Як пазбавіцца рудыментаў савецкай эпохі?

У шматлікіх бацькоў школьнікаў скончылася нервовасць перад выпраўленнем дзяцей на навучанне. Зараз наступае пэўны час асэнсавання, што ж такога метафізічнага здарылася ў гэтыя дні.

1463849191362003.jpg

Я, напрыклад, са здзіўленнем даведаўся, што на некаторых першавераснёўскіх лінейках дзяцей прымалі ў піянеры. Я ўвогуле быў здзіўлены, што нехта і цяпер туды імкнецца. І яшчэ больш здзіўлены, што гэтая арганізацыя дагэтуль дзейнічае ў сярэдняй школе.

Я не супраць самой піянерыі. Ну, падабаецца людзям быць рудыментамі савецкай эпохі, то што ж паробіш? Іх жа не пераканаеш, што «піянер ужо не той», і што дэвіз: «Да барацьбы за справу Камуністычнай партыі Савецкага Саюза будзь гатовы!» зараз можа цешыць вуха хіба што аднаго вядомага міністра. Не існуе ўжо ані той партыі, ані Саюза.

Праўда, зараз піянеры не кажуць пра Кампартыю. Беларускія піянеры сёння кажуць: «Я, уступаючы ў шэрагі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, перад сваімі сябрамі ўрачыста абяцаю: любіць сваю Радзіму, быць добрым, сумленным і справядлівым, заўсёды прытрымлівацца Статута і традыцыяў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі!»

І вось гэта для мяне не вельмі зразумела. Радзіму можна любіць, можна не любіць. Быць добрым, сумленным і справядлівым можна і без усялякіх абяцанняў. Ужо не кажучы пра тое, што «дабрыня» і «справядлівасць» — паняцці, хутчэй, пачуццяў, чым асэнсаванага выбару, і як можна «абяцаць» пачуцці, для мяне загадка. Гэта, канешне ж, ужо з галіны філасофіі, але тым не менш…

Але больш за ўсё напружвае абяцанне прытрымлівацца «традыцый Беларускай піянерскай арганізацыі». Калі глядзець з боку гісторыі, якія гэта могуць быць традыцыі? Павал Карчагін? Марат Казей? Паўлік Марозаў?

Цікава, што ўрачысты прыём дзетак у піянеры ў маім выпадку прайшоў за два дні да сумнага юбілею — ста гадоў пачатку «чырвонага тэрору». Той самай бескампраміснай барацьбы за справу Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, у выніку якой мільёны бязвінных людзей былі забітыя, закатаваныя, змораныя голадам, высланыя са сваіх месцаў жыхарства і згноеныя ў лагерах. Ці патлумачаць новым піянерам, нашчадкамі якой сістэмы яны з’яўляюцца, якіх «традыцый» іх просяць прытрымлівацца? Што Аліса Селязнёва — гэта прыгожая казка, а насамрэч піянерыя была часткай ідэалагічнага замбавання моладзі СССР?

Гэта як з Феліксам Эдмундавічам Дзяржынскім. У мае піянерскія часы існавала прыгожая легенда пра тое, як «Жалезны Фелікс» у вольны ад асноўнай працы час ратаваў беспрытульнікаў па розных падваротнях. І толькі ўжо будучы дарослым у мяне ўзнікла пытанне: а адкуль узяліся гэтыя мільёны беспрытульных, якімі апекаваліся Фелікс Эдмундавіч і геній савецкай педагогікі Макаранка? Вайна, голад, холад? Альбо «Жалезны Фелікс» адной рукой выдаваў загады пачкамі расстрэльваць «антысавецкіх элементаў», рабаваць іх маёмасць, а другой рукой — ратаваў дзяцей, якія сталі беспрытульнымі і сіротамі па яго ж загадзе?

Увогуле, гэта цікавая тэма для даследчыкаў: куды падзеліся дзеці рэпрэсаваных «ворагаў народа»? Куды іх высылалі, у якія ўстановы? Ці сталі яны піянерамі?

У нас зараз увогуле шмат, а перад 1-м верасня асабліва, кажуць пра «патрыятычнае выхаванне». Можа быць, сучасная піянерыя таксама «заточаная» і на гэтае выхаванне? Але зноў жа ў мяне ўзнікае пытанне, патрыётаў якой краіны будзе выхоўваць моладзевая арганізацыя.

Праз пяць дзён пасля прыняцця дзяцей у піянеры настала яшчэ адна знакавая дата беларускай гісторыі: 8 верасня, самаабвешчаны Дзень беларускай вайсковай славы, дзень, калі 504 гады таму беларускія ваяводы выявілі бліскучае тактычнае і стратэгічнае мысленне, перамогшы значна пераўзыходзячыя сілы праціўніка.

Але што мы прачытаем пра гэту перамогу ў сучасным падручніку гісторыі для 7-га класа? Фактычна, ёй прысвечаны адзін абзац, у якім напісана, што яна належыць да ста самых значных бітваў еўрапейскай гісторыі, што ў ёй удзельнічалі «з абодвух бакоў дзясяткі тысяч чалавек» і што гэта была самая буйная перамога ВКЛ у бітве з Рускай дзяржавай, але яна «не прынесла перамогі ў вайне, якая доўжылася яшчэ восем гадоў». Усё.

Для параўнання: Грунвальдскай бітве ў падручніку для 6-га класа аддадзена 10 старонак — з перадгісторыяй і вынікамі. Чым горшая Ворша? Можа быць, праціўнікам — не крыжакамі, а «братняю Руссю»?

Падаецца, ніякая грамадская арганізацыя не здолее выправіць хібы непатрыятычнага выкладання гісторыі ў школе.

Канешне, я цалкам дапускаю, што сучасная піянерыя — ужо не тое, што было ў часы СССР. Але, каб выключыць незразумелыя пытанні, варта было б адмовіцца ад «традыцыі» піянерыць у школах. А тое незразумела, чаму ў піянеры на лінейках прымаюць, а ў скаўты — не.

І ўвогуле — лепш сумленна выкладаць гісторыю, чым залагоджваць розныя «белыя плямы» ўдзелам дзяцей у не вельмі зразумелых ідэалагічных аб’яднаннях.