Еўрасаюз увядзе новыя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі

У Бруселі сёння завяршаецца двухдзённы саміт Еўрасаюза, у якім бяруць удзел кіраўнікі ўрадаў 27 краінаў, піша «Свабода».

ba620b89_63e5_4c52_9c37_2a4ac1010e1f_w1023_r1_s.webp

Удзельнікі саміту заявілі, што Еўрасаюз будзе надалей супрацьстаяць няспынным атакам з боку беларускага рэжыму.

« Еўрапейскі саюз — адзначаецца ў заяве, — не пацерпіць спробаў трэціх краінаў выкарыстоўваць мігрантаў у палітычных мэтах».

Сярод іншага, «будуць ужытыя новыя абмежавальныя захады супраць фізічных і юрыдычных асобаў, згодна з паступовым падыходам, у неадкладным парадку», — сказана ў заяве.

Апрача таго, саміт заявіў, што заклікаў Еўрапейскую камісію прапанаваць неабходныя змены ў заканадаўства ЕС і канкрэтныя захады дзеля таго, каб спрасціць вырашэнне праблемы нелегальнай міграцыі праз Беларусь.

ЕС мае намер «забяспечыць эфектыўны кантроль сваіх вонкавых межаў», — сказана ў дакуменце.

Каментуючы сітуацыю з Беларуссю пасля заканчэння саміту, кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен сказала:

«Мы вельмі занепакоеныя сітуацыяй на межах з Беларуссю. Мы разглядаем паводзіны беларускага ўраду як гібрыдную атаку. Людзі, якіх выкарыстоўвае Лукашэнка, — ахвяры. Мы павінны ім дапамагчы. Нічыё жыццё не павінна выкарыстоўвацца дзеля палітычных мэтаў, а гэта інструменталізацыя міграцыі дзеля палітычнага ціску на Еўрасаюз. Мы будзем працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі. Мы ўжо прапанавалі адрасныя захады, каб адмяніць спрошчаны візавы рэжым для рэжыму і яго давераных асобаў. І мы гатовыя вывучыць варыянты далейшых санкцый ня толькі для фізічных асобаў, але і для юрыдычных асобаў і кампаній.

Па-другое, мы пагадзіліся, што нам патрэбныя ўзгодненыя дзеянні. Беларусь, як мы цяпер назіраем, разглядае магчымасць адкрыцця новых маршрутаў. Яна прапанавала далейшую адмену візаў для дадатковых трэціх краінаў, і мы будзем працягваць супрацоўніцтва з гэтымі краінамі, каб абмежаваць гэтую кантрабанду, якую фінансуе дзяржава».

На саміце адзначылі, што міграцыйны крызіс звязаны з дзеяннямі ўладаў Беларусі, якія прывозяць мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, а затым штурхаюць іх праз мяжу з Польшчай, Літвой і Латвіяй, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў Еўрасаюзе.