Яроменак — на волі, Парфянкова — шукаюць

Пасля чарговага адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю былы палітзняволены Уладзімер Яроменак. Гэтым разам актывіст адбываў пяцісуткавае пакаранне нібыта за парушэнне прэвентыўнага нагляду. Ля турэмнай брамы мінскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў яго сустракалі жонка, сябры, аднадумцы.  



87459242_7074_4e96_9dc2_9c477fad75ad_w640_r1_s.jpg

Уладзімер Яроменак

16 верасня Яроменка і іншага экс-палітзняволенага Васіля Парфянкова завочна асудзілі па аднолькавым артыкуле — парушэнне прэвентыўнага нагляду. Аднак за суткі да вызвалення Парфянкова з турмы на Акрэсціна забраў участковы міліцыянт. Дагэтуль не вядома, дзе Парфянкоў знаходзіцца зараз, але ёсць звесткі, што ён прымусова вывезены ў лекава-працоўны прафілакторый.

Як нагадваюць праваабаронцы, на Яроменка і Парфянкова была заведзеныя крымінальныя справы за парушэнне прэвентыўнага нагляду. Яроменак быў асуджаны да 3 месяцаў арышту і мусіў пачаць адбываць пакаранне пасля разгляду касацыйнай скаргі. Справу Парфянкова суд так і не разгледзеў, але праваабаронцы не выключаюць, што замест паўгода арышту яго вырашана пратрымаць год у «прафілякторыі».

Яроменак і Парфянкоў былі фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 году. Яроменак быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Парфянкоў — на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. У жніўні 2011-га абодва былі вызваленыя на падставе прэзідэнцкага ўказу аб памілаванні.

 

www.svaboda.org