Футбольны «Шахцёр» звольніў галоўнага трэнера. Той не пратрымаўся на пасадзе і двух месяцаў

НЧ прадказваў такое развіццё падзей.
Сяргей Гурэнка. Фота pressball.by

Сяргей Гурэнка. Фота pressball.by

Пасля суботняй паразы (0:1) у Барысаве ў матчы з галоўным канкурэнтам па чэмпіянаце Беларусі БАТЭ ў Салігорску вырашылі чарговы раз памяняць галоўнага трэнера. У адстаўку з «Шахцёра» адпраўлены Сяргей Гурэнка.

У афіцыйнай заяве гаворыцца, што бакі вырашылі спыніць супрацоўніцтва па ўзаемнай згодзе. Да прызначэння новага галоўнага трэнера рыхтаваць каманду будзе трэнерскі штаб на чале з настаўнікам дублюючага складу Станіславам Суворавым.

Такім чынам, Сяргей Гурэнка прабыў у якасці настаўніка салігорцаў менш за два месяцы — прызначэнне ён атрымаў 24 ліпеня.

За мінулы з той пары час «Шахцёр» — дзеючы чэмпіён і самы заможны клуб краіны — паспеў вылецець з еўракубкаў, Кубка Беларусі, а таксама пацярпець некалькі адчувальных няўдач у нацыянальным першынстве і саступіць першы радок турнірнай табліцы таму ж БАТЭ. 

Наступным настаўнікам «Шахцёра», паводле інфармацыі журналіста Мікалая Хадасевіча, можа стаць 40-гадовы Аляксей Бага. Апошнім часам ён працаваў за мяжой — у Літве і Казахстане — а яшчэ раней узначальваў БАТЭ.

Падчас працы ў Барысаве гэты спецыяліст запомніўся не толькі добрымі спартыўнымі вынікамі, але і знакамітым выказваннем пасля сенсацыйнай перамогі над лонданскім «Арсеналам». «Гэта было лепш за секс!» — шчыра прызнаўся тады на прэс-канферэнцыі Аляксей Анатольевіч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: