«Я адчуваю сябе тут спакайней, бо я датычная да працэсу трансфармацыі беларусаў»

Гомельская мастачка Марыся Тульжанкова адвучылася ў прэстыжнай Акадэміі мастацтваў (Уроцлаў, Польшча), аднак вярнулася ў Беларусь. Дзяўчына па вяртанні трапіла ў эпіцэнтр падзей, заспела масавыя маршы пратэсту. Яе арыштоўвалі, у яе дома праводзілі ператрус і ў дачыненні да яе спрабавалі ляпіць крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў.

Марыся Тульжанкова, фота з асабістага архіву гераіні

Марыся Тульжанкова, фота з асабістага архіву гераіні


У інтэрв’ю “Штодню” Марыся распавядае пра тое, чаму не змагла застацца за мяжой, а таксама пра тое, як яна пераадольвае стрэсы ад навін пра беларускую рэчаіснасць. 

Пра тое, чаму не змагла заставацца за мяжой


Можа, камусьці было б спакойней за мяжой сядзець, а мне — наадварот. Я адчуваю, што ў Беларусі адбываюцца гістарычныя падзеі. Для чалавека, які прысвяціў вялікую частку жыцця развіццю грамадства, беларускай культуры, грамадзянскай супольнасці, быць у баку — гэта проста “злачынства”. Як бы парадаксальна гэта ні выглядала, калі ты знаходзішся ў далечыні ад падзей, то псіхалагічна адчуваеш сябе значна горш, чым у сярэдзіне. У эпіцэнтры ёсць нейкая надзея, бо ты бачыш знутры, як змяняюцца самі людзі.
За мяжой ты пазбаўлены магчымасці бачыць у дробязях і дэталях сітуацыю. Бачнае толькі агульнае, што даносяць СМІ, якія акцэнтуюць увагу на крайніх і часта негатыўных момантах. І гэта цяжка пераносіцца ўражлівай псіхікай. Нягледзячы на тое, што рэпрэсіўная машына набірае абароты, я адчуваю сябе тут спакайней, бо я датычная да працэсу трансфармацыі беларусаў, я маю магчымасць камунікацыі з беларускай супольнасцю і назіраю знутры змяненні сістэмы і краіны ў цэлым.

Марыся на адной з акцый пратэсту ў Гомелі

Марыся на адной з акцый пратэсту ў Гомелі



Пра салідарнасць


Лісты салідарнасці за краты — бадай адзіны сродак камунікацыі са знешнім светам, адзіная з нешматлікіх радасцяў і магчымасць адчуць, што ты не адзін ў бядзе. Аднак я схіляюся да думкі, што ў апошнія месяцы палітвязняў пачалі пазбаўляць гэтага права, мяркуючы па тым, як рэдка прыходзяць адказы з турмаў. Асабліва хачу адзначыць падтрымку з боку гомельскіх валанцёраў. Перадачкі за краты з людскай ежай і вітамінамі ратуюць здароў'е . Турэмную ежу немагчыма і нават шкодна есці, яна не адпавядае санітарным нормам і патрабаванням, наносіць шкоду здароўю. У маёй сітуацыі мяне моцна падтрымлівала маці, але сямейныя становішчы бываюць розныя і тое, што робяць валанцёры — гэта, каштоўны і варты павагі ўчынак. Нягледзячы на рэпрэсіі яны працягваюць дапамагаць беларусам ў бядзе.

Падчас навучання ў Польшчы, фота з асабістага архіву гераіні

Падчас навучання ў Польшчы, фота з асабістага архіву гераіні

 Пасля выхаду на волю вельмі дапамагала ўвага з боку сяброў, прэсы, знаёмых. Увага стварала эфект амаль “кіношнага гераізму” і мне гэта давала сілы, каб пераадолець складаную сітуацыю з траўматычным вопытам, а таксама некаторы час не давала мне замкнуцца ў сабе. Дапамога з боку сяброў і валанцёраў перакуліла маё датыхчасовае ўспрыманне свету. Я ўбачыла, што магу разлічваць на дапамогу людзей і яны ахвотна адгукаюцца. Гэта той парадаксальны выпадак, калі праблема адчыняе для цябе сусвет з лепшага боку. Што датычыць маёй сітуацыі, я дастаткова доўга знаходзілася ў цяжкім псіхалагічным стане. Доўгі час мяне працягвалі пераследваць, ціснуць на блізкіх, крымілалку не скасавалі і на фоне агульна дэпрэсіўнай грамадска-палітычнай сітуацыі я нон-стоп працягвала жыць у стане трывожнасці і стрэсу.
 

Стратэгіі пераадолення стрэсаў ад “пякельных” навінаў


Навіны цяпер сапраўды больш кепскія, чым абнадзейваючыя. Калі пагружаюся ў негатыў, праглядаю тыя ж самыя навіны, але ў іншым пазітыўным фармаце. Мне падабаецца індывідуальны стыль некаторых ютуб-блогераў: Дануты Хлусні на канале БабаКлава, падача інфармацыі ад Максіма Каца, канала “Маланка”. Гэта тыя ж рэаліі Беларусі але ў пазітыўным рэчышчы. У кожнай сітуацыі ёсць не толькі негатыўныя, але і пазітыўныя аспекты. Негатыўныя эмоцыі па натуры больш трывалыя, але варта асэнсавана падыходзіць да ўспрыняцця інфармацыі і старацца заўважаць пазітыўны бок.

Марыся падчас аднаго з судоў за ўдзел у акцыях пратэсту

Марыся падчас аднаго з судоў за ўдзел у акцыях пратэсту


Мы ўсе знаходзімся зараз ў цяжкім эмацыйна-псіхалагічным стане, і нават не ўсведамляем глыбіні праблемы. Хто б мог падумаць раней, што мы такія уражлівыя... Нам здаецца перспектыва безвыходнай, але мы забываемся, што насамрэч — гэта наша суб'ектыўнае ўспрыманне, выкліканае нашымі ж ўнутранымі перажываннямі. Жыццё няпростае, вядома, але было б някепска навесці парадак унутры сябе, калі не можна звонку прывесці ўсё да ладу. Глядзіш, і сітуацыя тады прадставіцца ў больш яркіх барвах. Таму, аглядаючыся назад, на свой вопыт, я б раіла часцей звяртацца па псіхалагічную дапамогу. Прафесійная дапамога — менш таксічная, чым шчырыя размовы з сябрамі на кухні.
З эфектыўных практык пераадолення стрэсаў магу раіць медытацыі і рэлаксацыі — для тых, хто практыкуе такія метады. Яны, на жаль, не прыносяць хуткіх вынікаў і разлічаныя больш на эфект, адкладзены ў часе, але працуюць. Мае практыкі ў большасці накіраваныя на ўсталяванне даверу з сусветам. Можна у сеціве знайсці мноства падобных рэчаў. Калі ты адчуваеш сябе бездапаможным і сітуацыя здаецца цалкам непрадказальнай, варта проста даверыць сябе таму, што мае большы уплыў на рэальнасць. Цяпер кепска, пазней будзе добра -- гэта непазбежны закон сусвету.
 Сяброўка неяк падзялілася добрай парадай, калі я скардзілася на свой “трывожны стан”. У апошнія паўгода абвастрылася паранойя, выходзячы з дому, я паглядала ў вакно і падоўгу вагалася перад дзвярыма з пакункам смецця ў руцэ, хаха. Даводзілася не жартам пераадольваць сябе, каб выйсці з хаты. Я ўсведамляла, што міліцыя, можа, і палюе на мяне раз альбо два разы на месяц (у залежнасці ад загадаў), і верагоднасць сустрэчы невялікая. Але трывожнасць прысутнічала пастаянна, я накручвала сябе усе 100% часу, апроч сну. І з гэтым трэба было нешта рабіць. Высілкам волі “адпусціць сітуацыю" не атрымлівалася. Выходзячы з дому, я сумнявалася, што вярнуся… Тое, што мы не можам кантраляваць, выклікае наймацнейшы стрэс і адчуванне бездапаможнасці. Вось тады я і пачула: “Не спраўляешся з сітуацыяй? Тады проста павер у сілы, мацнейшыя за цябе, якія могуць табе дапамагчы: памалілася і пайшла..” Каб задаць станоўчы тон сітуацыі, варта верыць у сілы, якія нам спрыяюць і дапамагаюць. Гэта добрая практыка, каб зняць ціск са сваёй псіхікі. Увогуле назіраючы за падзеямі, якія адбываюцца з нашай нацыяй у апошнія месяцы, цяжка не паверыць у вышэйшыя сілы. Часам так цудадзейна складваюцца акалічнасці, што падаецца, беларусам дапамагае Бог. Я гэтага не выключаю (усміхаецца).