Яшчэ адна польская арганізацыя ліквідавана ў Беларусі

У Беларусі ліквідавана культурна-асветніцкае аб'яднанне палякаў Беларусі «Poloniczka». Пра гэта хадайнічалі ўлады Мінска. Рашэнне прыняў Мінскі гарадскі суд, паведамляе «Польскае радыё».

download_239.jpeg

Польскую арганізацыю абвінавацілі ў дзейнасці, якая супярэчыць статуту, і распаўсюджванні супрацоўнікамі інфармацыі, якая дыскрэдытуе Беларусь. Старшыня аб'яднання «Poloniczka» Святлана Замоціна заявіла, што чакала такога рашэння суда. Аднак, на яе думку, арганізацыя заўсёды дзейнічала ў адпаведнасці з законам: «Я не ведаю, дзе я магла парушыць законы Рэспублікі Беларусь. Мы дзейнічалі ў адпаведнасці з пунктамі, выкладзенымі ў нашым статуце».
Святлана Замоціна дадала, што ў яе ёсць два тыдні на тое, каб абскардзіць рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі. Аднак наўрад ці гэта адбудзецца. Яна асцерагаецца, што становішча членаў аб'яднання «Poloniczka» ад гэтага толькі пагоршыцца.
Раней у Беларусі закрылі польскую культурна-асветніцкую ўстанову «Kresy» і грамадскую польскую школу ў Брэсце.
Лідары «Саюза палякаў Беларусі» Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут знаходзяцца за кратамі больш за чатыры месяцы.