Хатні гвалт: нацыянальная праблема, што замоўчваецца

Сто дваццаць тысяч на год, то-бок, прыкладна 329 выпадкаў штодня. Менавіта столькі выпадкаў хатняга гвалту фіксуе міліцыя. Адмыслоўцы кажуць, што гэта толькі вяршыня айсбергу, бо не кожная ахвяра звяртаецца па дапамогу ў органы МУС. Лічбы ўражваюць, і з іх зразумела, што хатні гвалт для нашай краіны — праблема нацыянальная.

gpcbtutgpyi.jpg


Між тым, праект канцэпцыі закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту быў адхілены па адным выказванні Аляксандра Лукашэнкі. «Новы Час» пагутарыў з Ганнай Коршун, кіраўніцай Агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801.

Мы пачалі з некалькіх зусім не гіпатэтычных сітуацый.

— Сітуацыя першая. 44-гадовы віцяблянін ледзьве не забіў сваю сужыцельку. Праз два месяцы ён зноў паспрабаваў напасці на яе — ужо побач з яе працай. Жанчыну выратавалі мінакі. Але ён усё роўна яе пераследаваў і напаў зноў. Жанчына выклікала міліцыю, але гэта гвалтаўніка не спыніла. Ён парэзаў яе нажом, а выратавалася жанчына таму, што прыкінулася мёртвай. Як павінна была паводзіць сябе жанчына, каб прадухіліць гэтую сітуацыю?

Ганна Коршун

Ганна Коршун


— На вялікі жаль, адмысловага закона пра супрацьдзеянне хатняму гвалту ў нас няма. Гэта выпадак пераследу, альбо «сталкінгу». Само паняцце «сталкінгу» ў нашым заканадаўстве адсутнічае, і, адпаведна, адсутнічае пакаранне за навязлівы пераслед. Але ў любым выпадку жанчыне трэба было звярнуцца ў міліцыю, і ўжо задача міліцыі — знайсці склад правапарушэння. І, канешне ж, трэба было звяртацца па дапамогу ў розныя грамадскія і недзяржаўныя арганізацыі.

З практыкі нашай «гарачай лініі» мы ведаем, што «сталкінг» — вельмі траўматычны від гвалту. Наступствы яго жанчынам даводзіцца вельмі доўга прапрацоўваць з псіхолагамі. Таму ў гэтым выпадку ў першую чаргу трэба звяртацца ў міліцыю з заявай пра тое, што яе пераследуюць і ствараюць дыскамфорт. Другое — звяртацца па дапамогу да кваліфікаваных спецыялістаў, псіхолагаў, якія могуць дапамагчы. Часцяком справіцца з цяжкім псіхалагічным станам, які з’яўляецца вынікам гэтай сітуацыі, жанчыне самой вельмі складана.

— Ці можа міліцыя неяк абараніць жанчыну паводле існуючага заканадаўства?

— Калі пераследнік не здзяйсняе ніякіх спробаў фізічнага ўздзеяння, замаху на жыццё ахвяры, не парушае грамадскі парадак, не зневажае жанчыну — гэта складана. Зыходзячы з сённяшняга заканадаўства, такія дзеянні не з’яўляюцца супрацьпраўнымі і не караюцца законам.

Але кожны выпадак індывідуальны, кожны з прыкладаў можна разглядаць па-рознаму, тым больш, з дапамогай юрыстаў. За нешта можна зачапіцца.

— А калі б у нас быў закон па супрацьдзеянні хатняму гвалту?

— Тое, што сёння ёсць у нашым заканадаўстве, якім кіруюцца ў тым ліку і органы ўнутраных спраў, — гэта закон аб прафілактыцы правапарушэнняў, які ўтрымлівае шэраг мераў адміністрацыйнай адказнасці ў дачыненні да вінаватага ў хатнім гвалце. Гэта прафілактычная размова, прафілактычны ўлік і абарончае прадпісанне. У залежнасці ад правапарушэння, ахвяра можа разлічваць на адзін з відаў такога пакарання злачынцы.

Калі б у нас быў спецыялізаваны закон, у які было б унесенае паняцце пагрозы, пагрозы жыццю, — я думаю, што злачынца атрымаў бы як мінімум адміністрацыйнае пакаранне за пераслед.

Апроч таго, канцэпцыя закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, якая была раскрытыкаваная і не прынятая, мела такое палажэнне, як карэкцыйная праца з усімі вінаватымі ў хатнім гвалце. Важна не проста тое, каб вінаваты атрымаў нейкае пакаранне — адміністрацыйнае альбо крымінальнае, — важна, каб ён прайшоў спецыялізаваную карэкцыйную праграму. Бо няма гарантыі, што, калі агрэсар адбудзе пакаранне, ён не знойдзе новую ахвяру і не працягне свае супрацьпраўныя дзеянні.

247af2deaf2f36d_300x300.jpg

— Выпадак другі. Муж і жонка выпілі, муж абвінаваціў жонку ў здрадзе, а потым і пабіў. Жанчына схапілася за нож і папярэдзіла, што будзе абараняцца, мужа гэта не спыніла. Вынік — муж у бальніцы з нажавым раненнем, жонка пад следствам. Па-мойму, якраз той выпадак, калі псіхалагічны гвалт (абвінавачванні), перайшлі ў гвалт фізічны, што прывяло да абароны, і вынік сумны для абодвух. Так?

— На мой погляд, ніколі не трэба разглядаць выпадак хатняга гвалту толькі ў адным эпізодзе. Бо, калі мы кажам пра хатні гвалт, канкрэтна вось гэтаму эпізоду магло папярэднічаць шмат іншых дзеянняў. Калі мы кажам пра хатні гвалт, мы заўсёды заўважаем, што гэтая з’ява цыклічная ў часе, што з часам гвалт становіцца больш жорсткім і цяжкім, і самі формы ўздзеяння на пацярпелую з кожным разам становяцца больш цяжкімі.

На мой погляд, вялікая памылка СМІ — яны апісваюць сітуацыю хатняга гвалту, вырываючы адзін эпізод з кантэксту жыцця сям’і. Муж з жонкай выпілі, здарыўся сямейна-побытавы канфлікт — гэта эпізод. Але мы не ведаем, што адбывалася да таго. Можа, такое ўжо было, і жанчына ведала, што абвінавачванні яе ў здрадзе скончацца збіццём, таму і наважылася абараняцца. Мы не можам казаць, што папярэднічала дзеянням пацярпелай.

Статыстыка органаў МУС кажа: сёння ў калоніях адбываюць пакаранне вельмі шмат жанчын, што выкарыстоўвалі такія метады самаабароны, у выніку якіх гвалтаўнік загінуў.

Што тычыцца псіхалагічнага гвалту, то, зноў жа, па досведзе нашай «гарачай лініі» я магу сказаць, — ён вельмі траўматычны. Шмат нашых абанентак кажуць, што «лепш бы ён мяне біў». Псіхалагічны гвалт знясільвае, выводзіць, часцяком жанчыны кажуць, што стаміліся чуць пастаянныя абвінавачванні ў свой адрас, знявагі, скаргі, абразы. Гэта вельмі траўматычна, асабліва калі доўжыцца на працягу не аднаго года. А некаторыя церпяць псіхалагічны гвалт дзесяцігоддзямі!

І частка жанчынаў пачынаюць думаць пра суіцыд, і нават ажыццяўляць такія спробы.

Увогуле, калі ў сям’і ёсць гвалт, то нельга вылучыць нейкі яго пераважны від. Хатні гвалт — гэта комплексная праблема, шматгранная. Калі ёсць фізічны гвалт — абавязкова будзе і псіхалагічны. Калі ёсць псіхалагічны гвалт, будзе, з вялікай доляй верагоднасці, фізічны. Проста іншым разам жанчыны яго не ідэнтыфікуюць.

Некаторыя пацярпелыя тэлефануюць і кажуць, што хочуць проста паразмаўляць, ім цяжка, ім падаецца, што яны ў дэпрэсіі, але фізічнага гвалту не было. Але, калі яны паразмаўляюць з кансультантам-псіхолагам, стануць больш адкрытыя, высвятляецца: элементы фізічнага гвалту ўсё ж былі — ёй давалі пляскача, моцна штурхалі, спрабавалі прыдушыць…

Куды звяртацца ў выпадку гвалту:

8-801-100-8-801 — агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту. Працуе штодня з 8.00 да 20.00. Прызначана для паўналетніх жыхароў Беларусі, якія сутыкнуліся з гвалтам у сям’і. Абаненты, што звярнуліся на лінію, могуць атрымаць сацыяльную, псіхалагічную, юрыдычную дапамогу цалкам бясплатна, канфідэнцыйна і ананімна. Лінію адмініструе міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Гендарныя перспектывы».

+375 29 610 83 55 — тэлефон тэрміновай дапамогі для размяшчэння ў прытулку ГА «Радзіслава» для жанчын і дзяцей, пацярпелых ад гвалту. Кругласутачна.

+375 29 756 35 24 — крызісная лінія для пацярпелых ад гвалту жанчын БЖСГА «Правінцыя».

+375 33 603 20 32 — ГА «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын», падтрымка і дапамога ў распрацоўцы далейшых дзеянняў у крызіснай сітуацыі.

+375 29 635 56 62 — цэнтр па прасоўванні правоў жанчын «Яе правы». Юрыдычная дапамога ахвярам хатняга гвалту.



У паняцці абывацеля «хатні гвалт» і «фізічны гвалт» — гэта толькі тады, калі ўжо нейкія скрайнія праявы, моцныя траўмы, пераломы і гэтак далей. Але тыя самыя штуршкі і пляскачы — гэта таксама дзеянні фізічнага характару, якія прыніжаюць гонар і годнасць асобы. Гэта таксама фізічны гвалт.

Калі ёсць псіхалагічны гвалт — можа быць і эканамічны гвалт. Іншым разам жанчыны кажуць, што ёсць і фізічны, і сексуальны гвалт. Сексуальны гвалт паміж мужам і жонкай, у стасунках, у пары — гэта ўвогуле вельмі табуяваная ў нас тэма. Усе разглядаюць сексуальныя адносіны як праяву шлюбнага абавязку.

У нас было тэлефанаванне, калі жанчыну збіў яе былы муж, з якім яна была разведзеная, але пражывала ў адным доме. Ён яе не толькі збіў, але і згвалціў. Яна выклікала міліцыю, расказала ім пра збіццё, але не сказала пра згвалтаванне. На пытанне, чаму яна пра гэта не паведаміла, яна шчыра здзівілася: хаця зараз яны развяліся, раней жа яны былі мужам і жонкай, хіба ў яе прынялі б заяву пра згвалтаванне?

Часцяком беларусы не ведаюць сваіх правоў, не ведаюць, як іх абараніць, у іх нізкая юрыдычная і псіхалагічная культура. Мы часцяком, усведамляючы абмежаванні тэлефоннага кансультавання і дапамогі, перанакіроўваем людзей у іншыя грамадскія і дзяржаўныя структуры, дзе людзі могуць атрымаць дапамогу псіхолага ці псіхатэрапеўта. А нам адказваюць: «У мяне з галавой усё добра, навошта мне псіхатэрапеўт ці псіхіятр».

Людзі не ведаюць законаў, не ведаюць сваіх правоў, не ведаюць, як свае правы можна абараніць ці адстаяць. З гэтым нам таксама даводзіцца працаваць.

Ганна Коршун

Ганна Коршун

— Вы казалі, што гвалт — цыклічны, і з кожным разам ён становіцца ўсё часцейшым, больш жорсткім і больш цяжкім. Ці ёсць магчымасць выйсці з гэтага цыклу?

— Для таго, каб перарваць гэты цыкл, ёсць два спосабы. Першы — фізічнае аддзяленне пацярпелай ад агрэсара. Іншым разам гэта спрацоўвае, іншым — не. Другі варыянт — тэрапеўтычная праца з пацярпелай і карэкцыйная праца з агрэсарам. Другі варыянт даволі паспяхова праводзіцца ў перадавых краінах, дзе ёсць развітае заканадаўства, што абараняе пацярпелых ад хатняга гвалту. Не ўсе пацярпелыя ад хатняга гвалту маюць час, рэсурсы і выказваюць гатоўнасць сысці ад чалавека, ад якога церпяць гвалт. Не заўсёды гэта муж, жонка, альбо інтымны партнёр. Іншым разам гэта дочкі і сыны, бацькі, родныя. У гэтым выпадку фізічнае аддзяленне амаль немагчымае. Але, калі браць ідэальную сітуацыю — калі ахвяра звяртаецца па псіхатэрапеўтычную дапамогу, а вінаваты ў гвалце — па карэкцыйную праграму, то верагоднасць, што гвалт спыніцца — вельмі высокая.

Такія праграмы ёсць, напрыклад, у Аўстрыі. Тамтэйшыя эксперты кажуць, што ім атрымліваецца спыніць гвалт у 80% выпадках. З тых, хто прайшоў гэтую праграму ад пачатку да канца, толькі 20% вяртаюцца да гвалту ў адносінах. Рэалізацыя гэтых карэкцыйных праграм даказала сваю эфектыўнасць у краінах, дзе такія праграмы дзейнічаюць.

— У канцэпцыі закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту была норма пра абавязковае прыцягненне агрэсара да праходжання карэкцыйнай праграмы. Але наколькі гэта будзе эфектыўна: карэктаваць паводзіны насуперак волі чалавека? Ці можна змяніць асобу, калі яна не жадае змяняцца?

— На жаль, у нашай краіне мала спецыялістаў, якія працуюць па адмысловых карэкцыйных праграмах. Зараз яны працуюць толькі з тымі агрэсарамі, хто добраахвотна да іх звярнуўся, у той час, як у Германіі, Францыі суды выносяць пастановы пра абавязковае праходжанне карэкцыйнай праграмы.

Але нават людзі, якія прыйшлі на карэкцыю добраахвотна, не зусім усведамляюць, што яны здзяйсняюць нейкія супрацьпраўныя рэчы. Людзі, якія працуюць з агрэсарамі, кажуць, што хатні гвалт — гэта адносіны ўлады і кантролю. Вельмі прывабна ўладарыць над кімсьці, кантраляваць жыццё іншага чалавека. Таму добраахвотна асобы, якія прымяняюць гвалт да сваіх блізкіх, ад гэтага не адмаўляюцца. Часцей яны звяртаюцца па карэкцыйныя праграмы тады, калі адчуваюць, што пацярпелая з-за іх паводзінаў можа парваць з імі і сысці.

За час нашай працы ў нас таксама было некалькі дзясяткаў зваротаў ад агрэсараў, якія казалі, што баяцца згубіць жонку альбо каханую з-за таго, што яны ўжываюць гвалт, і пыталіся пра спецыялістаў, якія маглі б ім дапамагчы справіцца з агрэсіяй. Таму зварот па карэкцыйныя праграмы, як правіла, гэта не ўнутраная матывацыя, а знешняе стымуляванне.

Адмыслоўцы кажуць, што агрэсію можна параўнаць з залежнымі паводзінамі. Як людзі, што пакутуюць на алкагалізм, вельмі рэдка прызнаюць свае праблемы з алкаголем, і кажуць, што могуць спыніцца ў любы момант, так і агрэсары не бачаць праблемы ў сабе. Яны ўяўляюць, што праблема — у паводзінах пацярпелай. Маўляў, каб яна стала добрай, схуднела, лепей даглядала дзяцей, каб яна змянілася — яны б перасталі яе збіваць…

Але гэта не так. Некаторыя жанчыны, што скардзяцца нам на хатні гвалт, кажуць: у іх партнёраў гэта не першы шлюб. І што першы шлюб распаўся менавіта з-за гвалту. Калі яны ўступалі ў адносіны, то былі ўпэўненыя, што з імі такога не здарыцца, бо «першая жонка была дрэнная».

Прычынаў у хатняга гвалту няма, заўсёды ёсць нагода. Агрэсары вельмі рэдка ўсведамляюць, што яны здзяйсняюць злачынства альбо правапарушэнне, прычыняюць боль альбо шкоду іншаму. І калі не ўключаць карэкцыйныя праграмы, то гвалт можа паўтарацца і павялічвацца.

images_70.jpg


— Наступны прыклад. Айчым збіваў дзяцей за дрэнныя ацэнкі ў школе, так, што парваў рэмень. Настаўнікі звярнулі ўвагу на пашкоджанні, дзяцей забралі, заведзеная крымінальная справа. Між тым, канцэпцыю закона пра хатні гвалт зарубілі пасля словаў Лукашэнкі пра тое, што добры рэмень часцяком неабходны. А саму канцэпцыю яе крытыкі назвалі «законам аб плескачах». Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці і наколькі канцэпцыя насамрэч была засяроджана на правах дзіцяці?

— Канцэпцыя тычылася дзяцей у найменшай ступені. У нас у заканадаўстве ёсць нарматыўныя акты, што абараняюць правы дзіцяці — напрыклад, той жа дэкрэт №18. Меркавалася, што закон будзе скіраваны найперш на паўналетніх, якія церпяць ад розных відаў хатняга гвалту.

У нас у заканадаўстве зараз ёсць паняцці фізічнага і псіхалагічнага гвалту, ёсць артыкулы, якія прадугледжваюць адказнасць за гэтыя віды гвалту. Але няма паняццяў эканамічнага гвалту, сексуальнага гвалту ў шлюбе, «сталкінгу», у склад сям’і не ўваходзяць былыя сужэнцы, якія жывуць на адной тэрыторыі… Усе гэтыя рэчы выпадаюць з прававога поля.

Канцэпцыя ўтрымлівала спасылкі на тое, што будзе прадугледжана пакаранне за фізічнае ўздзеянне на дзяцей. Гэта слушна, таму што дзеці, якія з’яўляюцца сведкамі хатняга гвалту, атрымліваюць не меншую траўму, яны перажываюць псіхалагічны гвалт.

Я думаю, тыя арганізацыі і людзі, якія выступілі за непрыняцце канцэпцыі, папросту знайшлі ў ёй зачэпку, якая выклікала грамадскі рэзананс. Але, паўтаруся, збольшага канцэпцыя была скіраваная на дарослых, а што да дзяцей — там у нас ёсць асобнае заканадаўства.

— Паводле міліцэйскай статыстыкі, да іх паступае 120 тысяч паведамленняў пра хатні гвалт штогод. 50 тысяч выклікаюць рэакцыю — узбуджаюцца адміністрацыйныя справы, а 2,5 тысячы — крымінальныя. За 2017 год выдадзена 7 тысяч ахоўных прадпісанняў. Чаму больш за палову зваротаў да праваахоўнікаў заканчваюцца, фактычна, нічым?

— У МУС самі кажуць, што часцяком ахвяры забіраюць заявы на агрэсараў. Зараз справы аб хатнім гвалце ў нас — справы прыватнага абвінавачвання, і ўзбуджаюцца, часцей за ўсё, па заяве пацярпелай. Калі яна забірае заяву, справа не ідзе ў ход.

Чаму ахвяры забіраюць заяву? Таму што гэта сутнасць хатняга гвалту. Хатні гвалт — гэта апрыёры залежнае становішча пацярпелай. Яна можа баяцца помсты з боку агрэсара, яна можа быць ад яго у залежным стане, псіхалагічна і эканамічна. Часцяком людзі ўсведамляюць, што агрэсара пакараюць штрафам, а калі агрэсар не працуе, штраф за яго будзе сплачваць ахвяра. Ці судовы выканаўца вынесе з дому што-небудзь з «агульнай» маёмасці. Жанчыны вельмі баяцца, што іх паставяць на ўлік як нядобранадзейную сям’ю, вызначаць, што дзеці ў такой сям’і знаходзяцца ў «сацыяльна небяспечным становішчы» — ад гэтага адзін крок да адабрання дзяцей у прытулак… Для каго тады пакаранне — для агрэсара ці ахвяры?

У міліцыі такіх выклікаў багата, бо міліцыя — гэта першая «кропка ўваходу» ў сістэму дапамогі. Да міліцыі звяртаюцца ахвяры, калі адчуваюць страх, небяспеку за жыццё, калі хочуць фізічнай абароны. А калі «востры перыяд» здымаецца і ад пачуццяў пераходзіць да рацыянальнага — ахвяра не заўсёды дае працяг сваёй заяве.

img_20190415_162114.jpg


— Што можна было б зрабіць, каб жанчыны не баяліся агрэсараў і настойвалі на іх пакаранні?

— Для гэтага і патрэбны спецыялізаваны закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Канцэпцыя закона прадугледжвала пераход гэтых спраў з катэгорыі прыватнага абвінавачвання ў абвінавачванне прыватна-публічнае, калі пацярпелай нават не спатрэбіцца пісаць заяву на агрэсара. Бо цяпер нават такая перадавая рэч, якая ёсць у нашым заканадаўстве — ахоўнае прадпісанне, — усё роўна выносіцца са згоды пацярпелай. Ахвяра павінна напісаць заяву, каб агрэсара аддалілі ад яе на тэрмін ад 3 да 30 сутак. Калі яна не напіша — гэтага не адбываецца.

То-бок, пацярпелая павінна пагадзіцца, каб яе абаранілі! І яна сама павінна прыняць для гэтага захады, рызыкуючы нарвацца на помсту агрэсара. А калі б такія справы былі прыватна-публічнымі, яе маглі б абараніць і без напісання заявы.

Цяпер, каб атрымаць ахоўнае прадпісанне, агрэсар павінен два разы на працягу года прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці. У канцэпцыі закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту прадугледжваўся «тэрміновы ахоўны ордэр», які ёсць у іншых краінах — калі супрацоўнік МУС адразу ізалюе ахвяру ад агрэсара. Ён даваў бы магчымасць міліцыянтам аператыўна рэагаваць на сітуацыі хатняга гвалту.

Хатні гвалт — гэта вельмі латэнтная праблема. Шмат людзей церпяць гвалт і маўчаць, таму што ім сорамна, страшна. І тое, што рэгіструецца, — гэта толькі вяршыня айсбергу.

img_20190415_162258__1___1_.jpg


* * *

Канцэпцыю закона пра супрацьдзеянне хатняму гвалту «зарэзалі» пасля вядомага выказвання Лукашэнкі. «Усё гэта дурнота, узятая перш за ўсё з Захаду... Трэба зыходзіць з той сітуацыі, якая ў нас складваецца. Добры рэмень часам таксама карысны для дзіцяці... Гэта наша традыцыя, наша жыццё, і мы будзем выхоўваць так, як трэба», — сказаў Лукашэнка.

Але ніхто не згадвае, што ён казаў і адваротнае. Калісьці Лукашэнка ставіў Генеральнай пракуратуры рэспублікі задачу разабрацца з сітуацыяй з хатнім гвалтам, што склалася ў краіне. «Мы не можам дапусціць, каб нейкі бандзюган здзекаваўся з дзяцей у сям’і, з жанчыны, не можам. Гэтаму павінен, Аляксандр Уладзіміравіч, быць пакладзены канец», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да генеральнага пракурора Беларусі Канюка.

«Рабіце што хочаце там. Павыкручвайце ім рукі і паадсякайце рукі. Гэта ж не справа, што дзеці баяцца дадому ісці, таму што там завёўся япрук, які тэрарызуе сям’ю», — заяўляў ён.

Дык якімі ж словамі Лукашэнкі трэба кіравацца?


P.S. Усе прыклады крымінальнай хронікі рэальныя і ўзятыя з навінавых зводак усяго за пяць дзён: з 27.06 па 02.07.