадку было паведамлена, што ёсць жанчына з такім захворваннем, і ўсё пачало раскручвацца з канца — выявілі захворванне, узялі пералік захворванняў і вырашылі, што гэтая маці не можа выконваць бацькоўскія абавязкі. На бяду, тата таксама мае захворванне — значыць, вырашылі, што ёсць падставы змясьціць дзіця пад апеку дзяржавы або знайсці апекуна. Пытанне: навошта апякун двум бацькам, якія не пазбаўленыя бацькоўскіх правоў? Навошта ім нейкая асоба, якая будзе фармальна несці адказнасць за дзіця?»

Кіраўнік «Офіса па правах інвалідаў» Сяргей Драздоўскі распавёў, што права дзіцяці на пражыванне ў сям’і — неад’емнае, і дзяржава павінна яго паважаць і забяспечваць:

gdb.rferl.org__e4227b56_614d_4_f7f157af3cdffbb91b1e0969ea0a5b76.jpeg

Сяргей Драздоўскі

"Дзяржава павінна забясьпечыць недапушчальнасць разлучэння дзіцяці з бацькамі супраць іх жадання. У дадзенай сітуацыі Офіс па правах людзей з інваліднасцю бачыць магчымасць эфектыўнага і законнага рашэння. Для гэтага прыйдзецца прыкласці больш намаганняў па рэальнай ацэнцы патрэбаў сям’і Ганны, распрацаваць паўнаважкую праграму рэабілітацыі. Асновай для гэтага павінна служыць індывідуальная праграма рэабілітацыі інваліда. Калі яна будзе якасна распрацаваная для Ганны і яе мужа з улікам дзіцяці ў іх сям’і, то дазволіць вызначыць, якія віды падтрымкі і кім ажыцьцяўляць на месцы, каб забяспечыць нармальнае самастойнае пражыванне сям’і. Але галоўнымі павінны стаяць інтарэсы сям’і — маці, бацькі і дзіцяці без раздзялення».

Чыноўнікі: «Мы на баку дзіцяці»

gdb.rferl.org__c9fed054_ae94_4_99620442c086153b0f018b2e627ce9f6.jpeg

Івацэвіцкі райвыканкам

Начальнік аддзелу адукацыі Івацэвіцкага райвыканкаму Мікалай Віннічак кажа, што заканадаўства прадугледжвае ў гэтым выпадку толькі два варыянты, сярод якіх няма такога, каб за сям’ёй замацоўвалася нянька:

«Грамадзянскі кодэкс калі вы разгорнеце, калі ёсць заключэньне ўрачэбнай камісіі, то ёсць два шляхі развіцьця падзеяў. Альбо знаходжаньне апякуноў, або адабранне дзіцяці і змяшчэньне ў дом немаўляці. Але папярэдне сацыяльныя педагогі, псіхолагі будуць размаўляць з маці і ўдакладняць. Яна ня хоча, каб адбіралі дзіця. Яна не хоча апекуноў. Таму будзем знаходзіць шляхі вырашэння. Тэрмін у нас ёсць — месяц. Мы на баку дзіцяці павінны быць заўсёды».

Мікалай Віньнічак кажа, што найперш разглядаецца варыянт апякунства, каб не забіраць дзіця ў дом немаўляці. Паводле яго, праблема ў тым, што складана знайсці апекуна, які б пагадзіўся ўзяць на сябе адказнасць за дзіця.

Галоўны ўрач Івацэвіцкай цэнтральнай раённай лякарні Васіль Юзафовіч у тэлефоннай гутарцы казаў, што медыкі і ўлады робяць усё магчымае, каб лёс сям’і вырашыўся найлепшым чынам:

«З гэтага ўсяго ствараецца нейкі неймаверны ажыятаж. Мы, мэдыкі, разумеем, што павінна быць сям’я. І ўсё, што патрэбна, мною ў лякарні зроблена. Выканкам пранікся гэтым, ён займаецца гэтым пытаннем. Не трэба гэтую тэму залішне раздуваць. Усё, што трэба, робіцца. А на гэтым нейкі піяр рабіць — ну, чэсна кажучы, не вельмі карэктна... Мэдыкі ўсё, што маглі, зрабілі, нават насуперак прыродзе. Па шчасьлівай выпадковасці, дзякуючы медыкам, у яе нарадзілася, на сёння, нармальнае дзіця. Ніхто, як мэдыкі, не разумее, што лепей за маці ніхто не выхоўвае. Але ў яе ёсць пэўныя абмежаванні — яна інвалід першай групы».

 

Спадар Юзафовіч распавёў, што «старшыня райвыканкаму збіраў паседжанне і былі дадзеныя канкрэтныя даручэнні» дзеля вырашэння праблемы.

Галоўны ўрач выказаў прэтэнзіі да СМІ і праваабарончых арганізацыяў, якія заняліся праблемай сям’і Бахураў:

«У маім разуменні, сродкі масавай інфармацыі, розныя праваабарончыя арганізацыі ствараюць нездаровую абстаноўку вакол гэтага. Падумайце спачатку пра гэтую няшчасную жанчыну. І пра тых людзей, якія стараюцца ёй дапамагчы. А не рабіце на гэтым бонусы. Прабачце, але яно так. Да пабачэння». Радыё Свабода