«Яны парушаюць свае ж законы». Баранавіцкага актывіста змясцілі ў ІЧУ, каб гвалтоўна дэпартаваць з Беларусі

Алега Малашчанку абавязалі выехаць 25 снежня, але ён падаў апеляцыю ў Брэсцкі абласны суд і чакаў яго рашэння.

Алег і Таццяна Малашчанка. Фота: сямейны архіў

Алег і Таццяна Малашчанка. Фота: сямейны архіў


Нагадаем, жыхара Баранавічаў, ваеннага пенсіянера Алега Малашчанку 25 лістапада запрасілі ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС, дзе ўручылі рашэнне аб яго высылцы з краіны з 25 снежня.


Мужчына адправіў 1 снежня апеляцыйную скаргу на рашэнне аддзела па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС у Брэсцкі абласны суд, але, паводле яго слоў, адказу так і не атрымаў. Таксама ён напісаў у Баранавіцкі ГАУС ліст аб тым, што ён не можа выканаць патрабаванні аддзела грамадзянства і міграцыі, пакуль не прыйдзе адказ на апеляцыю з Брэсцкага суда.
Аднак днём 29 снежня міліцыя затрымала Алега Малашчанку проста на працоўным месцы на авіязаводзе і адправіла ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён прабудзе да дэпартацыі. Пра гэта Intex-press распавяла яго жонка Таццяна.
— Сёння да абеду ўсё было ціха і спакойна. Пасля абеду муж патэлефанаваў і сказаў, што яго выклікалі ў аддзел кадраў, дзе сказалі апрануцца і рыхтавацца да таго, што за ім прыедуць, — паведаміла Таццяна Малашчанка. — А крыху пазней мне патэлефанавалі з ІЧУ і сказалі, каб я сабрала ягоныя дакументы і рэчы і прывезла ў ІЧУ, бо заўтра, 30 снежня, Алега гвалтоўна дэпартуюць з Беларусі ў Расею. Цяпер я спрабую звязацца з адвакатамі і пракансультавацца з гэтай нагоды. Я спадзяюся, нам дадуць з ім убачыцца, таму што дзеці ў шоку, я таксама. Я лічу, яго высылка незаконная, пакуль мы не атрымаем адказ з Брэста. Я не ведаю, што яны сабе думаюць. Таму што цяпер яны парушаюць свае ж законы.
Алег Малашчанка — ураджэнец Баранавічаў. З сям'ёй ён жыве тут з 2004 года. У яго двое непаўналетніх дзяцей, жонка і 85-гадовая маці. Мужчына — былы афіцэр, заканчваў ваенную службу ў Расіі, таму аўтаматычна атрымаў расійскае грамадзянства. Пасля службы пераехаў на радзіму, некалькі гадоў быў уладальнікам крамы "Вадзянік", а пазней уладкаваўся працаваць на авіязавод.
Сям'я Малашчанкаў актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці горада. Муж і жонка дамагліся адкрыцця ў горадзе беларускамоўных класаў, удзельнічалі ў нацыянальных праектах і папулярызацыі беларускай культуры, неаднаразова былі назіральнікамі на выбарах.
На думку жонкі Алега, Таццяны Малашчанка, мужа хочуць выслаць з краіны з-за таго, што ўлады лічаць мужчыну адным з завадатараў пратэстаў у ААТ «558 авіяцыйны рамонтны завод», якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў.