Ілля Міронаў: Яны хочуць, каб я перастаў падтрымліваць палітвязняў і з'ехаў

Вядомага гомельскага валанцёра Іллю Міронава, які напісаў больш за 2,5 тысячы лістоў палітвязням, затрымалі 17 жніўня і асудзілі за нібыта «пікетаванне майкай», на якой быў надпіс «Пішыце лісты».

 Ілля Міронаў, фота Сяргея Лысенкі, gomelspring.org.

 Ілля Міронаў, фота Сяргея Лысенкі, gomelspring.org.

Пасля вызвалення 11 верасня Ілля паспеў ужо наведаць некалькі судовых працэсаў і даслаць не адзін дзясятак лістоў падтрымкі. Пра тое, што дае сілы і як плануе жыць далей, маючы статус падазраванага па крымінальнай справе, Ілля распавёў у інтэрв’ю «Новаму Часу».

«Гэта ціск на мяне за маю дзейнасць»

illja_mironau__2_.jpg

Ілля Міронаў, фота Ларысы Шчыраковай, gomelspring.org.
У дзень затрымання Ілля Міронаў сустрэўся са знаёмым каля гомельскага СІЗА, каб узяць у яго адзенне і потым перадаць аднаму з вязняў. Пасля валанцёр паспеў яшчэ зайсці ў Цэнтральны суд, каб паглядзець расклад пасяджэнняў над актывістамі, і паехаў на паштамт, каб даслаць 20 лістоў падтрымкі палітвязням. Калі выйшаў з аўтобуса, яго ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Яны не прадстаўляліся і нічога не тлумачылі, а пасадзілі Іллю ў машыну і адвезлі ў Цэнтральнае аддзяленне міліцыі.
— Пасля таго, як да мяне дадому прыйшлі 8 ліпеня супрацоўнікі КДБ і сказалі, што я сведка, а потым стаў падазраваным па артыкуле «акт тэрарызму», для мяне гэтае затрыманне ўжо не было незвычайным. Тым больш, што той месяц (жнівень. — НЧ) пачаўся для мяне з апытання ў Следчым камітэце ў якасці сведкі па нейкай крымінальнай справе.
Потым да мяне перад 9 жніўня за адзін дзень тры разы прыходзіла міліцыя (мяне дома не было), а таксама тэлефанавалі з невядомага нумару. Таму я меркаваў, што, магчыма, што-небудзь будзе,
— распавядае Ілля.

 Тая самая майка, за якую арыштавалі Іллю.

 Тая самая майка, за якую арыштавалі Іллю.

Ён прызнаецца, што нават не быў упэўнены, што яго затрымаюць па адміністрацыйным артыкуле. Ілля мае некалькі версій, чаму яго асудзілі за «пікетаванне», а не ўзялі пад варту па крымінальнай справе.
— Першы варыянт — як я пасля даведаўся, нехта абвясціў тыдзень падтрымкі Сяргея Ціханоўскага, якога цяпер судзяць у Гомелі і ў якога 18 жніўня быў дзень народзінаў. Магчыма, чакалі, што хтосьці выйдзе з пікетам, і я выпадкова трапіўся. І другі варыянт, на якім я хачу спыніцца, — гэта ціск на мяне за маю дзейнасць. Пасля затрымання па крымінальнай справе 25 сутак у такіх умовах былі накіраваныя на тое, каб я перастаў ёй займацца і, магчыма, нават з’ехаў.

«Лісты падтрымлівалі мяне, як крылы»

Мы размаўляем з Іллём Міронавым праз тры дні пасля яго вызвалення з гомельскага ізалятара. Ілля прызнаецца: пасля тых умоваў, у якіх ён правёў 25 сутак, мае патрэбу ў адпачынку і адаптацыі да нармальнага жыцця. Але ў той жа час валанцёр гаворыць, што аптымізму пасля адседкі ў яго не паменела, а наадварот, стала яшчэ больш.
— Упершыню за час майго знаходжання ў ізалятары — а гэта за апошні год шосты раз — я атрымаў вельмі шмат лістоў падтрымкі як з Беларусі, так і з іншых краін. Кожны ліст нёс такі зарад энергіі, які дапамог мне адчуваць сябе ў тых умовах нашмат лепш, чым калі б я быў без лістоў.
Валанцёр распавядае, што гэтым разам яму кожны дзень прапаноўвалі на 30 хвілін пачытаць альбо кніжку, альбо лісты, якія прыходзілі яму ледзь не штодня. За дзень Ілля атрымліваў ад адной да 10, а то і больш, вестачак з волі — лістоў (толькі іх у ізалятар прыйшло 57), паштовак, тэлеграм. Але праз 30 хвілін усе лісты забіралі з камеры, і выдалі толькі па выхадзе з ізалятара.
— Яны падтрымлівалі мяне, як крылы, — гаворыць Ілля.
Тое, што лісты перадавалі, для яго самога стала дзівам. Бо да гэтага, калі ён трапляў у ізалятар на восем сутак у ліпені ў якасці падазраванага па крымінальнай справе «аб тэрарызме», карэспандэнцыю яму перадалі толькі пры выхадзе.
Раз на тры дні маці актывіста спадарыня Валянціна прыносіла перадачы для сына. Іх прымалі, але многія пазіцыі выкрэслівалі з незразумелых прычын. Іллю перадавалі сала, каўбасу, часнок, цыбулю, печыва, пернікі. Дзякуючы часнаку і цыбулі, гаворыць суразмоўца, ён не падчапіў у зняволенні нават насмарк, таму раіць перадаваць гэтыя прадукты зняволеным. Паперу, асадкі і канверты актывісту выдалі толькі пасля вызвалення, таму напісаць адказы на лісты ён не мог.

«Спяваў песні ўголас»

Ілля распавядае, што пагаршэнне ўмоваў у гомельскім ізалятары пачалося з канца сакавіка. Сталі моцна абмяжоўваць перадачы, забіраць пасцельную бялізну і матрацы для асуджаных па «палітычных» артыкулах. Калі актывіст быў там у ліпені, ён пісаў заяву, каб праверылі ўмовы ўтрымання, якія нагадваюць катаванні. Вядома, праверка парушэнняў не выявіла.
Падчас апошняга зняволення валанцёру даводзілася спаць на голым жалезным каркасе нараў пад яркай лямпачкай, якая гарэла кругласутачна — на шчасце, была маска для сну. Спаць дазвалялі толькі на верхнім ярусе, таму была пастаянная рызыка зваліцца і зачапіцца за лаўку ці трапіць у туалет, які знаходзіўся зусім блізка. У першыя дні верасня было вельмі холадна, таму Ілля спаў у двух парах штаноў, шкарпэтак і кофт, падклаўшы пад галаву ручнік. Але і гэта дапамагала хіба на паўгадзіны, потым даводзілася прачынацца і рабіць практыкаванні, каб сагрэцца і зноў заснуць.
Першы тыдзень зняволення Ілля знаходзіўся ў камеры з іншымі людзьмі, якіх затрымалі па адміністрацыйных артыкулах. Але паколькі яны не былі «палітычнымі», у іх усё было — і матрацы, і пасцельная бялізна, аднаго з іх нават вазілі кудысьці на працу. Астатнія 18 дзён палону Ілля месціўся ў адзіночных камерах памерам два на тры метры. Множны лік тут таму, што кожныя суткі вязня пераводзілі ў новую камеру — для таго, каб арганізм не паспяваў адаптавацца да новага месца і такім чынам адчуваў яшчэ большы стрэс, мяркуе валанцёр.
Яшчэ большы дыскамфорт прыносілі дадатковыя паверкі. Апроч звычайных ранішняй і вячэрняй, калі ўсіх выводзілі ў калідор, каб праверыць саміх вязняў і камеры, былі яшчэ дзве: раніцай і пасля абеду. Вязняў зноў выводзілі ў кайданках, аглядалі камеру, і заводзілі назад. Апроч таго двойчы будзілі ноччу: а 12-ай і а 3-яй гадзіне ночы трэба было падыходзіць да дзвярэй і называць сваё прозвішча. А яшчэ ледзьве не кожныя 10 хвілін ахоўнікі шчоўкалі дзвярным «вочкам», зазіраючы ў камеру — гэта жудасна раздражняла.
— Каб мозг працаваў, трэба нешта рабіць. Таму я спяваў песні ўголас, — дзеліцца «лайфхакам» Ілля.
Адвакат і маці Іллі Міронава напісалі заяву ў пракуратуру з нагоды ўмоваў у ізалятары. За некалькі дзён да вызвалення да Іллі нават прыходзіў супрацоўнік ведамства, запытваўся, на што ён скардзіцца, але ніякіх зменаў пасля візіту не адбылося.

Ілля Міронаў 11 верасня пасля вызвалення. Фота са старонкі Іллі Міронава ў фэйсбуку.

Ілля Міронаў 11 верасня пасля вызвалення. Фота са старонкі Іллі Міронава ў фэйсбуку.

«Мяне нібы агаломшылі»

— Я не ведаю, як жыць далей, — прызнаецца актывіст. — Я працягваю пісаць лісты і хадзіць на суды. Канешне, мяне наведваюць думкі, што, магчыма, варта на нейкі час выехаць у бяспечнае месца. Але я пакуль не прыйшоў у сябе, і я тут. Мяне нібы чымсьці агаломшылі, і я сяджу ў нейкай прастрацыі.
І ўсё ж Ілля не перастае паўтараць: дзейнасць, накіраваная на падтрымку іншых, падтрымлівае і яго самога. Калі ён атрымлівае чарговы ліст з-за кратаў, напаўняецца энергіяй і сіламі дзейнічаць далей.

Ілля Міронаў 13 верасня ў Рэчыцы з Людмілай Хлусевіч, асуджанай на 1,5 года «хатняй хіміі» за каментар. Фота са старонкі Іллі Міронава ў фэйсбуку.

Ілля Міронаў 13 верасня ў Рэчыцы з Людмілай Хлусевіч, асуджанай на 1,5 года «хатняй хіміі» за каментар. Фота са старонкі Іллі Міронава ў фэйсбуку.


Разважаючы пра змены, якія адбыліся ў Беларусі цягам апошняга года, Ілля зазначае, што грамадская салідарнасць нікуды не знікла. Так, многія вымушаныя былі з’ехаць за мяжу. Так, судовыя пасяджэнні па «палітычных» справах сталі рабіць закрытымі. Але людзі як прыходзілі падтрымаць вязняў у суды, так і прыходзяць. А яшчэ беларусы сталі пісаць больш лістоў салідарнасці.
— Фактычна, адзінае, што ў нас засталося, — гэта слова, ад лістоў вельмі вялікая падтрымка. Дзякуй усім, хто іх піша, абавязкова працягвайце гэта рабіць, — падсумоўвае валанцёр.
Ілля Міронаў дзякуе ўсім за падтрымку, зычыць не губляць аптымізму і верыць, што ўсё ў нас абавязкова будзе.