«Гэта нейкі здзек». Родным Рамана Бандарэнкі нічога не паведамілі пра прыпыненне крымінальнай справы

Як кажа сястра Рамана Вольга Кучарэнка, сям’я пра ўсё даведалася з прэсы: учора з'явілася гэтая навіна, сёння гэта пацвердзіла Генеральная пракуратура ў сваім Telegram-канале.

br_bondarenko_site2.png


З раніцы адвакатка сачыла за сайтам Генпракуратуры і чакала інфармацыі, а сям’і ніхто з праваахоўнікаў не тэлефанаваў і не пісаў.
Што рабіць цяпер, вырашаюць адвакатка і маці забітага. Збіраюцца, прынамсі, звярнуцца па тлумачэнні.
«Пісаць заявы ці, я не ведаю, якія яшчэ магчыма на заканадаўчым узроўні паперы, мы будзем. Бо я лічу, што гэта проста нейкі здзек», — кажа Вольга Кучарэнка, сястра забітага.
Ад 25 лютага, калі распачалі крымінальную справу і выклікалі маці Рамана на допыт, ніякай інфармацыі сям’і не давалі. Сям’я не ведае, ці наогул былі падазраваныя ў справе.
Справу ад пачатку заводзілі не за забойства, а за «Наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацярпелага» (ч.3 арт. 147 КК РБ). Цяпер яе прыпынілі ў сувязі з «невыяўленнем асобы, якую належыць прыцягнуць у якасці абвінавачанага».
Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 12 лістапада 2020 года на запісах з камераў назірання пазналі экс-кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Наталлю Эйсмант.