Хваля не хвалюе. Чаму беларусы так легкадумна ставяцца да каронавіруса, хаця статыстыка мусіць пужаць

Улады афіцыйна прызналі, што краіну накрывае чарговая — ужо чацвёртая — хваля каронавіруса. І гэта той выпадак, калі з уладамі варта пагадзіцца. Бо статыстыка такая, што ў дзверы грукаецца дэжа вю — штодзённая колькасць захварэлых-памерлых паўтарае мінулагоднія лічбы і ўжо нават выйшла на рэкорд. Лякарні актыўна перапрафілююць пад ковідных пацыентаў, а дзе-нідзе ледзьве хапае кіслародных кропак. Адчуванне такое, што чацвёртая хваля можа аказацца не меншай — а то і большай — за першую.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

А першую мы выдатна памятаем: чэргі ў паліклінікі, чароды «хуткіх» у пункты прыёму, новыя словы ў побыце — «кісларод», «сізы», «эпідэміялагічная абстаноўка», ШВЛ… Бадзёрыя справаздачы Міністэрства аховы здароўя, што ўсё пад кантролем. Катэгарычныя запэўніванні з самага верху, што вірус увогуле ёсць не болей, чым псіхоз. І — паўсядзённая смяротнасць, якая пужала больш за ўсё.

Усё гэта ў мінулым, аднак мінулае мае ўласцівасць вяртацца. Дзеля чаго? А вось гэта ўжо залежыць ад таго, ці зробленыя правільныя высновы, ці выпраўленыя памылкі і ці выпрацаваны іммунітэт ад рэцыдыву.

Пакуль выглядае так, што беларусы сустракаюць каронавірус 2.0 не надта мабілізаванымі. І наогул не адчуваюць той разбуральнай моцы, якую патэнцыйна нясе новая ковідная хваля.

— Ну, вірус, — думаюць і кажуць беларусы — ну, і халера з ім, з гэтым вірусам. Ёсць іншыя клопаты, вунь цэны на малако зноў выраслі.

«НЧ» вырашыў пакапацца ў прычынах, чаму так адбываецца. Чаму грамадства грэбліва ставіцца да новых эпідэміялагічных рызыкаў і тым самым гэтыя рызыкі павышае. Прычын набралася пяць.

Дынаміка захворвання на COVID-19 у Беларусі. Графік coronavirus-monitor.info

Дынаміка захворвання на COVID-19 у Беларусі. Графік coronavirus-monitor.info

Беларусы ўжо зведалі каронавірус, і той вопыт іх не навучыў

Калі ўвесну мінулага года (першы выпадак інфікавання афіцыйна зафіксаваны 28 лютага) на краіну пачаў насоўвацца таемны вірус, пра яго было мала што вядома. Кітайскі Ухань? Заражэнне от кажана на рынку? Імклівы распаўсюд? Што наогул адбываецца?

А адбывалася тое, што, з’явіўшыся ў адкрытай Еўропе, новая хвароба пачала актыўна нішчыць людзей. Асабліва дасталося рэспектабельнай поўначы Італіі, дзе шмат сталых жыхароў і апакаліптычныя кадры адкуль абляцелі свет.

Узнік натуральны саспенс — той самы, які ўзнікае перад усім нязведаным. Беларусы пачалі сцерагчыся — насіць маскі, трымаць сацыяльную дыстанцыю, карыстацца побытавай дэзінфекцыяй. Пачалі самаадукоўвацца, не аглядаючыся на афіцыйныя дактрыны аб тым, што «карона» зусім не страшная і не варта паддавацца псіхозу. Карацей, небяспецы аддалі належнае — бо ці мала чаго яна нясе.

Колькасць захворванняў, паводле афіцыйных даных Мінаховы здароўя, ужо дасягнула рэкордных лічбаў, але зайдзі ў транспарт, вячэрні супермаркет ці офісны цэнтр — добра, калі траціна сустрэчных глядзіць на цябе па-над марлевым «наморднікам». Поціскі рук, аніякага дыстанцыявання, канцэрты, футбол, тусоўкі. Так, гэта менавіта сіла звычкі. Да віруса прыгледзеліся-прынюхаліся — і болей яго не баяцца. Да штодзённай смяротнасці прывыклі — змірыліся з ёй. І чаго б не змірыцца, калі ў тваім асяроддзі большасць перахварэла бессімптомна. А калі з ускладненнямі, то што ж, бывае. А калі нехта памёр, то ці мала ад чаго паміраюць.

Вірус больш не таямніца з фільмаў-катастроф — да яго прывыклі. І гэта не толькі беларускі трэнд — сусветны. Людзі стаміліся ад напругі, каранцінаў і лакдаўнаў. Людзі прагнуць ранейшага жыцця. Праўда, калі за мяжой жорсткім рэгулятарам чалавечых стасункаў выступае дзяржава, то ў Беларусі па-ранейшаму антыковідныя захады па факце маюць хутчэй рэкамендацыйны характар.

Чым адзавецца такая бестурботнасць — не ведае ніхто. Але дакладна, мала хто і парыцца з гэтай нагоды.

Беларусы спадзяюцца на медыкаў, якія навучыліся ратаваць

Зноў жа: год таму пра сутнасць, моц і ўразлівасць каронавіруса мала ведалі не толькі шараговыя абывацелі, але і акадэмічная медыцынская навука. З’явілася нейкая трасца, а як з ёю змагацца — пра гэта не напісана ні ў адным падручніку.

Зразумела, гэта вельмі моцна ўплывала на эфектыўнасць лекавання, пратаколы якога прыходзілася складаць літаральна на хаду. Як хутчэй перадаецца — паветрана-капельна альбо праз паверхні? Ці маюць плён маскі і пальчаткі? Лепей сядзець у чатырох сценах ці выходзіць на вуліцу? Медыкі-навукоўцы агучвалі свае ацэнкі — і іх меркаванні супярэчылі адно аднаму. А тут яшчэ падключыліся ўсялякія сумнеўныя блогеры ад медыцыны. А яшчэ і ковід-дысідэнты плявузгалі, што вірус — усяго толькі фікцыя, якую даслалі з касмічных арбіт зламысныя марсіяне.

Галава ішла кругам, даверу не было, правільныя адказы медыкі шукалі эмпірычным шляхам — з вядомымі выдаткамі ў выглядзе чалавечых ахвяр.

Дынаміка смяротнасці ў Беларусі праз COVID-19. Графік coronavirus-monitor.info

Дынаміка смяротнасці ў Беларусі праз COVID-19. Графік coronavirus-monitor.info

Сёння, канечне, сітуацыя іншая. Пратаколы ўзгодненыя, алгарытмы адпрацаваныя, лекаванне ідзе больш-менш адным скаардынаваным кірункам. І хай дагэтуль няма паразумення наконт тых жа, да прыкладу, антыбіётыкаў, але ж і парацэтамолам не абмяжоўваюцца, і трымаюцца агульнага комплекснага падыходу.

Вядома, гэта расхалоджвае. Нават у сітуацыі, калі медыкаў не хапае, бо многія з’ехалі ці былі звольненыя. Справяцца астатнія — вунь як самааддана спрацавалі ў першую хвалю. Спрацуюць і ў чацвёртую. Айда ў «Мінск-Арэну» — паслухаем «Перемен» ад гурта «Кино».

Беларусы маюць забабоны адносна вакцын і не вераць у іх сілу

Калі вы бачылі знакамітае жыццесцвярджальнае відэа ад праўладнай «Мінскай праўды» пра суцэльны росквіт у горадзе Чэрвені, то, пэўна, заўважылі стаўленне жыхароў да вакцынацыі. «Не вакцынаваўся і не збіраюся», — гучыць рэфрэнам. І гэта так — і тычыцца не толькі асобна ўзятага раёнага цэнтра.

Пазбяганне вакцын — з’ява, якая мае цэлы шэраг прычын. Хтосьці не давярае прышчэпкам расійска-кітайскай вытворчасці і хоча мець у асартыменце заходнія прэпараты. Хтосьці баіцца пабочных эфектаў, якія дагэтуль не даследаваныя. А ёсць яшчэ фаталісты, пафігісты і так званыя «антываксеры», для якіх у кроплі вакцыны адлюстроўваецца паралельны інфернальны сусвет. Там і чыпаванне ад Біла Гейтса, і перафармаванне генетычнага коду, і сусветная змова фармацэўтаў. Для такіх найлепшая вакцына — гэта каптурок з фальгі, пад якім утульна і спакойна.

Аднак факт: працэнт вакцынацыі ў Беларусі — адзін з самых нізкіх у Еўропе. Ці ён прычына легкадумнага стаўлення да хваробы, ці ён следства — пытанне другое. Пытанне першае: гэты чыннік таксама робіць беларусаў уразлівымі перад новым пандэмічным выклікам. Аднак таго самага смажанага пеўня, які балюча клюе, беларусы ў ім не бачаць.

Фота kp.by

Фота kp.by

Беларусы бачаць паводзіны ўладаў, а тыя прыкладу не падаюць

Пра надзвычай высокія стасункі дзяржавы з каронавірусам можна чытаць штодня. І штодня захапляцца пільнасцю і ўважлівасцю ўлады да здароўя суграмадзян. Ну, вы ведаеце самі.

Калі масавае мерапрыемства ўзгодненае вертыкаллю, то пандэміі для яго няма. Калі нейкая імпрэза ў ідэалагічнае рэчышча не ўпісваецца, то праз складаную сітуацыю яе варта адмяніць. Супрацьковідныя захады робяцца — кажуць і пра маскі, і пра дэзынфекцыю, і круцяць ролікі на актуальную тэму. І вакцынацыю прапагандуюць грунтоўна, і вакцыны закупаюць у вялікай колькасці, і мабільныя кропкі, дзе можна «ўкалоцца і забыцца», ладзяць ужо і ў гандлёвых цэнтрах. Але каб на якой важнай нарадзе ўбачыць якога міністра ў масцы — не, ну яшчэ чаго. Але каб вышэйшыя чыноўнікі, уключаючы самага галоўнага, прасоўвалі вакцынацыю на асабістым прыкладзе — такога таксама няма. Не ў Францыі ці Германіі жывём. Добра хоць пра псіхоз больш не распавядаюць.

Гледзячы на такую палітыку, людзі не ведаюць, што думаць. Можа, і сапраўды небяспека перабольшаная? Яны не сцерагуцца, то і мы не будзем. Нават калі скептычна ставімся да афіцыйнай статыстыкі захворвання на COVID-19 ды ўвогуле да правячых колаў.

Беларусы не ўлічваюць мутацый віруса і новых штамаў

Чацвёртую хвалю гоніць на Беларусь дэльта-штам SARS-CoV-2 — новая мутацыя каронавіруса, якую ўпершыню зафіксавалі ў Індыі. Індыю добра патрэсла, жудасныя ковідныя зводкі адтуль і шакуючыя кадры на нейкі час сталі галоўнай тэмай сусветных СМІ.

Паступова тэма сышла з мэйнстрымаў, але дэльта-штам застаўся. І вядома ўжо, што ён больш небяспечны — і ў сэнсе працякання хваробы і з гледзішча яе распаўсюду. У прыватнасці, пад ударам тут дзеці, і шэраг нядаўніх успышак у летніх лагерах — яскравае таму сведчанне. А зараз дзеці пайшлі ў школу. І восень для вірусаў — самы сезон. Аднак і гэтыя абставіны, такое ўражанне, не клапоцяць беларусаў, не змушаюць іх да перасцярог.

Ну што ж, як ёсць, так ёсць. Застаецца спадзявацца, што вышэйшыя сілы неяк абароняць наш цэнтр Еўропы ад гэтых бясконцых каронавірусных хваляў.

Дарэчы, спецыялісты кажуць, што «карона» цяпер ніколі не сыдзе з нашага жыцця. З вірусам прыйдзецца не проста лічыцца — трэба вучыцца з ім суіснаваць. Пад гэтую думку расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі ўжо высунуў магутную камерцыйную ідэю — прадаваць назву кожнага новага штама шчодрым рэкламадаўцам. І будзе тады ў нас Apple-штам, Mercedes-Benz-штам, альбо Siemens-штам. І, можа, стане крыху весялей перад тварам чарговай хвалі.