Дзяўчына загінулага ў Кіеве Віталя Шышова: Ён не мог здзейсніць самагубства

Бажэна Жолудзь, дзяўчына кіраўніка «Беларускага дому ва Украіне» Віталя Шышова, якога напярэдадні знайшлі павешаным у Кіеве, апавяла «Свабодзе» пра апошнія дні жыцця хлопца.

6b487d14_e83c_4d3b_97df_a40232b7bae8_w1023_r1_s.webp

Яны абое з Рэчыцы, і пераехалі ў Кіеў пасля пераследу беларускіх уладаў.

«У Віталя не было бацькоў і сям’і — усе памерлі. Працаваў ён айцішнікам-фрылансерам. Не было такога, каб ён скардзіўся, што за ім сочаць. Але апошнім часам Віталь стаў больш уважлівым — бывала, глядзеў, што за машыны пад’ехалі, хто з іх выходзіць.

Прамых пагрозаў Віталю не паступала, але ў яго было кепскае прадчуванне. Мне ён яго не выказваў, але аднаму нашаму знаёмаму пісаў за тыдзень да трагедыі: у мяне кепскае прадчуванне, калі што, прыглядзі за Бажэнай. Каб канкрэтна незнаёмцы падыходзілі да Віталя — такога не было.

Да мяне аднойчы на вуліцы ў цэнтры горада падыходзілі нейкія людзі — як потым высветлілася, запісвалі і здымалі», — расказала Бажэна.

Паводле дзяўчыны, Віталь выходзіў на прабежку не заўсёды, але перыядычна, па жаданні. У яго паводзінах нічога незвычайнага, дзіўнага апошнім часам не было.

«Мы абое хварэлі з тыдзень, ляжалі ў ложках, глядзелі фільмы. Канечне, настрой у хворага чалавека не ўзняты, але ніякіх кепскіх думак у Віталя не было. Упэўнена, што ён не мог учыніць самагубства. У яго не было для гэтага падстаў. І так са мной ён зрабіць не мог. У нас былі сумесныя планы на будучыню», — дадала дзяўчына.

Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Украіне» Віталь Шышоў знік раніцай 2 жніўня.

Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся. Віталь Шышоў — жыхар Рэчыцы. Увосень 2020 году ён разам са сваёй дзяўчынай Бажэнай Жолудзевай з'ехаў з Беларусі ад пераследу, жыў у Кіеве.

3 жніўня яго знайшлі павешаным у Святошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому

Прадстаўнік «Беларускага дому ва Украіне» Юры Шчучко ў эфіры «Настоящего времени» паведаміў, што цела Віталя Шышова знайшлі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. Паводле Шчучко, на твары Шышова былі сляды пабіцця.

Шчучко заявіў, што актывісты «Беларускага дому ва Украіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Украіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спецслужбаў «для фізічнага знішчэньня нашых актыўных чальцоў».

Шчучко сказаў, што на мінулым тыдні Шышоў папрасіў яго ў выпадку чаго паклапаціцца пра ягоных блізкіх. «У яго было нейкае дзіўнае прадчуванне», — адзначыў Шчучко.